На галоўную старонку

“Літоўская кунсткамера”

Першыя нямецкія газеты XVI ст. шмат у чым былі падобныя на сённяшнія таблоіды: тая ж пагоня за сенсацыяй, за “смажаным” фактам у разліку на цікавасць рачэй масавага (ў тагачасным вымярэнні) чытача, чым на вытанчанага інтэлектуала. Што ж, і ў той час выдаўцоў цікавіў найперш прыбытак, атрымаць які можна было толькі задавальняючы існуючы попыт, а не марачы пра нейкія нябесныя мігдалы. Калі гартаеш газеты з таго ж збору Wickiana (гл. артыкул гэтага ж аўтара ў “Спадчыне”, № 6 за 1997 г.), гэтае падабенства з сённяшняй “жоўтай” прэсай, якую вам сёння паслужліва прапануюць у кожным нашым цягніку, адразу ж кідаецца ў вока: разумееш, што чалавека паспалітага і чатыры з гакам стагоддзі таму хвалявалі ўсё тыя ж жахлівыя забойствы, катаванні, неверагодныя здарэнні, плёткі з жыцця манаршых асобаў (зразумела, не ўласных, а іншаверных), перверсіі і злачынствы. Ды рознага кшталту пачвары – рэальныя і ўяўныя, якія пазней пачнуць збіраць у калекцыі, так званыя кунсткамеры. Але з той кунсткамеры на паперы, якая паўстае з пажоўклых старонак, час парадаксальным чынам зняў налёт “жаўцізны”: тое, што калісьці было нізкімі страсцямі паспалітага чалавека, сёння зрабілася культурай.

Вядома, што чалавек рачэй паверыць у дзівосы нейкай далёкай краіны, чым сваёй радзімы. Чым далей ад дому, тым больш экзатычныя і неверагодныя падзеі могуць адбыцца. Калі не ў заморскіх Амерыцы ці Афрыцы, то прынамсі ў амаль такой жа невядомай, хаця здаецца і блізкай, Літве-Беларусі. Якой жа, па-за войнамі, соймамі, уніямі ды канфедэрацыямі і іншымі палітычнымі падзеямі паўставала гэтая краіна ў вачах еўрапейца XVI ст. – калі яна ўсё ж трапляла ў цэнтр ягонай увагі (а гэта, як і сёння, здаралася не часта) ?

Так, напрыклад, рукапісная базэльская газета (каля 1564 г.), паведамляе нямецкаму чытачу пра вырадка-парсюка, які нарадзіўся ў 1562 г. у Вільні (porcellus monstruosus Vilnae in Lithuania natus 1562) 1. Такія пачвары грубаватых нямецкіх бюргераў, што здавён жылі размераным, спакойным, рацыянальным жыццём, цікавілі заўжды – нездарма ж не толькі слова “кунсткамера”, але і сам тып збору, акцэнтуючага ўвагу на рознага кшталту анамаліях развіцця, паходзіць менавіта ад немцаў.

У XVI ст. яшчэ не адмерлі старажытныя легенды пра фантастычных жывёл і людзей, якія нібыта насялялі нават самыя блізкія да Заходняй Еўропы краіны. Самая аўтарытэтная тагачасная геаграфічная энцыклапедыя, "Усеагульная Касмагpафiя" пpафесаpа Базэльскага ўнiвеpсiтэта Себасцьяна Мюнстэpа, паведамляла пра іх з такой жа ўпэўненасцю, як пра сапраўдныя адкрыцці ў Новым свеце і ў паўднёвых марах. Але жывёльны і раслінны свет Усходняй Еўропы нават у сваіх натуральных праявах здаваўся чымсьці нязвыклым, экзатычным. Так, паводле Мюнстэра, “на Белай Русi, якая ляжыць над Дняпром, маецца нашмат больш травянiстых раслiн, чым на Доне (цi Танаiсу), там таксама шмат трыснёгу (Reu Ponticum), якi расце i ў Лiтве, i ў пяць разоў больш розных траў i карэнняў, якiя нiдзе больш не сустрэнеш...” 2. Так званы Reu Ponticum — гэта звычайны рэвень, але, як бачым, тагачасным еўрапейцам ён не здаваўся такім ужо звычайным. Яшчэ адной экзатычнай раслінай, як адзначалася касмографамі, адным з традыцыйных артыкулаў экспарта з Белай Русi, быў “араматычны трыснёг” (Calamo Aromatico). Меўся на ўвазе аер (лац. навуковая назва Acorus Calamus), якi ў XV—XVI ст. яшчэ не рос у Зах. Еўропе; яго карэнiшчы (часам зацукраваныя) завозiлiся туды з ВКЛ, Масковii, Асманскай iмперыi як дэлікатэс.

