Навіны жахлівыя і радасныя

Інфлянцкая вайна на Полаччыне ў выявах сучасных нямецкіх газет (лятучых лісткоў) XVI ст.

Сярод розных тыпаў крыніц па гісторыі Беларусі адзін пакуль абдзелены ўвагай айчынных даследчыкаў, хаця ён даўно ўжо плённа выкарыстоўваецца гісторыкамі многіх еўрапейскіх краін. Гэта тым больш крыўдна, што крыніцы такога тыпу часам змяшчаюць надзвычай цікавы графічны матэрыял, які дае магчымасць пад зусім нечаканым углом ўбачыць добра вядомыя падзеі нашай гісторыі. Гутарка ідзе пра першыя друкаваныя газеты XVI ст., перш за ўсё нямецкія.

Першыя рукапісныя лісткі з апошнімі навінамі — паведамленнямі пра важнейшыя бітвы і аблогі, стыхійныя бедствы і надзвычайныя прыродныя з’явы, пра першыя геаграфічныя адкрыцці і рознага кшталту кур’ёзы пачалі цыркуляваць у Еўропе яшчэ з сярэдзіны XV ст. З цягам часу, па меры рэзкага павялічэння колькасці адукаваных людзей і адпаведным ростам попыту на такія аператыўныя навіны іх пачынаюць распаўсюджваць у друкаваным выглядзе. Першае вядомае друкаванае выданне такога тыпу ўжо носіць назву Zeitung (ў будучыні менавіта гэтае слова, якое пачаткова азначала “звестка” ці “паведамленне” і замацуецца ў нямецкай мове для абазначэння любых газет), датуецца 1502 г. і прысвечана адбіццю венецыянцамі ў асаманаў вострава Лесбас у Эгейскім моры (1500 г.) Тэматыка гэтага першага газетнага паведамлення (Newe Zeitung von Orient und Auffgаnge), здаецца, зусім невыпадкова звязаная з барацьбой супраць турэцкай навалы. І надалей паведамленням з усходу, ад якіх залежала само выжыванне еўрапейскай цывілізацыі, ў газетах XVI ст. будзе ўдзяляцца ці не асноўная ўвага. З 1526 г. у Венецыі на славутым мосце Рыальта заўжды можна было купіць апошні выпуск апошніх навін з асманскага фронта — зусім танна, за самую дробную тутэйшую манетку, якая называлася gazzetta. Пазней гэтае слова будзе запазычанае з італьянскае многімі іншымі мовамі. Немцы ж, апроч звыклага сёння zeitung, доўгі час паралельна ўжывалі тэрміны contrafactur (для вершаваных газет) i асабліва часта flugblatt — “лятучы лісток”. Апошні тэрмін лепш за ўсё перадае сутнасць першых газет, якія паводле сённяшняй тэрміналогіі мы назвалі б рачэй улёткамі ці плакатамі. З пачатку XVІІ ст. узнікаюць і першыя перыядычныя газеты, а іх змест і знешні выгляд паступова набліжаюцца да сённяшніх. Ужо на пачатку XVI ст. у Венецыі з’яўляюцца прафесіяналы газетнай справы, якія добра ўяўляюць, якія навіны перш за ўсё зацікавяць чытачоў і як трэба іх падаваць, каб задаволіць масавы густ.

Паступова да асманаў у паведамленнях еўрапейскіх газет далучаецца яшчэ адзін грозны ўсходні вораг — Маскоўская дзяржава. Канешне, палітыка асноўных еўрапейскіх дзяржаў далёка не заўжды вылучалася паслядоўнасцю, часта яны былі схільныя да саюзу з усходнімі дэспатыямі дзеля вырашэння сваіх эгаістычных мэтаў (французскія каралі і пратэстанцкія князі Германіі разглядалі асманаў як натуральнага саюзніка супраць Габсбургаў, а тыя, ў сваю чаргу, не бачылі нічога злачыннага ў саюзе з Масквой супраць Літвы і Польшчы), але ўсё ж выражаная ў газетах грамадская думка пераважна ўспрымала ўсю Еўропу як адзінае гістарычнае і культурнае цэлае, і ў большасці газетных публікацый гэтая салідарнасць адчуваецца досыць выразна. Ўжо ў 1514 выдадзеная ў Нюрнбергу газета “Бітва караля Польшчы з Маскавітамі” (Die Schlacht von dem Koenig von Polen mit den Moskowiter) апавядала нямецкаму чытачу пра Аршанскую перамогу і дзеля лепшай нагляднасці змяшчала ўяўную баталістычную сцэну, якая нібыта перадавала падзеі 8 верасня.

