На галоўную старонку

Беларусь на Эбсторфскай карце ХІІІ ст.

Cпадчына, 1999, № 2. Сс. 73-82

Да сярэдзіны XV ст. нават найлепшыя эўрапейскія карты давалі вельмі прыблізную карціну сьвету. Гэта былі хутчэй умоўныя “дыяграмы сьвету”, чым сапраўдныя карты. Cярэднявечны чалавек адчуваў прастору спэцыфічна: ён ня бачыў розьніцы паміж аб’ектамі рэальнымі й фантастычнымі. Сьведамасьць сярэднявечнага чалавека лёгка фабрыкавала як бясконцыя “сьвятыя” рэліквіі, так і рознага кшталту монстраў, прывідаў, мітычных жывёлаў і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны. Як заўважыў вядомы францускі мэдыявіст Ж. Лё Гоф, “людзі Сярэднявечча ўваходзілі ў кантакт зь фізычнаю рэальнасьцю праз пасярэдніцтва містычных і псэўданавуковых абстракцыяў”1. Аднак наўрад ці справядліва будзе так казаць толькі пра чалавека сярэднявечча. “Чалавек ня ў стане зразумець нічога без дапамогі вобразаў (phantasmata); вобраз ёсьць падабенства цялеснае рэчы; інтэлект стасуецца з усеагульным, якое здабываецца з адзінкавых рэчаў,” — гэтае выказваньне Тамаша Аквінскага трэба прызнаць унівэрсальным. Яно пра сьведамасьць чалавека ўвогуле, незалежна ад таго, да якіх эпохі й культуры ён належыць.

Пачаткі геаграфічных ведаў для сярэднявечных вучоных-схалястаў былі толькі элемэнтам хрысьціянскага касмалягічнага міту, дапаўненьнем, і не найважнейшым, да містычна-рэлігійнае карціны сусьвету. Геаграфія, як і кожная іншая навуковая дысцыпліна, лічылася служкаю тэалёгіі. Заснаваная ня гэтулькі на досьведзе, колькі на літаральна-наіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, схалястычная карціна сьвету карэнным чынам розьнілася ад сучаснае. Ці не найбольшы ўплыў на фармаваньне сыстэмы геаграфічных уяўленьняў сярэднявечча — “хрысьціянскае тапаграфіі” — зрабіў твор хрысьціянскага вучонага-энцыкляпэдыста Ісыдара Сэвільскага (560-70 — 636) “Этымалёгіі”. Менавіта Ісыдар каля 600 г. увёў у эўрапейскую навуковую традыцыю характэрныя для Сярэднявечча карты айкумены, вядомага тагачасным еўрапейцам свету (mappae mundi) г.зв. тыпу “О—Т”2.

Гэтыя карты, зарыентаваныя, адрозна ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавяданьня аб расьсяленьні сыноў Ноя пасьля патопу (Кніга Роду, 10). Яны мелі выгляд кругу, у які ўпісвалася літара “Т”, утвараючы манаграму “О—Т”, што расшыфроўвалася як Orbis Terrarum (круг зямны). Угары зьмяшчалася выява Хрыста, сымбалізуючы Ягоную ўладу над сьветам. Верхні сэктар кругу адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні — Эўропе (нашчадкі Яфэта); правы ніжні — Афрыцы (нашчадкі Хама). Вэртыкальнаю рысаю літары “Т” служыла Міжземнае мора, гарызантальнаю — Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае моры й Ніл (ці Чырвонае мора). У цэнтры такіх картаў зьмяшчалі Ерусалім — месца Хрыстовых пакутаў і Гробу Панскага, даслоўна ўспрымаючы старазапаветнага прарока Езэкіля: “Так кажа Пан Бог: Гэта — Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго — землі” (Ез. 5, 5). “Падгонка” рэальнае геаграфіі пад такую карціну сьвету вымагала значнага скажэньня контураў і памераў мацерыкоў і асобных краін, але гэта не ўспрымалася як фальсыфікацыя. Сярэднявечная сьведамасьць лёгка засяляла зямную прастору рознымі цудамі й пачварамі, якія мелі невялікае дачыненьне да Бібліі — драконамі, грыфонамі, андрыякамі, амазонкамі, людзьмі без галоваў, але з тварам на грудзях, людзьмі з адною гіганцкаю нагою, якою яны ў сьпёку нібыта карысталіся як парасонам, і г.д. Аднак падаваць сярэднявечных схалястаў суцэльнымі невукамі й цемрашаламі было б зусім недарэчна — яны жылі й мысьлілі ў сыстэме каардынатаў сваёй эпохі. У той жа час, напрыклад, насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, бальшыні схалястаў, у тым ліку й складальнікам разгляданае тут карты, было добра вядома пра сфэрычную форму Зямлі. Невядомы аўтар геаграфічнага трактату XIІІ ст. “Пачатак апісання земляў”, першага геаграфічнага твору, у якім згадвалася назва Белая Русь, апiсаў палажэнне i ўзаемную арыентацыю розных абласцей i краiн Усходняй Еўропы з усёй магчымай дакладнасцю, амаль цалкам апусціўшы традыцыйныя для той эпохi фантастычныя дэталi. У канцы ж ХХ ст., калі, здавалася б, зніклі ўсе падставы для неверагодных прымхаў і забабонаў, а яны, наадварот, імкліва набіраюць моц — ці маем права паблажліва ставіцца да ўяўленняў схаластаў, якія вобмацкам шукалі каліўцы навуковай праўды, не забываючыся перадусім на праўду Хрыста ?

