Планы гарадоў Беларусі з калекцыі Яна Георга Максымільяна фон Фюрстэнхофа
З усіх тыпаў гістарычных крыніц планы і панарамныя выявы гарадоў даюць найбольш поўную інфармацыю пра іх страчанае аблічча: планіроўку, выгляд гістарычных помнікаў, мікратапаніміку. На жаль, у нашай краіне гэтыя планы пачалі стварацца толькі ў Х
VІ ст., спачатку толькі для самых важных гарадскіх цэнтраў (Вільня, Гародня), пазней у сувязі з тымі ці іншымі падзеямі (як правіла, дзеля практычных ваенна-тапаграфічных мэтаў) паступова з’яўляліся і планы іншых. Прычым ніякай сістэмы ці паслядоўнасці ў гэтым працэсе не назіралася. Чыста выпадкова мы лепш ведаем, як выглядаў, напрыклад, Клецк пачатку ХVІІ ст., чым тагачасны Менск, для якога “дайшла чарга” толькі ў канцы ХVІІІ ст. (прынамсі, самая ранняя вядомая панарама горада паходзіць прыкладна з 1775 г.). Ужо з далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі і правядзеннем генеральнага межавання картаграфаванне беларускіх гарадоў набыло суцэльны, стандартызаваны характар. Таму кожны новы, невядомы раней план ці панарама дарасійскіх часоў мусяць уважліва вывучацца ў супастаўленні з ужо вядомымі — як графічнымі, так і тэкставымі — матэрыяламі, дзеля больш дакладнай рэканструкцыі гістарычнага ландшафта Беларусі ў Сярэднявечча і Новы час.Большасць планаў Х
VІ—ХVІІІ ст. стваралася замежнымі картографамі і, магчыма, замежныя калекцыі тояць яшчэ багата невядомых скарбаў нашае гісторыі. Да адной з такіх належыць калекцыя планаў гарадоў і крэпасцяў Еўропы саксонца Яна Георга Максымільяна фон Фюрстэнхофа (1686—1753). Пазашлюбны сын саксонскага курфюрста Яна Георга ІІІ і, такім чынам, адзінакроўны брат польскага караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ Моцнага, сваё прозвішча (“княскі двор” па-нямецку) ён атрымаў, відаць, з яўным намёкам на паходжанне. Гэтае паходжанне адкрыла яму шлях да даволі хуткай вайсковай кар’еры. Прафесія ваеннага інжынера, абраная Фюрстэнхофам, вымагала глыбокіх ведаў у фартыфікацыі, архітэктуры, картаграфіі, якія ён засвойваў з тыпова немецкай настойлівасцю. Набілітаваны ў 1741 г., Фюрстэнхоф у тым жа годзе атрымаў званне генерал-маёра, а праз два гады быў прызначаны камендантам корпуса ваенных інжынераў Саксоніі. Пабудаваны паводле ягонага ўласнага праекту, ягоны палац лічыўся адным з найбольш дасканалых у Дрэздэне. З 1732 г. да самога скону Фюрстэнхоф збіраў калекцыю планаў еўрапейскіх гарадоў і крэпасцяў, выкарыстоўваючы кожную магчымасць для набыцця ці капіравання чарговых планаў. Саксонскага інжынера, якому належыць аўтарства многіх з іх, цікавілі ў першую чаргу фартыфікацыйныя асаблівасці розных умацаваных пунктаў Еўропы. Але дзякуючы ўнікальнай паўнаце, яго збор мае вялізарнае значэнне для вывучэння гісторыі ўсіх тых гарадоў, чые планы трапілі ў поле зроку Фюрстэнхофа 1.Праз два гады пасля яго смерці, ў 1755 г., ўдава Шарлота Эмілія прадала калекцыю з некалькіх соцень аркушаў міністру графу Брулю за 6 тыс. талераў (якія, зрэшты, так ніколі і не былі ёй выплачаныя), а пазней большая частка калекцыі, пераплеценая ў трох тамах, трапіла у Саксонскую краёвую бібліятэку ў Дрэздэне (501 план на 458 табліцах), а некаторыя іншыя планы — у Прускую дзяржаўную бібліятэку ў Берліне. У