Асабліва шмат звестак, якія датычаць айчыннай гісторыі, сустракаецца ў газетах часоў Лівонскай, ці інакш Інфлянцкай, вайны (1558—1582). Канешне, немцаў перш за ўсё абыходзілі навіны з самой Лівоніі, дзе жылі іх суайчыннікі, а ў кагось і сваякі, і якім пагражала смяротная небяспека ад маскоўскіх захопнікаў. Са старонак многіх “лятучых лісткоў” паўстаюць проста жудасныя карціны здзекаў маскоўскіх войск над рознамоўным насельніцтвам Лівоніі. Так, на адной з іх “государевы ратники” забаўляюцца стральбой з лука па павешаных на дрэвах няшчасных аголеных жанчынах. Хапае і іншых падрабязнасцей, ад якіх стыне ў жылах кроў. Але і падзеі ў беларускім Падзвінні прадстаўленыя на старонках тагачасных газет даволі падрабязна.

Вясной 1563 г. уся Еўропа ўздрыганулася ад нечаканых жахлівых звестак з усходу: пасля двух тыдняў аблогі войскам цара Івана IV Жахлівага 15 лютага капітуляваў слаўны горад Полацк у далёкай Літве, радзіма Усяслава, Еўфрасінні і Скарыны. Мала хто, канешне, ведаў у Еўропе тыя імёны, хто-ніхто нават блытаў Полацк з Псковам (“ain Festunge Polotzki oder Pleski genannt...”), які далучыў да сваёй дзяржавы яшчэ бацька Івана Жахлівага Васіль больш за паўвека таму, хаця па гандлёвых справах у буйнейшым горадзе Беларусі бывалі многія. Адно было пэўным: важны фарпост еўрапейскай цывілізацыі недзе на мяжы азіяцкай Сарматыі страчаны, і магчыма, назаўжды. Ці не пачалося ўжо нашэсце Гога і Магога, прадказанае біблейскімі прарокамі? Жорсткасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з безабароннымі ўжо людзьмі, дзесяткі тысяч забітых, знявечаных, закатаваных, угнаных як быдла ў палон, уражвалі і людзей таго суровага часу, увогуле звыклага да гвалту. З вуснаў у вусны перадаваліся чуткі, абрастаючы ўсё новымі сапраўднымі і фантастычнымі падрабязнасцямі. Па-нямецку, на лаціне, па-чэшску, па-французску выдаваліся “лятучыя лісткі”, якія спяшаліся паведаміць цікаўным еўрапейцам усе дэталі найвялікшай сэнсацыі таго году. Некаторыя выдаўцы змяшчалі побач з тэкстам партрэты маскоўскага тырана, часта ў выглядзе турка, а гравюра на тытульным аркушы лятучага лістка “Праўдзівыя і жахлівыя звесткі пра лютага ворага Маскавіта” (Warrhafftige und erschreckliche Zeitung von dem grausamen Feind dem Moskowiter), выдадзенага ў тым жа 1563 г. у Аўгсбургу, нават прадстаўляла заходняму чытачу выяву штурма горада маскоўскім войскам 1.

Праўда, гэтая выява нагадвае рачэй падзеі нядаўняй Шмалькальдэнскай вайны ў Германіі паміж пратэстантамі і каталікамі, чым сапраўдную трагедыю, якая напаткала Падзвінне ў лютым 1563 г. Хутчэй за ўсё, нямецкі мастак намаляваў уяўны Полацк такім, якім, на яго думку, мусіў выглядаць еўрапейскі горад увогуле — з мураванымі зубчастымі сценамі, вежамі, гатычнымі цэрквамі і камяніцамі, зусім як яго родны Аўгсбург, Прага або Вроцлаў. На яве калыска беларускай дзяржаўнасці выглядала зусім інакш. І сцены былі драўляныя, і ўвогуле архітэктура была значна больш сціплай, чым на Захадзе. Цяжка ўявіць і тагачаснае маскоўскае войска спрэс у латах еўрапейскага ўзору. Але і такі ўяўны відарыс, хаця мала чым дапамагае ў аднаўленні тагачасных рэалій Беларусі, усё ж адзіны (наколькі вядома) графічна адлюстроўвае ўспрыняцце захопа Полацка ў свядомасці сучаснікаў і ўжо таму з’яўляецца вельмі каштоўным ілюстратыўным матэрыялам, які так і просіцца ў школьныя падручнікі, на маркі і паштоўкі.

