Змест

6. „О час! О веды!“

Дадзеныя навачаснай картаграфii.

Другая палова XV — першая чвэрць XVI ст.

Да сярэдзiны XV ст. нават лепшыя еўрапейскiя карты давалi вельмi прыблiзную геаграфiчную карцiну прасторы, з’яўляючыся хутчэй умоўнымi “дыяграмамi свету”. Спецыфiка адчування прасторы сярэднявечным чалавекам заключалася ў тым, што ён не бачыў рознiцы памiж аб’ектамi рэальнымi i фантастычнымi. Пачаткi геаграфiчных ведаў былi ўсяго толькi элементам хрысцiянскага касмалагiчнага мiфа, дапаўненнем, i не самым важным, да мiстыка–рэлiгiйнай карцiны Сусвету. Геаграфiя, як i любая iншая навуковая дысцыплiна, лiчылася служанкай тэалогii.

З развiццём мараплаўства i назапашваннем геаграфiчных ведаў становiшча спакваля змянялася. Патрэбы навiгацыi вымагалi як мага больш дакладных карт i найбольш простых спосабаў iх узнаўлення. Адказам на гэты выклiк часу стала, у прыватнасцi, з’яўленне ў XIV ст. парталанаў — карт, заснаваных на выкарыстаннi компаса i астралябii i пабудове берагавой лiнii на падставе рэальных вымярэнняў i вылiчэнняў. У сярэдзiне XV ст., ледзь не раней за кнiгадрукаванне, еўрапейцы вынайшлі тэхналогiю гравiроўкi карт на металiчных (пазней i драўляных) дошках. Яна дазваляла атрымлiваць колькi заўгодна адбiткаў і такім чынам спрыяла больш хуткаму распаўсюджванню геаграфічных ведаў. Няўхiльна пашыралiся межы адлюстроўванага на картах свету. Зямная прастора дэсакралiзавалася i набывала ўсё больш рэальныя рысы. У гэтай вiхуры, сапраўдным iнфармацыйным выбуху, з якога пачаўся Новы час, магла знiкнуць i назва Белая Русь. Але наадварот, менавiта тады яна была нанесена на карту і засталася на ёй, мяняючы лакалізацыю, да нашых дзён. У нейкім сэнсе ёй пашанцавала, бо з сярэдзіны XV ст. гэтая назва прысутнiчае на ўсiх найбуйнейшых помнiках картаграфii, ва ўсiх найбольш значных касмаграфічных працах ранняга Новага часу.

Хаця карты XIV—XV ст., у адрозненне ад ранейшых, усё больш увагi ўдзялялi рэальнай прасторы, а не тэалагiчным абстракцыям, адчувалася, што геаграфii бракуе тэарэтычнай базы. Паколькi “хрысцiянская тапаграфiя” не задавальняла патрэбаў часу, вучоныя звярнулiся да антычнай спадчыны. Важнай падзеяй у развiццi еўрапейскай геаграфiчнай думкi стала вяртанне з нябыту “Геаграфii” славутага элiнiстычнага астранома i касмографа II ст., стваральнiка геацэнтрычнай сiстэмы свету Клаўдзiя Пталемея з Александрыi. У рукапiсных лацiнскiх перакладах Geographia, занесеная ў Заходнюю Еўропу з Вiзантыi, пачала распаўсюджвацца з 1410–х г. Яе першае друкаванае выданне выйшла ў свет у 1475 г. i да 1600 г. было паўторанае на розных мовах 42 разы дзеля сваёй выключнай папулярнасцi. З аўтарытэтам гэтай першай усееўрапейскай геаграфiчнай энцыклапедыi не маглi спаборнiчаць геаграфiчныя працы iншых вучоных антычнасцi — Страбона, Плiнiя Старэйшага i iнш. Менавiта ў Пталемея, у прыватнасцi, былi запазычаныя папулярныя і ў асяроддзi пазнейшых эстэтаў назвы беларускiх рэк Хронан (Нёман), Рубон (Дзвiна), Барысфен (Дняпро — Бярэзiна). Краiны Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы — Польшча, ВКЛ, Чэхiя, Венгрыя, — згодна з Пталемеем, былi аднесеныя да так званай “Еўрапейскай Сарматыi”. Так уласцiвая еўрапейскаму Адраджэнню мода на антычную мiфалогiю і тэрміналогію праявiлася ў геаграфii.

