Terra Alborum Rutenorum
паводле венгерскіх крыніц XIV—XV ст.
Як мы адзначалі ў папярэднім раздзеле, на рубяжы XV—XVI ст. мiфалагiзаваныя геаграфічныя ўяўленні марудна, але няўхільна змяняліся рэалістычнымі ведамі, здабытымі сумленнымі даследчыкамі і падарожнікамі. Вядомасць iзноў адкрытых заморскiх тэрыторый пры гэтым часта была лепшай, чым унутраных раёнаў Усходняй Еуропы, слаба ўключаных у мiжнародны гандаль, але пакрысе карэктавалiся i звесткi пра iх. Значны ўплыў на фармаванне заходнееўрапейскiх поглядаў на геаграфiю Усходняй Еўропы аказаў “Трактат пра дзве Сарматыi” (
Tractatus de duabus Sarmatiis) польскага вучонага, рэктара Кракаўскага ўнiверсiтэта Мацвея Мяхоўскага, апублікаваны ўпершыню ў Кракаве ў 1517 г. Ён адразу ж набыў рэпутацыю самай надзейнай крыніцы ведаў пра ўсход кантынента. Менавіта праца Мяхоўскага так уразiла Ульрыха фон Гутэна паведамленнем пра неіснаванне Рыфейскіх гор, якiя займалi важнае месца ў сiстэме пталемееўскіх уяўленняў пра ўсход Еўропы.У першым выданнi трактата Мяхоўскага (1517), насуперак сцвярджэнням многіх беларускіх гісторыкаў, Белая Русь не згадваецца ўвогуле. Але ў лiсце да свайго выдаўца Іагана Галеpа, прыкладзеным да другога кракаўскага выдання 1521 г.
304, Мяхоўскi пiсаў: “Па апавяданнях югpаў, яны, iдучы з Югpы да Меацiйскiх балотаў, у межах Белай Русi бачылi ледзянога iдала”305. Пры гэтым ён спасылаўся на нейкага “вельмі старадаўняга гісторыка, які апісаў прыход венграў”. Далей з ліста Мяхоўскага вынікае, што “ледзяны iдал” — гэта славутая “Залатая Баба” і што знаходзіўся ён у Вятцы.Тэма набыцця радзiмы протавенгерскімі плямёнамі была адной з улюбёных не толькі для венгерскіх гісторыкаў і пісьменнікаў, але і ўвогуле для еўрапейскіх вучоных XV—XVI ст. Неад’емным элементам венгерскага нацыянальнага міфа доўгі час было паданне пра тоеснасць венграў і гунаў: паводле даўняй, паўсталай яшчэ ў Х ст. традыцыі, перасяленне ў канцы IХ ст. мадзьяраў у Панонію змешвалася з уварваннем гунаў на чале з Атылам у Рымскую імперыю ў V ст. Менавіта гэтую, хутчэй міфічную, чым гістарычную, падзею меў на ўвазе Мяхоўскi. Праблема дакладнай лакалізацыі прарадзімы венграў (так званай “Вялікай Венгрыі”) занадта складаная, каб разглядаць яе тут дэталёва
306. Але несумненна, што, аддзяліўшыся ад продкаў сучасных ханты і мансі, старажытныя венгры прайшлі праз Паўночнае Прычарнамор’е і Прыазоўе. На сваім шляху ў Панонію (і пазней, ужо асеўшы там) яны ўвайшлі ў кантакт з усходнімі славянамі і цюркскімі плямёнамі, якія жылі на поўдзень ад апошніх — печанегамі, полаўцамі, торкамі, хазарамі. У гістарычнай свядомасці венгерскага народа ў XV ст. захоўваліся асноўныя вехі гэтага вялікага перасялення, і ім на працягу стагоддзяў натхняліся шматлікія храністы. Цікавасць венграў да гэтай праблемы асабліва ўзрасла ў сярэдзiне XIII ст. — пасля таго, як венгерскi дамiнiканец Юлiян падчас мiсiянерскiх падарожжаў 1235—1238 г. ізноў адкрыў для сваiх суайчыннiкаў “Вялiкую Венгрыю” на Каме (фактычна паўднёвы акраек згаданай Мяхоўскім Югры), i яна стала лiчыцца прарадзiмай венграў307.