Загадкавы медзярыт
Шырока размешчаны на вялікай прасторы ўздоўж ракі Свіслач па абодвух яе берагах, красуецца ён старым замкам, які ўжо страціў сваё абарончае значэнне, але яшчэ годна ўзносіць галаву над драўляным, не густа забудаваным местам, у цэнтры ягога дзе-нідзе бялеюць муры камяніцаў. Некалькі грэчаскіх цэркваў прыгожа ўздымаюць да неба зялёныя купалы сваіх вежаў і абуджаюць наваколле магутнымі званамі. Крыху далей страляюць увысь гатычныя вежы каталіцкага касцёла. У адным баку муруюць, у другім абчэсваюць драўляныя сцены новых святыняў і кляштараў…
Уладзіслаў Сыракомля. Менск.
Воляй лёсу Менску не вельмі пашанцавала на захоўнасць іканаграфічных матэрыялаў XV
—XVIII ст.ст., і таму ўявіць сабе, як выглядаў горад за часы ВКЛ, можна толькі на падставе пісьмовых сведчанняў, таксама параўнаўча нешматлікіх. Цяжка сказаць, чаму цэнтр найбуйнейшага ў ВКЛ ваяводства, адзін з трох трыбунальскіх гарадоў, размешчаны на адным з галоўных шляхоў з Заходняй Еўропы ў далёкую Масковію, абмінала ўвага мастакоў, але да нядаўняга часу не было вядома ніводнай выявы Менска дарасійскага часу. Вынесеная ў эпіграф паэтычная рэканструкцыя Сыракомлям аблічча любімага гораду XVII ст., слушная тыпалагічна, мала што распавядае пра канкрэтныя дэталі. Толькі з далучэннем Менска да Расійскай імперыі з’яўляюцца планы (з канца XVIII ст.) і выявы асобных архітэктурных ансамбляў горада (з пачатку ХІХ ст.), якія дайшлі да нас. Дык што, сталіца Беларусі не можа пахваліцца ніводнай старажытнай гравюрай, якая б падкрэслівала даўнасць гарадскіх традыцый і служыла своеасаблівай візітоўкай горада, яшчэ адным, апроч ратушы і майдэборскага гербу, сімвалам яго вольнасці і дабрабыту ?Аказваецца, не зусім так. Параўнаўча нядаўна, у 1993 г., вядомая кракаўская даследчыца гісторыі картаграфіі Ядвіга Бзінкоўска апублікавала карту са збору Ягелонскай бібліятэкі
1, на палях якой пададзеныя панарамныя выявы чатырох гарадоў Рэчы Паспалітай, у тым ліку Менска. Ці не першаму на Беларусі гэтая публікацыя гады тры таму трапілася на вока Льву Казлову, ад якога аўтар гэтых радкоў і даведаўся пра яе існаванне і дзякуючы якому прамалёўка з не вельмі якаснай копіі гэтай выявы (на жаль, не зусім дакладная) трапіла ў друк (у кнізе А. Цітова “Геральдыка беларускіх местаў” 2). Але больш-менш якасную копію гэтага медзярыта нам удалося атрымаць толькі нядаўна ад самой сп. Бзінкоўскай, якой аўтар складае самую шчырую падзяку 3.Што ж ўяўляе з сябе знаходка сп. Бзінкоўскай? Гэта медзярытавая карта Рэчы Паспалітай
Neue Charte von Pohlen nach der vorgenommonen Theilung 1772, якая адлюстроўвае вынікі першага падзелу (1772 г.), выдадзеная неўзабаве пасля гэтай сумнай падзеі вядомым ляйпцыгскім картаграфічным выдавецтвам Schreibers Erben (“Спадкаемцы Шрайбера”). Гэтая фірма была заснаваная саксонскім гравёрам і картографам Янам Георгам Шрайберам (Johann Georg Schreiber, 1676—1750) і пасля яго смерці кіравалася удавой і дзецьмі. У публікацыі сп. Бзінкоўскай менавіта Ян Георг Шрайбер пазначаны як аўтар карты, хаця відавочна, што ў сярэдзіне 1770-х яго даўно ўжо не было на свеце. Рэч у тым, што карта сапраўды створаная на падставе яго прыжыццёвых карт Рэчы Паспалітай, і ў гэтым сэнсе стэрэатыпнае (хоць і з улікам апошніх змен у палітычнай геаграфіі Еўропы) выданне можа быць таксама прыпісанае яму. Аднак нас цікавіць не сама карта, а панарама старога Менска, змешчаная ў ніжнім левым вуглу 4. Невядома, чаму складальнікі карты выбралі менавіта гэтыя чатыры гарады — Варшаву, Менск, Львоў і Мальбарк, а, напрыклад, Вільня і Кракаў адсутнічаюць. Але што б ні было таму прычынай, такі выбар данёс да нас адзіную вядомую на гэты час выяву нашай сталіцы, якая паходзіць з дарасійскіх часоў.Знаёмства з панарамай ставіць пакуль больш пытанняў, чым дае адказаў на ніх. Па-першае, хто быў яе аўтарам і якім часам яе трэба датаваць? Выдаўцы карты неабавязкова скарысталіся сучаснай ім гравюрай, яна магла паходзіць і з больш ранніх часоў. Тады аўтарам мог быць і сам Шрайбер, вядомы дакладнымі панарамамі абарончых збудаванняў гарадоў сваёй радзімы, ў прыватнасці, Ляйпцыга. Калі дапусціць аўтэнтычнасць выявы, то аўтар мусіў бачыць Менск уласнымі вачыма. Ці мог Шрайбер бываць на Беларусі? Улічваючы, што ён быў саксонцам, як і памянёны ў нашай папярэдняй публікацыі ў “Спадчыне” Ян Георг Максымільян фон Фюрстэнхоф, і тую акалічнасць, што ягоная дзейнасць прыпала на час праўлення ў Рэчы Паспалітай каралей Саксонскай дынастыі — Аўгуста ІІ Моцнага і Аўгуста ІІІ, гэта нельга лічыць неверагодным. На жаль, мы не дыспануем аніякімі дакументамі, якія маглі