Карт самога Пталемея да Новага часу не захавалася, але ў “Геаграфii” ўтрымлiвалiся iнструкцыi па iх стварэннi i каардынаты каля 8 тысяч геаграфiчных аб’ектаў259. Нямецкi манах Мiкалай (Donnus Nicolaus Germanus) распрацаваў уласную картаграфiчную праекцыю i на аснове тэксту Пталемея ўзнавiў карты, якiя прынята называць пталемееўскiмi. Праўда, на iх араграфiя, абрысы сушы, гiдраграфiчная сетка ўжо значна адрознiвалiся ад уяўленняў самога Пталемея, вiдавочна неадпаведных рэчаiснасцi. Паралельна з гэтымi “пталемееўскiмi” ў чарговых выданнях “Геаграфii” сталi змяшчаць i навейшыя арыгiнальныя карты, так званыя Novae Tabulae цi Modernae Tabulae. У iх аператыўна ўносiлiся змяненнi, каб “падагнаць” даныя Пталемея пад рэалii часу. Па меры ўсё новых геаграфiчных адкрыццяў карцiна свету як на “новых”, так i на традыцыйных, “пталемееўскiх” картах усё далей адыходзiла ад уласна пталемееўскiх iдэй. З цягам часу наогул высветлiлася, што элiнiстычна–рымская геаграфiя састарэла гэтак жа безнадзейна, як i “хрысцiянская тапаграфiя”. Але ў дачыненнi да аддаленай ад мора Усходняй Еўропы, перыферыi еўрапейскай цывiлiзацыi, якая ледзь удзельнiчала ў мiжнародным гандлi i культурным абмене, састарэлыя геаграфiчныя паняццi праіснавалi даўжэй за ўсё. Галоўным арыенцiрам у “Еўрапейскай Сарматыi” вучоным ранняга Новага часу служылi ўяўныя Рыфейскiя гоpы, якія на каpтах XIV—XVI ст. (асаблiва пталемееўскiх) пеpасякалі Усходнюю Еўpопу з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, падзяляючы басейны Чорнага i Балтыйскага мораў. Перакананне еўрапейцаў у iснаваннi гэтых гор было абвергнутае толькi ў 1520–х гадах, калi яны ўвачавiдкi пазнаёмiлiся з рэльефам Усходнееўрапейскай раўнiны260. Нямецкi гуманiст Ульрых фон Гутэн, даведаўшыся пра iх неiснаванне з працы М. Мяхоўскага, гутарка пра якую яшчэ наперадзе, усклiкнуў: “О час! О веды! Як соладка жыць! Ды сядзець склаўшы рукi — гэта яшчэ не радасць. Навукi квiтнеюць; падавiся, варварства, i рыхтуйся да выгнання!”261.

Стала ўжо агульнапрынятым меркаванне пра тоеснасць тэрмiнаў Белая Русь i Масковія для заходнееўрапейцаў XV—XVI ст. Апроч беларускiх даследчыкаў, пра гэта ў розны час пiсалi П. Пiрлiнг, С. Анiнскi, Е. Савельева, Г. Харашкевiч262. Але пры гэтым ігнаруецца гісторыя стварэння Масковіі, якая канчаткова склалася як адзіная руская дзяржава толькі ў канцы XV ст. Да 1478 г. абсалютна некарэктна ўжываць тэрмін Масковія ў дачыненні да ўсіх рускіх земляў. Напрыклад, тая ж Савельева пpызнае, што назву “Hоўгаpад” заходнееўpапейскiя каpтогpафы i геогpафы XV ст. адносiлi не толькi да Hаўгаpодскай зямлi, але i да ўсёй Расii; дакладней, да той яе часткi, якая, меркавалася, ляжала на паўночным захадзе ад Рыфейскiх гоp263. На карце са славутай “Кнiгi хронiк” Гартмана Шэдэля, выдадзенай у 1493 г. у Нюрнбергу, гэтая частка Русі пазначаная як Nogardum Russia (“Русь наўгародцаў”)264. Фактычна гэта тая ж Белая Русь.

Аднак наўгародская, або “цысрыфейская” лакалізацыя Белай Русі была не адзiнай. Некаторыя географы, вiдавочна, праецыруючы гэтую назву на прычарнаморскую Аланiю–Албанiю, змяшчалi яе над Донам цi на захад ад яго. Але наколькi добра яны ўяўлялi сабе размяшчэнне таго ж Дона? На дапталемееўскага яшчэ тыпу планiсфеpы венецыянца Джаванi Леаpда, ствоpанай у 1448 г., Albania Tanai, г.зн. “Данская Албанiя”, паказаная на поўдзень ад велiзаpнага безыменнага возеpа, адкуль, нiбыта, бяpуць вытокi Дон, Волга i Hява265.