Схаластычная картаграфічная традыцыя трывала да XIV ст., калі з развiццём мараплавання i назапашваннем геаграфiчных ведаў сярэднявечныя карты пачалі выцясняцца парталанамі (portolano, лоцыя) — значна больш дакладнымі картамі, заснаваных на выкарыстаннi компаса i астралябii i пабудове берагавой лiнii праз рэальныя вымярэннi i вылiчэннi. У

сярэдзіне XV ст. вынайшлі тэхналёгію гравіраваньня картаў на мэталічных (пазьней і драўляных) дошках, якая дазваляла атрымліваць колькі заўгодна адбіткаў і зьявілася ці не раней за кнігадрукаваньне. Няўхільна пашыраліся межы адлюстроўванага на картах сьвету. Зямная прастора дэсакралізавалася й набывала ўсё больш рэальныя рысы. Круглыя mappae mundi, будаваныя паводле ранейшае схемы “О—Т”, ствараліся яшчэ ў сярэдзіне XV ст., але непазьбежна рабіліся ўсё большым анахранізмам. Росквіт іх прыпаў на ХІІІ стагодзьдзе, “самае сярэднявечнае” ці прынамсі “самае схалястычнае” зь сярэдніх вякоў.

Найславутымі mappae mundi, сапраўднымі шэдэўрамі ня толькі картаграфіі, але й мастацтва сваёй эпохі ёсьць Хэрэфордзкая карта (паміж 1260 і 1300 гг.), створаная абатам Рычардам Хэлдынгэмам, якая й дагэтуль знаходзіцца ў аўтары катэдральнага сабору г. Хэрэфорду у Англіі й прываблівае тысячы турыстаў, і страчаная ў арыгінале Эбсторфская карта. Яны вельмі падобныя сваёй “ідэалёгіяй”, абставінамі ўзьнікненьня й узроўнем інфармаванасьці пра Стары Сьвет, але канкрэтныя зьвесткі пра геаграфію Беларусі ёсьць толькі на Эбсторфскай карце. Яе выгляд і павялічаны фрагмэнт пададзеныя на апошняй старонцы вокладкі. ( А калі на абедзьвюх ? :-) АБ)

Эбсторфская карта (Monialium Ebstorfensium Mappamundi) створаная, як мяркуюць, каля 1284 г. (паводле іншых зьвестак, у 1230-х гг.) Гэта была амаль ідэальна круглая (3,58 х 3,56 м) каляровая карта ўсяго вядомага на той момант сьвету на 30 сшытых пэргамэнтавых аркушах агульнаю плошчаю амаль 13 м2. Яе аўтарства прыпісваюць ці то ангельскаму схалясту Гервазу з Тыльбэры († 1235), ці то Гервазу фон Тыльбурну — высокаадукаванаму для свайго часу нямецкаму рыцару, які шмат падарожнічаў па розных краінах, а ў канцы жыцьця прыняў манаства й атрымаў у валоданьне бэнэдыктынскі кляштар у ніжнесаксонскім г. Эбсторфе (на поўдзень ад Гамбургу), пасярод славутае сваімі змрочнымі гатычнымі легендамі Люнэбурскае пусткі, дзе з дапамогаю манахаў нібыта й пачаў ствараць карту. Як і Хэрэфордзкая mappa mundi, Эбсторфская мапа доўгі час знаходзілася ў аўтары кляштарнае царквы. Нездарма карты такога тыпу называюць яшчэ “картамі-іконамі”, бо для іх стваральнікаў і першых гледачоў сакральныя функцыі былі важнейшыя за інфармацыйныя. Але пасьля ператварэньня кляштару ў жаночы (1515 г.) і з пачаткам Рэфармацыі карта была закінутая. Яе знайшлі й увялі ў навуковае абарачэньне толькі ў 1830-х гг. Пасьля рэстаўрацыі яна захоўвалася ў Дзяржаўным архіве Гановэру. У 1890 г. зь яе зрабілі паменшаную каляровую копію памерам 1,18 х 1,06 м, а ў 1891 г. — аднакаляровую копію ў памеры арыгіналу. Чатыры расфарбаваныя ад рукі копіі карты знаходзяцца цяпер у розных эўрапейскіх гарадох, у тым ліку ў Эбсторфе, але сама гэтая каштоўная рэліквія загінула ў 1943 г. пад бомбамі саюзнай авіяцыі. Тым ня менш, ейная копія ў сучасным Эбсторфскім кляштары застаецца адною з найбольшых турыстычных славутасьцяў Люнэбурскае пусткі, а самую карту літаральна “расьцягалі” на сувэніры — маркі, паштоўкі й г. д., якія паказваюць адпаведныя мясьціны розных краін, але пакуль, на жаль, не Беларусі.