У XV ст. еўрапейцам было ўжо добра вядома пра Югpу, цi Югоpскую зямлю — кангламеpат дpобных племянных княжанняў роднасных венграм народаў ханты i мансi на ўзбяpэжжы Паўночнага Ледавiтага акiяна, ад сучаснага Югоpскага паўвостpава да вусця p. Таз. У XII—XV ст. Югpа актыўна каланiзавалася Hоўгаpадам, таму не выпадкова еўрапейцамі яна звязвалася з Белай Руссю. Менавіта тут, па меркаванні вучоных XV—XVI ст., знаходзілася прарадзіма венграў. Hа каpтах другой паловы XVI ст. Югpу змяшчалi звычайна на пpавым беpазе p. Об. Але Мяхоўскi часцей за ўсё згадваў Югpу побач з Каpэлiяй, вiдавочна, лiчачы iх сумежнымi
308. Hа гэтую думку наводзяць i пеpшыя асобныя каpты Масковii П. Джовiа (Іовiя) i Б. Аніезэ, якiя датуюцца 1525 г. i на якiх Югpа пазначаная на поўнач ад Выбаpга, што можа паказваць на кантамiнацыю гэтай назвы з Іжоpскай зямлёй309. Каментуючы прыведзенае выказванне Мяхоўскага, Я. Юхо сцвярджае: “Мяхоўскi добра ведаў ад сваiх студэнтаў з Беларусi i пра ВКЛ, i пра Маскоўскую дзяржаву, але не ведаў, дзе знаходзiцца Белая Русь”310. Ды наўрад цi можна ўсур’ёз казаць пра недасведчанасць Мяхоўскага. Наадварот, яго паведамленне цалкам укладваецца ў сiстэму тагачасных гiсторыка–геаграфiчных поглядаў. У гэтым сэнсе менавіта кракаўскі прафесар лепш за сваіх студэнтаў з сённяшняй Беларусі ведаў, дзе знаходзiцца Белая Русь.Белую Русь
у сувязі з перасяленнем венграў згадвалі і некаторыя іншыя гісторыкі–сучаснікі Мяхоўскага. Напрыклад, баварац Іаган Турмайр (Авентын) пісаў у сваіх “Аналах Баварыі” (Annales Boiorum, 1521), што тая частка продкаў венграў, якая засталася на радзіме, знаходзіцца цяпер “пад панаваннем вялікага князя Мосхаў і Раксаланаў, якіх мы называем Масагетамі, а таксама белымі Русінамі”311. Італьянскі гуманіст Антоніа Банфіні, які з 1486 г. жыў пры венгерскім двары, у сваім фундаментальным творы па гісторыі Венгрыі, Rerum Ungaricarum Decades, таксама згадваў Белую Русь: “Уся гэтая паўночная прастора ад Германіі да Каспійскіх брамаў — палявая і роўная; гэтую раўніну цяпер называюць Руссю, падзяляючы на Белую і Чорную”312. Дарэчы, згаданыя тут “Каспійскія брамы” (Дэрбенцкі праход), якія знаходзіліся ў антычнай Албаніі, ускосна пацвярджаюць нашую думку пра сувязь назвы Белая Русь з трактаванай у шырокім сэнсе Албаніяй.Хто ж быў тым “старадаўнім гісторыкам”, на якога спасылаўся Мяхоўскi? Намі прааналізаваныя фактычна ўсе асноўныя венгерскія хронікі, аднак нічога, што магло б паслужыць крыніцай паведамлення Мяхоўскага пра перасяленне мадзьяраў з Югры ў Панонію праз Белую Русь, выявiць у іх не ўдалося. У некаторых хроніках XIV ст. (дакладней кажучы, у іх спісах XV ст., бо пратографы XIV ст. не захаваліся) ёсць, зрэшты, згадкі пра “белых русінаў”, пра што гутарка будзе ніжэй. Але кантэкст, у якім зробленыя гэтыя згадкі, не дазваляе непасрэдна ўзводзіць да іх інфармацыю Мяхоўскага.