Мінула 16 гадоў. І Літва, і ўся Еўропа, здавалася, прымірыліся са стратай аднаго з важнейшых сваіх гарадоў. Але новы польскі кароль Стэфан Баторый быў на гэты конт зусім іншага меркавання. Энэргічна ўзяўшыся за справу, 11 жніўня 1579 г. ён асадзіў старажытны Полацк з 40-тысячным войскам, і пераадолеўшы ўпартае супраціўленне маскоўскай залогі, 30 жніўня прымаў капітуляцыю. Апроч добра вядомых крыніц (у першую чаргу апісання Р. Гейдэнштэйна), ход тых слаўных падзей і далейшых ваенных дзеянняў да 4 верасня ўключна дапамагае ўзнавіць нюрнбергскі лятучы лісток 1579 г. Гэтае вершаванае паведамленне з-над Дзвіны называецца “Warhaffte Contrafactur vnd gewise Zeitung, welcher massen die Koenigliche Wirden in Poln die Stat vnnd dass Schloss Polotzko in Littawen gelegen sampt andern Heusern die der Moscowiter vor der zeyt der Kron vnbillich abgedrungen widerumben belegert vnnd eigenommen” — “Праўдзівае і пэўнае паведамленне пра тое, якім чынам яго міласць кароль польскі ізноў аблажыў і заняў горад і замак Полацк разам з іншымі дамамі, які падступна дастаўся Маскавітам да ягонага царавання”. Асаблівую каштоўнасць уяўляе расфарбаваная гравюра з гэтага лістка, пададзеная на апошняй старонцы вокладкі.

Аўтар гравюры паспрабаваў злучыць на адной выяве ўсе асноўныя падзеі, якія адбыліся паміж 11 і 31 жніўня, што надае ёй крыху ўмоўны характар. Але ў цэлым яна вельмі праўдзіва перадае і характар мясцовасці, і размяшчэнне галоўных аддзелаў польска-літоўска-венгерска-нямецкага войска і не пярэчыць ані гравюры С. Пахалавецкага, ані пісьмовым крыніцам. З левага боку арыентаванай на ўсход гравюры, ў сутоках Дзвіны і Палаты, ляжыць Полацк. (Каб перадаць напрамак цячэння Дзвіны, гравёр падае яе назву як AN(I)VHTTHV(I)NA). Бачна, як на шырокай плошчы за гарадскімі сценамі маскоўскія “заплечных дел мастера” яшчэ катуюць палонных, але па драўляным мастку цераз Палату ўжо бяжыць наша пяхота, а з гарадской брамы выязджае частка маскоўскай залогі, каб здацца на літасць пераможцы. Насустрач з каралеўскага лагера (K. Leger) для прыняцця капітуляцыі едзе сам Баторый. З усходу цяжкая асадная артылерыя вядзе абстрэл замка (паказаныя нават трасы палёта ядраў), а побач на ўзгорку стаіць атрад нямецкіх мушкецёраў (Devtsch knecht). З поўначы ўздоўж правага берага Палаты наступае польская пяхота (Polnisch fvsfolck), за ёй конныя венгры (Vngern) і літвіны (Littaven), ўсе з разгорнутымі сцягамі. Яшчэ адзін аддзел літоўскай конніцы бачны на левым флангу злучанага войска (на ніжнім правым рагу гравюры). На левым верхнім рагу прадстаўлены артабстрэл Запалоцкага пасада (фактычна з яго і пачалася аблога).