Пасьля карты славутага арабскага географа Ідрысі (1154 г.)3, Эбсторфская mappa mundi — наступная зь вядомых эўрапейскіх картаў, на якой, хоць і са значнымі скажэньнямі, адлюстраваная рэальная тэрыторыя Беларусі, а ня нейкая абсалютна фантастычная краіна. З прыкладна 60 рэк айкумены, пазначаных на карце, паказаныя Нёман (Memela) і Дзьвіна (Duna); над апошняй разьмешчаныя Смаленск (Smalentike)4 і Полацак (Plosceke civitas), прычым другі далей ад вусьця Дзьвіны, чым першы. Гэта можа быць растлумачана тым, што на працягу ХІІІ ст. Полацак часта бываў падначалены Смаленску, які вёў рэй у разнастайных сувязях паміж старажытнымі крывіцкімі гарадамі — Полацкам, Віцебскам, Смаленскам — і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готлянду. Магчыма, таму важнейшы, з гледзішча аўтараў карты ды іхных інфарматараў, Смаленск успрымаўся як бліжэйшы да вусьця Дзьвіны, а значыць, і да Германіі. Сярод іншых гарадоў Усходняй Эўропы паказаныя Кіеў і Ноўгарад. Усяго на Эбсторфскай карце пазначана 534 гарады Эўропы, Азіі й Афрыкі.

Што мусілі ўяўляць сабе аўтары Эбсторфскае карты, адлюстроўваючы на ёй Полацак? Калыска беларускае дзяржаўнасьці, сталіца магутнага княства, якое кансалідавала супраціў нямецкаму “засваеньню” Інфлянтаў, Полацак ўспрымаўся тагачаснымі немцамі як надзвычай важны пункт. Стратэгічная ініцыятыва на абшары сучаснае Беларусі ў той час ужо пераходзіла да Літвы, але гэтага яшчэ не асэнсавалі складальнікі Эбсторфскае карты: геаграфічных аб’ектаў, якія можна было б аднесьці да тагачаснага ВКЛ, на карце няма. Калі зьвязваць мапу з Гервазам фон Тыльбурнам і датаваць пазьней, дык яна стваралася прыкладна падчас княжаньня полацкага князя Канстанціна († пасьля 1292), які ў 1264 г., паводле булы Папы Урбана ІV, падараваў Інфлянцкаму Ордэну нейкія землі свайго княства. Некаторыя гісторыкі нават трактуюць гэты дакумэнт такім чынам, што Канстанцін аддаў Полацкае княства пад уладу Ордэну ці рыскага арцыбіскупа, і нібыта Віцень вярнуў княства толькі ў 1307 г.5 Але калі б Полацак сапраўды 40 год знаходзіўся пад уладаю крыжакоў, гэта непазьбежна знайшло б адлюстраваньне ў нямецкіх крыніцах, якія, аднак, маўчаць. Прынята лічыць, што Канстанцін падараваў Ордэну толькі некаторыя землі сучаснай усходняй Латгаліі. Хаця нельга цалкам адмаўляць, што магло ісьціся пра ўсё Полацкае княства. У такім разе гэта быў тыповы “падарунак” князя-выгнанца, бо менавіта ў 1264 г. Канстанціна выціснуў з Полацка Гердзень6. Такое часта здаралася ў сярэднявеччы: пазбаўленыя ўладаньняў фэадалы “дарылі” іх уплывовым патэнцыйным хаўрусьнікам ці прызнавалі сябе васаламі апошніх, мяркуючы, што ў выпадку разгрому спаборніка ўмовы пагадненьня з магутным апекуном можна будзе перагледзець ці зьігнараваць. Магчыма, ужо каля 1267-68 гг. Канстанцін (пасьля Гердзеня ці Ізяслава) ізноў заняў полацкі пасад (увогуле гэты пэрыяд полацкае гісторыі дзеля браку надзейных крыніц вывучаны вельмі слаба)7. Аднак нішто ня кажа, што Канстанцін ці іншыя тагачасныя полацкія князі былі васаламі крыжакоў ці тым больш саступалі ім Полацак.