Большасць венгерскіх хронік XIV ст. (якія складаюць добра вывучаны генеалагічны рад) апісвае шлях перасялення мадзьяраў такiм чынам: ад Меаціды яны рухаліся праз рускія і сумежныя з імі землі (звычайна называюцца землі печанегаў, полаўцаў, торкаў, уласна Русі, а таксама яе частак — Суздаля, Кіева і г.д.). Мяхоўскі ж даводзiць, што продкі венграў рухаліся менавіта з Белай Русі да Меаціды, а не наадварот. Шлях “з Югpы да Меацiйскiх балотаў” праз Белую Русь, як ён уяўляўся Мяхоўскаму, добра iлюструюць разглядаемыя ў iншых раздзелах карты Вальдзеемюлера (1516), Меркатара (1538) ды iнш. Разыходжанне Мяхоўскага з венгерскімi крынiцамi тлумачыцца тым, што ён змяшчаў Белую Русь на поўначы, а тыя крынiцы, якiя мы разгледзiм нiжэй, — на поўднi Усходняй Еўропы.
Вядома, што адной з асноўных кpынiц, якой Мяхоўскі шыpока каpыстаўся пpы напiсаннi свайго тpактату, была “Хpонiка венгpаў” (1488) Янаша Туpацы. З яе, а таксама з iншых венгерскiх крынiц польскi вучоны пазычыў iдэю пра паходжанне венгpаў ад азiяцкiх югpаў
313. Але ў хроніцы Турацы Белая Русь не згадваецца. Праход венграў праз землі ўсходніх славянаў там адлюстраваны наступным чынам: “Усё спусташаючы на сваiм шляху, [венгры] люта апанавалi Бесаў i Белых Куманаў, затым Суздальцаў, Рутэнаў, а пасля ўварвалiся ў Чорную Куманiю”314.Гэтае паведамленне з даўніх часоў было для венгерскіх хронік традыцыйным, свайго роду агульным месцам. Так, у канцы XIII ст., апрацоўваючы агульнавенгеpскую хpонiку “Дзеi венграў” (
Gesta Hungarorum), пратограф якой узыходзiць да 1091—1092 г., венгерскi клiрык і хранiст Шымон Кезаi пiсаў пра перасяленне продкаў венграў з iх прарадзiмы ў IX ст.: “прайшлi землi печанегаў i белых куманаў (Bessorum et Cumanorum alborum terras), затым уступiлi ў Суздаль, Русь i землi чорных куманаў (Susdaliam, Rutheniam et nigrorum Comanorum terras ingressi)”315.Такім чынам, эпітэты белы і чорны ў дачыненні да некаторых этнонімаў ужываліся венгерскімі храністамі дастаткова шырока. У прыведзеных выпадках яны тычыліся белых і чорных
куманаў — г.зн. полаўцаў і торкаў адпаведна316. Але ў венгерскіх крыніцах амаль так жа часта, як “белыя” і “чорныя” куманы, сустракаюцца і “белыя” ды “чорныя” венгры317. “Угри белии”, а затым і “чернии” згадваюцца і ў “Аповесці мінулых часоў”, на што звяртаў увагу яшчэ Карамзін318.Цяпер ужо дакладна высветлена, што “белыя угры” — гэта ўласна венгры, а “чорныя угры” — іншая частка венгерскага племяннога саюза, якая ўключала ў сябе так званых “чорных хазараў”
319. Гэта, аднак, не вырашае праблемы паходжання саміх тэрмінаў белы і чорны венгерскіх крыніц, і дагэтуль у венгерскай гістарыяграфіі не выснавалася адзінага тлумачэння гэтага320. Становішча тут вельмі нагадвае разнастайнасць версій паходжання назваў Белая і Чорная Русь. Адны тлумачаць розніцу паміж “белымі” і “чорнымі” венграмі (а таксама і куманамі) пераважнымі масцямі коней у розных плямён ці племянных саюзаў, іншыя ўзводзяць яе да антытэзы паміж ужо ахрышчанымі і паганцамі. Некаторыя лічаць, што старажытным венграм была ўласцівая геаграфічная семантыка тэрмінаў белы і чорны (напрыклад, “заходні” — “усходні”), якая прапаноўвалася і для тлумачэння назвы Белая Русь.Няма ніякіх падставаў сцвярджаць, быццам паміж белымі і чорнымі венграмі