б пацвердзіць ці абвергнуць такую магчымасць. Не выключана, зрэшты, што арыгінал гравюры ўзыходзіць да яшчэ больш ранніх часоў, напрыклад, да XVII ст.Па-другое, ці з’яўляецца аўтэнтычнай сама выява? Гэтае пытанне паўстае перш за ўсё таму, што пакуль спецыялістамі не “апазнанае” месца, з якога невядомы мастак убачыў Менск і дакладна не вызначаная ніводная з архітэктурных дамінантаў. (Праўда, калі арыгінал гравюры ўзыходзіць да XVII — пачатку XVIIІ стст., разыходжанні тагачаснай панарамы горада з той, якую мы звыкла ўяўляем паводле графічных крыніц ХІХ—ХХ ст., цалкам тлумачальныя — калі ўлічыць наяўнасць вялікай колькасці драўляных будынкаў, якія часта гарэлі). У канцы XVIII ст., здаецца, ўжо адыйшла ў нябыт практыка, якой не грэбавалі выдаўцы мінулых стагоддзяў: пры адсутнасці сапраўднай выявы якога-кольвечы горада ці партрэта гістарычнай асобы яны маглі проста скарыстацца любой наяўнай гравёрнай дошкай, змяніўшы толькі подпіс да адпаведнай ілюстрацыі, ці замовіць мастаку твор хоць і арыгінальны, але пазбаўлены індывідуальных рысаў канкрэтных асобы ці мясцовасці. Так, у славутай аўгсбургскай інкунабуле 1497 г. “Сусветная хроніка” панарамы Троі, Равены і цэлае Англіі абсалютна ідэнтычныя, як і партрэты Гектара і Гіпакрата ці Галена і Авіцэны. Іншы прыклад — уяўны Полацк з аўгсбургскага лятучага лістка 1563 г. Але тут мы, здаецца, маем справу з больш сучаснай і больш карэктнай практыкай. На карысць аўтэнтычнасці гравюры кажа і назва ракі, якая амывае горад (
Swislocz). На самой карце Рэчы Паспалітай Свіслач, нязначная ў гэтым маштабе, не пазначана, і таму наўрад ці гэтую назву складальнікі карты дадалі, дзеля праўдападабенства, ад сябе. Нарэшце, не выклікае сумненняў аўтэнтычнасць выяў астатніх трох гарадоў.І нарэшце, з якога месца пазіраў на Менск аўтар гравюры? Тут варта звярнуць увагу на два важныя арыенціры: па-першае, пункт назірання знаходзіўся на ўзгорку ля сутокаў Свіслачы з нейкім яе прытокам (відавочна, на левым беразе ракі). Па-другое, на пярэднім плане выдзяляюцца земляныя валы з басціёнамі. Наяўнасць у Менску земляных валоў пацвярджаецца шматлікімі крыніцамі, але наўрад ці на нашым медзярыце паказанае паўкальцо валоў і равоў з паўднёвага боку горада
5, бо з такога пункту назірання не было б бачна Свіслач. Наўрад ці на гравюры зафіксаваны і выгляд Верхняга гораду з Траецкай гары (прыкладна ад сучаснага 2-га шпіталя, былога Траецкага манастыра базыльянак), бо незразумела, які прыток Свіслачы мог бы быць бачны ў такой перспектыве. А можа быць, умацаванні на пярэднім плане — гэта менскі замак, які невядомы назіральнік бачыў з паўночнага захаду? Але ў такім разе падзяляць яго ад горада мусіла б не Свіслач, а Няміга, якая паўколам агінала замак з поўначы. Калі дапусціць, што выдаўцы Neue Charte von Pohlen не зусім уважліва ўзнавілі арыгінал гравюры, тады той рукаў “Свіслачы”, які на карце размешчаны справа ад сутокаў, на самой справе і ёсць Няміга, а два астатнія рукавы ўтвараюць уласна Свіслач, якая агінае Траецкую гару. Такі пункт назірання мусіў бы знаходзіцца ў Татарскай слабадзе, прыкладна ў раёне сучасных вуліцы Мельнікайтэ — Шпалернага завулку, што было б даволі натуральным, бо гэта адзін з найвышэйшых пунктаў горада.Спадзяемся, гісторыкі архітэктуры яшчэ ацэняць і належным чынам вывучаць медзярыт з
Neue Charte von Pohlen. Але незалежна ад яго дакладнасці як крыніцы ён варты таго, каб з цягам часу заняць сваё пачэснае месца ў адноўленай менскай ратушы. Ў ратушы на Высокім Рынку.1
Bzinkowska J. Luźne mapy ziem polskich do końca XVIII wieku w zbiórach kartograficznych biblioteki Jagiełłońskiej. Warszawa, 1993. ss. 102—104, mapa 21.2
Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. Мн., 1998. С. 28.3
Удзячнасць за дапамогу у атрыманні копіі гэтай каштоўнай выявы аўтар хацеў бы выразіць таксама д-ру Рышарду Гжэсіку (Познань) і д-ру Яну Піражыньскаму (Кракаў).4
Памер панарамы ў арыгінале — 6,5 х 8,5 см.5
Чантурыя Ю. Гарады і час // Страчаная спадчына. Мн., 1998. С. 288.Алесь Белы