1933 г. гэтыя часткі калекцыі даследаваў вядомы польскі гісторык картаграфіі Караль Бучак, які адзначыў наяўнасць у ёй, разам з планамі гарадоў кароннай Польшчы, некалькіх планаў беларускіх гарадоў: Слуцка ды Быхава ў Дрэздэне і Бярэсця ды Слуцка ў Берліне 2. Наколькі нам вядома, Фюрстэнхоф не бываў у Вялікім княстве, але, улічваючы яго блізкае сваяцтва з Аўгустам ІІ Моцным, у яго не мусіла быць вялікіх праблем з доступам да тутэйшых картаграфічных матэрыялаў. Пазней пра гэтыя планы са спасылкай на Бучака пісаў польскі гісторык Александровіч у сваёй вядомай манаграфіі пра картаграфію ВКЛ 3. Аднак на вялікі жаль, за пасляваенны час, калі кантакты з “брацкай” ГДР былі досыць шматлікімі і разнастайнымі, ніхто ў БССР а пасля і ў незалежнай Беларусі не парупіўся, каб звярнуцца ў згаданыя біблятэкі, якія, на шчасце, захавалі збор Фюрстэнхофа — нягледзячы на выпрабаванні ІІ сусветнай вайны, асабліва цяжкія і для Берліна і для Дрэздэна. Там нам і ўдалося набыць копіі планаў, якія зараз упершыню прапануюцца ўвазе чытачоў з мінімальнымі неабходнымі тлумачэннямі.А) План Слуцка (
Plan von Sluczk). Захоўваецца ў 2-м томе збора планаў Фюрстэнхофа ў Саксонскай Зямельнай бібліятэцы (Дрэздэн) 4. Памер арыгіналу 52 х 35 см. Магчыма, узыходзіць да плану Слуцка Eigendlicher Abris von Stadt und Festung Slucko (1704), аўтарам якога быў Якуб Фойгт (Jacobus Voigt) і які знаходзіцца ў бібліятэцы Расійскай Акадэміі Навук (Санкт-Пецербург) 5. Дагэтуль у беларускай гісторыяграфіі выкарыстоўваецца толькі значна пазнейшы план Слуцка, створаны ў канцы ХVІІІ ст. 6. На плане добра відаць усе тры замкі і знешнія гарадскія ўмацаванні, падрабязна паказаная вулічная сетка, але яго каштоўнасць зніжаецца амаль поўнай адсутнасцю тлумачальных надпісаў (падпісаныя толькі р. Случ і дарога на Пагост). Арыгінал плана мог быць зняты пад час Паўночнай вайны або паходзіць ад тагачасных уладальнікаў Слуцкага княства, нямецкіх князёў Нойбургаў, пры якіх т.зв. “Нойбургскія маёнткі” складалі ў ВКЛ своеасаблівую “дзяржаву ў дзяржаве” (1695—1744).Б) План аблогі Быхава рускім войскам у 1707 г. Таксама знаходзіцца ў 2-м томе дрэздэнскага збора
7. Памер арыгіналу 27 х 35,5 см. Мае назву: Plan von der Stadt Bychow wiefolche A(nn)o 1707 von Ihro Maj: des Czaaren Trouppes Attaquiret und den 4.Juny mit accort übergangen (“План горада Быхава, які ў 1707 г. атакаваны войскамі яго вялікасці цара і 4 чэрвеня заняты імі паводле пагаднення”). Адсюль вынікае, што план зняты адным з нямецкіх афіцэраў Пятра І пад час аблогі 1707 г. 8, якая скончылася капітуляцыяй прыхільнікаў шведаў братоў Сініцкіх. На плане пазначаныя:Гэты план, здаецца, самы ранні ў гісторыі гэтага беларускага горада. На яго прыкладзе можна прасачыць роднасць планаў з калекцыі Фюрстэнхофа з планамі, якія захоўваюцца ў іншых зборах. Публікаваны план Быхава мае падабенства, напрыклад, з планам Копысі 1707 (ці
1708) г. 9, які захоўваецца ў бібліятэцы РАН, арыгінал якога створаны, відаць, па-нямецку, але пазней скапіраваны на французскай мове. Стыліcтычныя асаблівасці афармлення планаў, блізкасць часу іх стварэння і саміх адлюстраваных на іх гарадоў дазваляюць меркаваць калі не пра тоеснасць аўтараў, то пра іх належнасць да адной картаграфічнай школы.В) План Бярэсця пачатку Х
VІІІ ст. Знаходзіцца ў Прускай дзяржаўнай бібліятэцы ў Берліне 10. Арыентаваны на ўсход. Памер арыгіналу 41 х 50 см, маштаб 1 : 4000. Копія, як вынікае з надпісу на плане, знятая Фюрстэнхофам у 1740 г., але арыгінал паходзіць, відаць, з 1710-х гг. Мае назву: Plan von der Stadt Brzesc in Litthauen. На плане, ўвогуле вельмі дэталёвым (бо тут паказныя нават самыя нязначныя гарадскія будынкі), асобна пазначаныя:Для дэталёвай рэканструкцыі тапаграфіі Бярэсця Х