, белымі і чорнымі куманамі венгерскіх крыніц і Белай ды Чорнай Руссю існуе непасрэдная этымалагічная сувязь. Аднак цалкам магчыма, што такая сувязь бачылася відавочнай некаторым вучоным Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Так, напрыклад, фрагмент фразы Кезаi: Bessorum et Cumanorum alborum terras, Susdaliam, Rutheniam et nigrorum Comanorum terras ingressi — мог успрымацца няўважлівым чытачом ці перапісчыкам як albas terras Susdaliam, Rutheniam... (“белыя землі Суздалія і Русь”).На такую думку наводзiць, у прыватнасці, параўнанне двух выкладаў гісторыі Венгрыі, зробленых у XIV ст. нямецкiм паэтам Генрыхам фон Мюгельнам. Як і яго сучаснік Зухенвірт, ён вандраваў ад аднаго манаршага двара да іншага, і ў тым ліку пражыў пэўны час на рубяжы 1350—1360–х
г. у Венгрыi, дзе стварыў дзве хронікі: спачатку празаічную на нямецкай мове (Chronicon Henrici de Mьgeln Germanice Conscriptum), а затым вершаваную лацінамоўную (Chronicon Rhytmicum Henrici de Mьgeln)321. Апісваючы праход гунаў праз Усходнюю Еўропу, у лацінамоўнай хроніцы Мюгельн піша:Summunt per Bessos
Albos et Rutenos.
(
А
ў нямецкамоўнай у адпаведным месцы сцвярджае: тыя ж гуны “спачатку прайшлi праз краiну, дзе жыве народ, якi завецца Бесы, якiя адносяцца да паганцаў, потым праз зямлю чорных русінаў (daz land der Swarczen Reussen) i белых русінаў (vnd dy weyssen Reussen)”323. Ці не значыць гэта, што “белыя русіны” ў Мюгельна ўтвораныя на ўзор “белых бесаў”, згаданых у яго лацінамоўнай хроніцы?Большасць
спісаў нямецкамоўнай хронікі Мюгельна згадвае толькі “чорных русінаў” (Swarczen Reussen), і гэтая назва, магчыма, была ўжо ў пачатковай рэдакцыі хронікі. Калі так, дык гэта, бадай, самае старое з вядомых паведамленняў пра Чорную Русь (падрабязней гл. у раздз. 12). З усіх вядомых спісаў хронікі “белыя русіны” (weyssen Reussen) фігуруюць толькі ў тым, які захоўваецца цяпер у Hertzog–August–Bibliothek у ніжнесаксонскім горадзе Вольфэнбютэль і пазначаецца даследчыкамі хронікі ўмоўным індэксам Gu2324. Стварэнне гэтага спіса, самага старога з тых, што дайшлі да нас, і найбольш блізкага да пратографа хронікі, датуецца канцом 1420–х г., г.зн. тым жа часам, калі пісаў сваю хроніку Ульрых Рыхенталь. Мяркуючы па дыялектных асаблівасцях нямецкай мовы і некаторых іншых прыкметах, яно адбывалася ў Чэхіі ці Аўстрыі. У раздзеле 3 мы адзначалі пашырэнне назвы Белая Русь пры двары чэшскага караля і імператара Святой Рымскай імперыі Сiгiзмунда ў той самы час. Таму магчыма, менавiта тады “белыя русіны” былі ўнесеныя ў тэкст спіса Gu2 па аналогіі з “чорнымі”. Да такой высновы, прынамсі, прыйшоў каментатар хронікі Мюгельна венгерскі даследчык Яўген Траўнік325. Перапісчык “Хронікі...”, відаць, быў блізкі да тых інтэлектуальных колаў, да якіх належаў, напрыклад, нямецкi паэт Томас Прысшух (гл. раздзел 3). Але тэрмін, ужываны звычайна ў дачыненні да зусім іншай тэрыторыі, гэты невядомы нам перапісчык дастасаваў да земляў, сумежных з Венгрыяй, што ў пэўнай ступені дыктавалася логікай апрацоўванага ім тэксту.