Асабліва ж адукаванага еўрапейца цікавілі рэліктавыя жывёлы, якія на густанаселеным Захадзе былі ўжо даўно вынішчаны. У свой час з’яўленне ў Рыме чучала вялізарнага зубра зрабіла сапраўдны фурор і падштурхнула Гусоўскага да напісання яго славутай паэмы. У “Нататках пра Масковiю” аўстрыйскага дыпламата Сiгiзмунда Геpбеpштейна апісанню зубра і тура адведзена належнае месца. “Кантрафактура” (вершаваная ўлётка), выдадзеная, праўдападобна, ў Аўгсбургу паміж 1567–1572 гг. 3, апавядае пра агромністага зубра, злоўленага ў Літве ў 1566 г. і прыцягвае ўвагу відавочнымі паралелямі з “Песняй пра зубра” Гусоўскага. Памеры і моц гэтай экзатычнай для заходняга еўрапейца жывёлы, яе горды і незалежны нораў нязменна выклікалі змешанае з прымхлівым жахам захапленне. Здаецца, не будзе залішнім прывесці тут цалкам пераклад “кантрафактуры” з нямецкае:

Тут пададзена праўдзівае апісанне

Старажытнага дзікага быка

Які ў шэсцьдзесят шостым годзе

Калі быў яшчэ маладым цялём

Быў злоўлены на Літоўскай зямлі

У мясцовасці, званай Валахія 4

Гэтая постаць звера

Паказвае, якім ён быў у прыродзе

Надзвычай страшны па сваёй сутнасці

У яго вялікая чорная барада

На целе поўсць, валасы на шыі

Быў ён жахлівейшы за ільва

Даўжынёю роўны дзевяці ступням

Вышынёю ж шасці ступням

Паміж рагамі на яго галаве

Могуць сесці двое мужчын (на загрыўку)

Ён магутны, моцны, горды і вельмі дзікі

У гневе не страшныя яму ані меч, ані шчыт

Латы, кап‘ё ці іншая зброя

Усё гэта толькі больш яго раз’юшвае

Калі ён забівае чалавека

Ніхто ні можа яго супакоіць

Пакуль той жыве, хто на ім сідзеў,

Гэтага героя ніколі не забудуць

Ён заўжды гатовы змагацца

І спаборнічаць з усімі звярамі

З ільвом, мядзведзем і ім падобнымі

Не хоча адступіць ні перад кім

Вяртаецца ж ізноў да вялікіх дрэў у лесе

З ярасцю і гневам дзікага каня

(пер. Валянціны Белай)