Няма падставаў казаць пра рэальную належнасьць Полацка Ордэну, але цалкам магчыма, што “Канстанцінавы падарунак” і некаторыя іншыя акалічнасьці маглі даць немцам падставу лічыць сябе яго “законнымі ўладарамі” (хаця ў першай трэці ХІІІ ст. яны яшчэ прызнавалі “полацкага караля” адзіным легітымным сюзэрэнам усіх Інфлянтаў8. Сярэднявечным людзям (ды хіба толькі ім?) было ўласьціва выдаваць пажаданае за сапраўднае. Так, у 1248 г. папа Інацэнт ІV пераконваў Аляксандра Неўскага, спасылаючыся на прыклад ягонага бацькі Яраслава, зьмяніць веравызнаньне й дазволіць будаўніцтва катэдральнага касьцёлу ў Пскове. Некаторыя гісторыкі, памылкова прыпісваючы Аляксандру схільнасьць да такіх крокаў, у сувязі з гэтым гавораць нават пра г.зв. “Суздальскую вунiю – здаецца, тут прыстаўны гук ? АБ9. Наўрад ці можна пагадзіцца з фактам існаваньня такой уніі, але ў тагачасным Рыме пэрспэктывы яе заключэньня мусілі ацэньваць досыць аптымістычна. Таму цалкам магчыма, што невядомы нямецкі мастак ХІІІ ст., малюючы на Эбсторфскай карце Полацак, лічыў яго часткаю “Вялікае Германіі”.

Plosceke civitas, паказаны на карце як мураваная вежа з тыпова эўрапейскімі машыкулямі, — магчыма, першая, няхай і ўмоўная, выява Полацку ў заходнеэўрапейскай іканаграфіі, і ў гэтай якасьці яна заслугоўвае асаблівай увагі. Побач зьмешчаныя вялікія 10 выявы лася й зубра, якія мусілі сымбалізаваць жывёльны сьвет нашае часткі Эўропы. Здаўна зубр успрымаўся на захадзе кантынента як своеасаблівы сымбаль нашае краіны.

Чарговы раз высьвятляецца, што параўнаўчая беднасьць айчыннай гістарычнай іканаграфіі на аўтэнтычныя ілюстрацыі сярэднявечнага пэрыяду можа быць пераадоленая. Нам ужо даводзілася адзначаць, што адсутнасьць зладжанае сыстэмы ўласна беларускіх графічных вобразаў, асучасненых беларускіх phantasmata — адна з прыкметаў неразьвітасьці ня толькі нашае гістарычнае навукі, але й нацыянальнае сьведамасьці ўвогуле. Неразьвітасьці, якую сёньня можна тлумачыць ужо толькі суб’ектыўнымі прычынамі.

Алесь Белы

 

Заўвагі

1 Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992. С. 130.

2 Дитмар А. Б. От Птолемея до Колумба. М., 1989. С. 56—58.

3 Белы А. Беларусь на арабскай карце ХІІ стагодзьдзя // Падарожнік (Наш Край), 1996. № 7. С. (3)—(6).

4 Важны гандлёвы шлях па Дзьвіне й Дняпры ўспрымаўся з Германіі як суцэльны, таму Смаленск на Эбсторфскай карце разьмешчаны над Дзьвіною.

5 Гл., напрыклад: Штыхов Г. В. Древний Полоцк. Мн., 1975. С. 14 і г.д.; Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485). Пер. с нем. Тверь, 1994. С. 66—67.

6 Русско-ливонские акты, собранные К. Е. Напьерским. СПб., 1868. С. 12—13.

7 Кучкин В. А. Особая редакция “наказания” Симеона Тверского // Изучение русского языка и источниковедение. М., 1969. С. 243—251.

8 Хроника Ливонии. Введение, перевод и комментарии С.А.Аннинского. М. – Л., 1938. Прим. 3. С. 249.

9 Рамм Б.Я. Папство и Русь в X—XV вв. М. Л., 1959. С. 165—166.

10 Каля 10 см у натуральную велічыню — пар. з выявамі Полацка і Смаленска (каля 3 см).

Аўтар выражае шчырую ўдзячнасьць д-ру Моніцы Банькоўскай зь цюрыхаўскай Zentralbіblіothek за дапамогу ў атрыманьні копіі Эбсторфскай mappa mundi.

Беларуская нацыянальная гістарычная галерэя ў Internet: http://www.vp.minsk.by/~nhg