Хроніка Мюгельна — не адзіны помнік венгерскай гістарыяграфіі, які згадвае белых русінаў. У свой час яшчэ беларускі эмігранцкі гісторык С. Бpага адзначыў, што Белая Русь згадваецца пад 1351 г. у венгерскай
Chronicon Dubnicense326. Але гэтае паведамленне патрабуе дэталёвай расшыфроўкі.Дубнiцкай хpонiкай
(Chronicon Dubnicense)327 прынята называць копiю няпоўнага зводу агульнавенгеpскай хpонiкi, перапісаную каля 1479—1480 г. у трансільванскім горадзе Надзьварад (цяпер Орадзя Марэ, Румынiя). Асноўны тэкст хpонiкі ствоpаны значна pаней: непасрэднай яе крыніцай з’яўляецца т. зв. “Ілюстpаваная хpонiка” (Chronicon Pictum), перапісаная секешфехерварскім кусташам, капеланам караля Людвіка I Маpкам Кальцi ў 1358—1370 г. Апошнюю называюць яшчэ кампіляцыяй венгерскіх хронік XIV ст., паколькі яна таксама не з’яўляецца самастойнай крыніцай. Дарэчы, Кальцi таксама аддаў даніну традыцыі “белых куманаў”, прычым кантэкст, у якім ён згадвае гэтую назву, прыцягвае ўвагу некаторымі паралелямі з Албаніяй схаластаў XIII ст.: “Кажуць, што названая зямля Скiфiя ў некаторых месцах даволi шырокая, багатая гаямi, лясамi i лугамi i кiшыць размаiтымi вiдамi дзiкiх звяроў. Яе суседзi з усходу — печанегi i белыя куманы. Вакол Паўночнага мора, якое прылягае з захаду, да Суздальскай пустынi, прасцiраюцца непраходныя для людзей лясы”328.Chronicon Dubnicense
ў цэлым паўтарае Chronicon Pictum Марка Кальцi. Але апісанне падзей 1345—1355 г. складальнік Дубніцкай хронiкi запазычыў з іншай крыніцы — хронікі ананімнага венгерскага манаха–мінарыта (AnMin), удзельнiка выпраў Людвіка на ВКЛ у 1351—1352 г. Сучасная венгерская гістарыяграфія атаясамлівае яго з прыдворным клірыкам Людвіка I Янашам Кецьi, які доўгі час кіраваў школай пры Эгерскім манастыры мінарытаў і суправаджаў караля ў яго літоўскіх выправах.Між іншым, хронiка Кецьi (калі яе можна так называць) вельмі цікавая для даследчыкаў гісторыі ВКЛ, паколькі найбольш падрабязна апiсвае барацьбу паміж Літвой і Венгрыяй у сярэдзіне XIV ст. У прыватнасцi, яна ўзнаўляе ход вайны 1351 г. паміж Людвiкам I Вялiкiм i вял. кн. лiт. Кейстутам, прыводзячы заключаны iмi 15.08.1351 г. дагавор
329. У сувязі з літоўска–венгерскім канфліктам крыху ніжэй AnMin згадвае і белых русінаў. Пасля апісання няўдалай спробы венграў захапіць літоўскую крэпасць Бэлз (пры гэтай аблозе Людвік I быў паранены) на вербным тыдні 1352 г. (канец сакавіка — пачатак красавіка) хронiка паведамляе, што венгерскі кароль рушыў на Уладзімір–Валынскі “праз землі белых русінаў” (per terram Alborum Rutenorum)330. Такім чынам, для аўтара гэтага паведамлення “зямлёй белых русінаў” была Валынь, а магчыма, і ўсё Галіцка–Валынскае княства, будучая “Галіцыя і Ладамерыя” Габсбургаў.Упершыню