На жаль, нам няшмат вядома пра гістарычны эпізод, які выклікаў з’яўленне гэтай “кантрафактуры”. З аднаго боку, рукапісная заўвага над галавой зубра паведамляе, што “пфальцграф паслаў гэтага звера курфюрсту герцагу Аўгусту” (Dises thier hatt der Pfalzgraff dem churfürsten Herzog Augustus zugeschickt). Такім чынам, гутарка ідзе пра падарунак пфальцграфа Фрыдрыха ІІІ Пабожнага (1515–1576) саксонскаму герцагу Аўгусту (1526-1586). Але ці быў пасланы ў якасці падарунка жывы зубр 5, ці толькі ягоная выява, як лічыць Піражыньскі ? З аднаго боку, ў дачыненнях паміж тагачаснымі манархамі такі сціплы сувенір, як улётка, здаецца занадта нязначным, неадпаведным рангу. Але з іншага боку, вядома, што Фрыдрых ІІІ, маючы шматлікае патомства, вёў даволі-такі сціплае жыццё, выдаткуючы значныя сродкі на пашырэнне Рэфармацыі, і ў прынцыпе мог зрабіць такі “ашчадны” падарунак. Надпіс нібыта адназначна сведчыць, што Аўгусту быў пасланы “гэты звер”, але ён зроблены паверх друкаванага тэкста, а значыцца, можа датычыцца і самой выявы. Было б цікава даведацца, пры якіх акалічнасцях гэты звер стаў героем еўрапейскай прэсы, але пакуль гэтае пытанне застаецца без адказу. Аднак несумненна, што выява гэтага “магутнага, моцнага, гордага” звера (гл. апошнюю старонку вокладкі) заслугоўвае таго, каб увайсці ў залаты фонд айчыннай гістарычнай іканаграфіі. Пошукі экспанатаў “літоўскай кунсткамеры” працягваюцца…

P.S. Выявы са старых нямецкіх газет, якія захоўваюцца ў фондзе Wickiana, а таксама іншыя іканаграфічныя атэрыялы, якія датычаць гісторыі Беларусі, можна ўбачыць таксама ў “Нацыянальнай гістарычнай галерэі” у Internet: http://www.vp.minsk.by/~nhg/ (Belarusian National Historic Gallery)

1 Piro!ynski J. Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI w. // Zeszyty naukowe Uniwersitetu Jagiełłońskiego. MCLIV. Prace Historyczne. Zeszyt 115. Kraków, 1995. s. 289.

2 Cosmographey oder beschreibung aller Länder, Herrschaften, fürnemsten Stetten... Beschriben durch Sebastianum Munsterum... Basel, 1550. Das vierdt Buch. p. xxix.

3 Dies ist des Wilden Auerochsen Kontrafaktur. (Piro!ynski J. Op. cit., ss. 237, 289–290). Гэтая “кантрафактура” захоўваецца ў фондзе Wickiana цюрыхскай Zentralbibliothek пад шыфрам PAS II 9/2.

4 Гэта можа сведчыць пра паходжанне зубра з літоўскага Падолля, сумежнага з Малдовай, вядомай ў польскіх і беларускіх крыніцах як “Валошскае ваяводства”, “Валошчына”, чыім гістарычным гербам, дарэчы, з’яўляецца зубр. Але ў нямецкіх крыніцах таго часу згадка пра “Валахію” зусім неабавязкова мусіць паказваць на Малдову. Так, у “Хроніцы Канстанцкага сабора” Ульрыха Рыхенталя (1420-е гг.) сярод гарадоў “малой Валахii” пералiчаны Смаленск. Тагачасныя еўрапейцы часта блыталіся ў рэаліях Усходняй Еўропы.

5 Піражыньскі лічыць жывёлу, якую апявае згаданая “кантрафактура”, турам. Але на самой справе тур выглядаў зусім інакш, і мы, несумненна, маем справу з добра вядомым зубром (Bison Bonasus). Нямецкае слова Auerochse ў роўнай ступені датычыцца і зубра, і тура, але Піражыньскага, пэўна, збіла з тропу яго літаральнае значэнне (“першабытны бык”), цалкам тоеснае лацінскай навуковай назве тура (Bos Primigenus).

Алесь Белы

Аўтар выражае шчырую ўдзячнасць д-ру Моніцы Банькоўскай з цюрыхскай Zentralbibliothek за неацэнную дапамогу ў набыцці матэрыялаў фонда "Wickiana".