На думку польскага даследыка Піражыньскага, які зусім нядаўна знайшоў гэты лятучы лісток ў фондзе Wickiana цюрыхскай Цэнтральнай бібліятэкі (Zentralbibliothek Zuerich, Graphische Sammlung) і ўпершыню апублікаваў прыведзеную выяву (у чорна-белым варыянце) 2, яе аўтарам мог быць прыдворны картограф, геаметр і гравёр Стэфана Баторыя, Петр Франк (Peter Franck). 19.09.1579 ён атрымаў ад караля эксклюзіўны прывілей на гравіраванне, друкаванне і распаўсюджванне планаў Полацка і замка Сокал, а таксама любых карт, якія б прадстаўлялі вызваленчую кампанію 1579 г. Але пакуль канчаткова не высветлена, ці ён толькі апрацоўваў замалёўкі з натуры, зробленыя іншымі каралеўскімі картографамі (у першую чаргу С. Пахалавецкім), ці сам быў аўтарам некаторых з іх. Ужо ў канцы верасня 1579 г. карта Полацкага ваяводства Пахалавецкага і планы аблогі Полацка, а таксама замкаў Казьяны, Красны, Сокал, Сітна, Туроўля і Суша трапілі ў Рым, дзе былі выдадзеныя ў друкарні Джамбатысты Кавальеры. Амаль адначасова ў Нюрнбергу ў друкарні Георга Мака (Georg Mack) убачыў святло і згаданы лятучы лісток. Цяжка сказаць, чаму гэтая выява не была так пашыраная, як іншыя, традыцыйна прыпісваемые Пахалавецкаму, добра вядомыя і апублікаваныя ў дзесятках выданняў і фактычна вяртаецца з нябыту толькі зараз.

Неабходна сказаць некалькі слоў пра цюрыхскую Wickiana . Значэнне гэтай калекцыі рознага кшталту еўрапейскіх навін за 1560—1587 гг. — рукапісных і друкаваных газет, асабістай і афіцыйнай карэспандэнцыі, якую на працягу добрай паловы жыцця збіраў цюрыхскі бюргер Ян Якуб Вік (Johann Jakob Wick, 1522—1588), цяжка перацаніць. 25 вялізарных тамоў фарматаў folio і quarto — гэта сапраўдная скарбонка еўрапейскай гісторыі, ў тым ліку і беларускай. Сын вельмі бедных бацькоў, сціплы архідыякан цюрыхскага кафедральнага сабора Grossmunster , Вік дзесяцігоддзямі з тыпова нямецкім педантызмам збіраў усю магчымую інфармацыю, якая рознымі шляхамі трапляла ў яго родны горад, цэнтр адной з галоўных плыняў Рэфармацыі — цвінгліянства, якое пазней злучылася з кальвінізмам у адзіную канфесію. Часта тут на студыях бывалі і адзінаверцы з ВКЛ, такія як Ян Кішка ці Ян Ласіцкі, а з непасрэдным начальнікам і блізкім сябрам Віка, Генрыхам Булінгерам (1504—1575) ліставаўся сам Сымон Будны. У фондзе захоўваецца шмат іншага надзвычай цікавага графічнага матэрыяла, які непасрэдна датычыць гісторыі Беларусі і які мяркуецца апублікаваць у бліжэйшы час.

1 Публ.: Andreas Kappeler. Die deutschen Flugschriften uber die Moskowiter und Iwan den Schrecklichen im Rahmen der Russlandliteratur des 16. Jahrhunderts // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9. — 17. Jahrhundert. Hrsg. von Mechthild Keller. Munchen, Wilhelm Fink Verlag, 1988. SS. 162—163. Апісанні гл. таксама: Zawadzki K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczace XVI—XVIII ww. Bibliografia. T. 1. Wroclaw, 1977. № 62, с. 15; Pirozynski J. Z dziejow obiegu informacji w Europie XVI w. // Zeszyty naukowe Uniwersitetu Jagiellonskiego. MCLIV. Prace Historyczne. Zeszyt 115. Krakow, 1995. s. 275. Даследчыкі разыходзяцца, была гэтая газета надрукаваная ў “афіцыне” Матэўса Франка (Matthaeus Franck) ці Валянціна Отмара (Valentin Otmar).

2 Pirozynski J. Op. cit. ss. 228, 295.

3 Амаль ніякіх падрабязнасцей біяграфіі Пятра Франка не захавалася. Вядома толькі, што ў 1582 г. у знак прызнання сваіх заслуг ён быў набілітаваны (атрымаў шляхецкую годнасць) Гл. Olszewicz B. Frankus Piotr // Polski Slownik Biograficzny. T. 7. Krakow, 1958. ss. 97—98.

Алесь Белы

Аўтар выражае шчырую ўдзячнасць д-ру Моніцы Банькоўскай з цюрыхскай Zentralbibliothek за неацэнную дапамогу ў набыцці матэрыялаў фонда "Wickiana".