VІІ—ХVІІІ ст. гэты план паслужыць добрым дапаўненнем да вядомай панарамы аблогі Бярэсця шведска-венгерскімі войскамі ў 1657 г. Тую панараму выканаў з натуры шведскі ваенны картограф Эрык Дальберг і ў адным з наступных нумароў “Спадчыны” аўтар мяркуе распавесці пра досыць цікавыя акалічнасці паўстання гэтага, а таксама іншых твораў Дальберга, якія датычаць гісторыі ваенных дзеянняў Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. Што ж да Бярэсця, то калісьці ці не найбольш цэласны і найпрыгажэйшы гарадскі архітэктурны ансамбль Беларусі, амаль цалкам варварскі знішчаны рускімі пры будаўніцтве крэпасці ў 1830-х гг., заслугоўвае таго, каб быць адноўленым хаця б “віртуальна”. І калі пра многія архітэктурныя помнікі, найперш культавыя, былога Бярэсця, напісана безліч энцыклапедычных артыкулаў, то, напрыклад, пра прыватныя палацы вядома пакуль не вельмі шмат. Значыцца, наперадзе новыя пошукі і новыя знаходкі.1
Падрабязней пра біяграфію Фюрстэнхофа гл. : Richter. Johann Georg Maximilian von Fürstenhoff und seine zeichnungen // Ueber Berg und Tal. Jhrg. 24, 1901, nr 1—2, ss. 329—330.2
Buczek K. Polonica Kartograficzne w zbiorach Saskiej Bibljoteki Krajowej w Dreznie // WiadomoЯci geograficzne. Kraków, 1933, nr 1—2, ss. 1—4.3
Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Ksiństwa Litewskiego od XV do połowy XVIII w. Poznań, 1989. s. 231.4
Sächsische Landesbibliothek. Staats- und Universitätbibliothek Dresden. Johann Georg Maximilian von Fürstenhoff. Sammlung von Festungsplänen ("3baendiges Planwerk mit 458 Tafeln und 501 Plaenen von Festungen und befestigten Orten Europas"). Mscr. Dresd. R. 30 m . Bd. 2, s. 94.5
Гэты план Слуцка вядомы паводле апісання: Александров Б.В. Описание рукописных карт, хранящихся в отделе рукописей библиотеки АН СССР // Труды архива АН СССР. Вып. 6. М. – Л., 1946. С. 341.6
Грицкевич А.П. Слуцк. Исторический очерк. Мн., 1960. С. 16; Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 35.7
Johann Georg Maximilian von Fürstenhoff. Sammlung von Festungsplänen. Mscr. Dresd. R. 30 m . Bd. 2, s. 91.8
Як мы ўжо адзначалі, аўтарства нямецкамоўных карт і планаў, якія выкарыстоўваліся ў 1700-х гг. у войску Пятра І, традыцыйна прыпісваецца генералу Аларту, але сапраўды аўтарамі многіх з іх маглі быць Петэр Пікар, Адрыян Шхонэбек, Якуб Фойгт і інш. Гл. Белы А. Plan von Polozko anno 1707 // Спадчына, 1998, № 4. С. 13. Пра аблогу Быхава 1707 гл.: Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Сс. 86—88.9
Plan de Kopich avec ses retranchements et situations et environs. 23 х 35,5 см. Рукапісны аддзел бібліятэкі РАН, збор замежных рукапісаў. F° 266, т. 3, л. 36/1 (чарцёж № 160). Исторический очерк и обзор фондов рукописного отдела библиотеки Академии Наук. Карты, планы, чертежи, рисунки и гравюры собрания Петра I. М. – Л., 1961. С. 141. Адзін з варыянтаў гэтага плану знойдзены І. Слюньковай у Цэнтральным дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве СССР у Маскве: Слюнькова И.Н. Архитектура городов верхнего Приднепровья XVII—середины XIX в. Мн., 1992. С.38. Пра падзеі 1707 г. у Копысі гл. : Ткачоў М. А. Замкі і людзі. С. 63.10
Staatsbibliothek zu Berlin – Preußischer Kulturbesitz. Signatur SX 48601. Аўтар выказвае шчырую падзяку супрацоўніцы Прускай дзяржаўнай бібліятэкі фраў Штэфі Мітэнцвай за дапамогу ў набыцці копіі гэтага плану.11
Сапега Уладзіслаў Іасафат г. Ліс (1652—1733), ваявода берасцейскі з 1709.12
Асоба намі не ўстаноўленая.13
Людвік Канстанты Пацей г. Вага (1664—1730), пісар земскі берасцейскі з 1687, падкаморы берасцейскі з 1689, гетман вялікі літоўскі з 1709. Цярэспаль з акругай належаў яму з 1708.Алесь Белы