Chronicon Dubnicense ўвёў у навуковы абарот аўстрыйскі бібліёграф С. Эндліхер у венскіх Jahrbьcher der Literatur (1826), а затым M. Фларыянус апублікаваў яе ў грунтоўным выданні Historiae Hungaricae Fontes Domestici (1884). Абодва карысталіся адзіным рукапісам хронікі. Але ў апошняй публікацыі выраз per terram Alborum Rutenorum чамусьці адсутнічае331. Ужо ў канцы XIX ст. А. Лявіцкі, які звёў разам публікацыі Эндліхера і Фларыянуса, шчыра дзiвiўся, чаму гэтыя аўтары, карыстаючыся адным і тым жа арыгіналам, дапусцілі столькі разыходжанняў332. Зварот да арыгінала Дубнiцкай хpонiкі пераконвае, што больш дакладным быў якраз Эндліхер. На жаль, шырокае распаўсюджанне ў даследчыцкіх колах атрымала менавіта публікацыя Фларыянуса. Яна стала лічыцца як бы эталонным узнаўленнем AnMin, што значна ўскладніла наша знаёмства з сапраўдным паведамленнем AnMin пра зямлю белых русінаў333.Мы не маем магчымасці вызначыць дакладна, ці гэтае паведамленне сапраўды адносіцца да сярэдзiны XIV ст. (часу стварэння хронiкi Кецьi), ці з’явілася падчас стварэння ўласна Дубнiцкай хpонiкі (канец XV ст.). Але па аналогіі з хронікай Мюгельна больш імаверным уяўляецца менавіта другое меркаванне.
Заслугоўвае ўвагі аднясенне невядомым аўтарам да зямлі белых русінаў Уладзiмiра Валынскага. Валынь, вядомая ў Еўропе (перш за ўсё ў Венгрыі) як
Ladimeria цi Magna Laudameria, славілася сваёй магутнасцю і багаццем яшчэ ў XI—XIII ст.334. Калі меркаванне, якое дайшло да нас у Дубнiцкай хpонiцы, было досыць распаўсюджаным у Венгрыі XIV—XV ст., ці не паўплывала яно пэўным чынам на фармаванне пераканання заходнееўрапейскіх аўтараў XVI—XVII ст., запазычанае ў XVIII ст. Тацішчавым, што пачатковая Белая Русь — гэта Vladimiria (але паўночная, ад Уладзіміра на Клязьме)?Апошняя крыніца, якую мы разбярэм у гэтым раздзеле, не адносіцца, уласна кажучы, да венгерскіх хронік, але заслугоўвае таго, каб быць прааналізаванай побач з імі. У свой час Г. Галенчанка звярнуў увагу на помнік польскай агіяграфіі “Жыцiе Св. Кунегунды, княгiнi Кракаўскай”, у якім таксама ёсць звесткі пра Белую Русь
335.Багаславёная (а не святая, як сцвярджае “Жыцiе”
336) Кунегунда (1234—1292), больш вядомая пад сваiм памяншальным венгерскiм iмем Кiнга, была дачкой венгерскага караля Белы IV (1206—1270) i жонкай кракаўскага князя Баляслава Сарамлiвага (1226—1279). Яе дзядзька Кальман (1208—1241) у “Жыцii” названы “каралём белых русiнаў” (rex Ruthenorum Alborum)337. Вядома, што Кальман у 1214—1227 г. з пераменным поспехам вёў барацьбу за галiцкi прастол, некалькi разоў авалодваў Галiчам i губляў яго і з 1215 г. тытулаваўся “rex Galiciae”. Значыцца, менавiта Галiччына названа ў “Жыцii Св. Кунегунды” Белай Руссю. Але якiм часам трэба датаваць такi погляд i наколькi ён быў распаўсюджаны?Хаця стварэнне “Жыція” датуецца прыкладна 1329 г., самыя раннiя яго спiсы, дайшоўшыя да нас, адносяцца да сярэдзiны XV ст.
338 Невядома, цi ўтрымлiваўся ў пачатковай рэдакцыi твора выраз rex Ruthenorum Alborum. Як схiльная думаць польская даследчыца сястра Вiткоўская, ён мог быць унесены пазнейшым перапiсчыкам339. Ніжэй мы ўбачым, што Фiлiп Калiмах у канцы XV ст. карыстаўся тэрмiнам Белая Русь прыкладна ў тым жа сэнсе, што i вядомая нам рэдакцыя “Жыцiя”. А вось славуты польскi гiсторык Ян Длугаш, якi каля 1471—1473 г. стварыў сваё “Жыцiе багаславёнай Кунегунды”, як мяркуюць, менавiта на падставе пачатковай рэдакцыi, гэты тэрмiн не ўжывае. Вядома, што ў яго творах ён увогуле не сустракаецца.Праўда, у версіі “Жыцiя” паводле Длугаша можна знайсцi намёк на тое, адкуль ён пранiк у польскую агiяграфiю. У месцы, адпаведным арыгiнальнаму “Жыцiю”, дзе ўзнаўляецца генеалогiя Кунегунды–Кiнгi, Длугаш паведамляе, што Кальман быў жанаты з Саламеяй, дачкой кракаўскага князя Лешкi II Белага:
Colomano... cum Salomea coniuge sua, filia Lestkonis albi Polonis Ducis 340. Кампазiцыя гэтага ўрыўка з Длугаша вельмi нагадвае арыгiнальнае “Жыцiе”, прычым хтосьцi недасведчаны ў лацiне мог зразумець выраз Lestkonis albi Polonis Ducis не толькi як “Лешкi Белага, князя польскага”, але i як “Лешкi, белага князя Польшчы”. Само iмя брата Кальмана — Бела — магло выклiкаць у польскага агiёграфа XIV цi XV ст. памылковыя асацыяцыi. Як адзначалася ў раздзеле 5, у канцы XVI ст. англiчанiн Дж. Флетчар менавiта ад венгерскага iмя Бела спрабаваў вывесцi этымалогiю тэрмiна “белы рускi цар”.Можна звярнуць увагу яшчэ на адну акалiчнасць. Сапернiкам (прытым сапраўды ўдалым) Кальмана ў барацьбе за Галiччыну быў дзядзька Лешкi Белага, наўгародскi князь (у 1210—1215 i 1216—1218 г.) Мсцiслаў Мсцiслававiч Удалы. Менавiта Лешка ў 1215 г. запрасiў Мсцiслава з Ноўгарада ў Галiч, дзе той княжыў у 1219—1227 г., увесь час змагаючыся з прэтэнзiямi Кальмана, якога падтрымлiвалi Польшча, Венгрыя i Святы прастол
341. Мiж тым, Мсцiслава добра ведалi i на поўначы каталiцкай айкумены: у 1212—1214 г. ён некалькi разоў вадзiў сваё войска ў Эстонiю, супраць дацкiх i нямецкiх крыжакоў. Калi ў гэты час Белая Русь як назва Ноўгарада ўжо iншы раз ужывалася немцамі i скандынавамi, то можна ўявiць, што i Мсцiслава называлi князем менавiта гэтай Белай Русi. Тады можна дапусціць і перанос пры яго “пасрэдніцтве” гэтай назвы на Галіччыну342. Як мы бачылi, падобным чынам стаў “герцагам Белай Русi” смаленскi князь Фёдар Юр’евiч. Такое тлумачэнне паходжання выраза rex Ruthenorum Alborum здавалася б больш рэалістычным, калi б гэты выраз утрымлiваўся ўжо ў самых раннiх рэдакцыях “Жыцiя”. Але пацвердзiць гэтую версiю магла б толькi знаходка нейкiх лацiнска– цi нямецкамоўных дакументаў пачатку XIII ст., якiя б называлi Мсцiслава “князем белых русiнаў”. Значна прасцейшым і больш лагічным, улічваючы нашыя дадзеныя пра даціроўку паведамленняў хронік Мюгельна і Дубніцкай, будзе іншае меркаванне: ва ўсіх венгерскіх (і звязаных з імі) крыніцах звесткі пра Белую Русь з’явіліся ў XV ст. — пад уплывам геаграфічнай тэрміналогіі, распаўсюджанай у заходніх суседзяў венграў — немцаў і, магчыма, італьянцаў.Аўтар пачатковага “Жыцiя Кунегунды”, паводле ўласнага прызнання, у шэрагу iншых крынiц карыстаўся i нейкай “венгерскай хронiкай”
343. Тэарэтычна, звесткi польскага агiёграфа пра Белую Русь маглi быць запазычаныя i адтуль, хаця незразумела, якая канкрэтна венгерская хронiка магла паслужыць iх крынiцай. У кожным разе, не “Венгерска–польская хроніка” (Chronica Hungaro–Polonica), якая ўзнiкла пры двары Кальмана якраз у той час, калі ён прэтэндаваў на Галіччыну, бо ў гэтай хроніцы Белая Русь не згадваецца344. Гэта аргумент хутчэй на карысць таго, што ў атачэнні Кальмана не ведалі гэтай назвы — асабліва калі было б устаноўлена, што пад “венгерскай хронiкай” аўтар “Жыцiя” меў на ўвазе менавіта Chronica Hungaro–Polonica.Паведамленнi з “Жыцiя Кунегунды” не пярэчаць дадзеным венгерскiх хронiк, паводле якiх Белая Русь
(Белая Куманiя?) знаходзiлася недзе на ўсход ад Карпат, на землях, праз якiя ў IX ст. пралягаў шлях перасялення протавенграў на будучую радзiму. Адзначым, што венграм як Русь былі вядомыя ў асноўным cумежныя з імі землі сённяшняй Украіны (перш за ўсё Галіччына і Валынь), а таксама паўднёва–заходнiя землi Беларусi, якiя лічыліся быццам бы неад’емнай часткай “Галіцыі і Ладамерыі” i на якiя аж да XVIII ст. пашыралiся экспансiянiсцкiя планы венгерскiх каралёў і князёў Трансільваніі. Таму тэрмін terra Alborum Rutenorum345, калі ён быў запазычаны з нейкіх замежных (хутчэй за ўсё нямецкіх) крыніц, амаль непазбежна мусіў праецыравацца венграмі на тую частку Русі, якая пазней стала называцца Чырвонай. Але наколькі гэты тэрмін быў устойлівым і характэрным для венгерскiх крыніц XIV—XV ст.? Наколькі важным быў уплыў гэтых крыніц (апроч фактараў, разгледжаных у раздзеле 6) для ўзнiкнення канцэпцыі “трансрыфейскай” Белай Русi ў еўрапейскай геаграфічнай навуцы канца XV ст.? Прыходзіцца прызнаць, што пакуль для ўпэўненага адказу на гэтае пытанне бракуе дакладных звестак.