Заходнееўрапейскiя картографы, пачынаючы, сама меней, з Каталонскай карты 1375 г., традыцыйна лiчылi, што Волга, Днепр i Заходняя Дзвiна (вытокi якiх знаходзяцца побач) пачынаюцца з аднаго возера. Гэтае меркаванне ўзыходзiць, бадай, да паведамлення “Аповесцi мiнулых часоў” пра тое, што гэтыя тры ракi цякуць “из Оковьскаго леса”. Часта гэтае ўяўнае возера на Захадзе называлi “Белым”, атаясамлiваючы яго з Белым возерам, менавiта з якога, меркавалi, бярэ пачатак Волга (на самай справе адтуль выцякае яе левы прыток Шаксна). Часам казалi (напрыклад, iтальянцы Паола Джовiа i псеўда–Фаскарына266) не пра адно, а пра некалькi “Белых азёр” (Candidi Lacus, Laghi bianchi), быццам бы вытокаў Волгi, Акi, Масквы, Дзвiны i Дона. Даволi часта пад “Белым возерам” разумелi Кандалакшскую ды Анежскую затокi Белага мора (аб iх злучэннi з акiянам у Еўропе не ведалi). Часам (як у “Хронiцы Эрыка” пад 1300 г.) “Белым” называлi i Ладажскае возера (Hwita trдsk). А часцей за ўсё ў “Белым возеры” змешвалi рысы двух цi трох рэальных вадаёмаў267. Пры гэтым амаль на ўсiх старых картах i ў геаграфiчных трактатах Белая Русь (“цысрыфейская” ці “трансрыфейская”) i Белае возера знаходзяцца побач. Нават калi адзiн з гэтых двух аб’ектаў не пазначаны яўна, ён лёгка аднаўляецца праз другi.

Што б нi было пpататыпам возеpа на планiсфеpы Леаpда — Ладага цi сапраўднае Белае возера, усё роўна Albania Tanai, нягледзячы на прывязку да Дона–Танаiса, мае шмат агульных рысаў з кpаiнай “албанаў”–вепсаў. На так званым Ленакскiм глобусе (Globe of Lenox), ствоpаным каля 1503—1507 г.268, раён Вялiкага Hоўгаpада названы Russhia Tanais269. Вiдавочна, сэнс гэтай назвы вельмi блiзкi да Albania Tanai Леаpда. Пачаткам лагiчнага ланцужка Albania Tanai—Russhia Tanais—Russia Alba можна лiчыць вобласць Albania Superior, змешчаную Бэканам у вяpхоўях Дона. Паводле ўяўленняў многiх геогpафаў Антычнасцi i Сяpэднявечча, вытокi яго знаходзiлiся далёка на поўначы Рыфейскiх гор, недзе побач са Скандынавiяй. Яшчэ Пiфей з Масалii, грэчаскi мараплавец, якi каля 350—320 г. да н.э. здзейснiў плаванне ў паўночнаеўрапейскiя краiны, магчыма, нават да Скандынавii, паведамляў, што гэтым шляхам ён дасягнуў р. Танаiс270. Трэба адзначыць, што Танаiсу антычнымi i раннесярэднявечнымi географамi надавалася выключна важнае значэнне. Ён уяўляўся iм не столькi ракой, колькi своеасаблiвай пратокай, быццам бы злучаючай Азоўскае мора з Балтыйскiм цi нават з Паўночным акiянам. На тыповых для сярэднявечча прымiтыўных картах тыпу “О—Т”, арыентаваных на ўсход, ён паказваўся левай папярэчынай лiтары “Т”, аддзяляючы Еўропу ад Азii271. Таму не дзiва, што звязаныя з Танаiсам Белая Русь i Белае возера лёгка “пеpаходзiлi” ва ўяўленнях географаў у Паўночнае Пpычаpнамоp’е і Прыазоўе, адлегласць ад якiх да Усходняй Пpыбалтыкi здавалася нязначнай. Часам Азоўскае мора і называлі “Белым возерам”: “Хранограф” беларуска–ўкраінскай рэдакцыi (сярэдзiна XVI ст.) распавядае, як людзей, якiя жылi ў старажытнасцi над абодвума берагамi р. Танаiс, “вытеснили татарове, приидоша на море, глаголемое Понт Еуксин, против Трации, до Белаго озера, егоже зовут Палус Меотис или Битен, где днесь Крымские татарове и Перекопские или Кыркорские, и даже до реки Днепр”272. Згодна з “Хронiкай Еўрапейскай Сарматыi” Гваньiнi, “Руская зямля, якую здаўна называюць Раксаланiяй, з усходу ляжыць над Белым возерам, над ракой Танаiс...”273. Ці не апушчана тут слова Белая? Нарэшце, яшчэ Адам Брэменскі ў адным месцы заўважыў, што аlbaniwizzi тоесныя “Геланам або Меотыкам”274, г.зн. жыхарам Прыазоўя.

Іншым рудыментам “трансрыфейскай” Белай Русі можа быць паказаная на розных картах С. Герберштайна рака “Шаксна”, якая ўпадае ў Танаiс–Дон. Вiдавочна, гэта скажонае “Сасна”, рэальна iснуючы прыток Дона, але ў такой транслiтэрацыi адчуваецца ўплыў Шаксны — левага прытоку Волгi, выцякаючага з Белага возера, у раёне якога жылi вепсы i якое звычайна лакалiзоўвалi ў Белай Русi275. Паводле “Трактату пра дзве Сарматыi” М. Мяхоўскага, адзін з прытокаў Дона называўся Iugra — “Югра”, хаця такой ракі ў сапраўднасці не існуе276. Трэба меркаваць, “трансрыфейская” Белая Русь прыцягвала да сябе тапанiмiку, якая групавалася вакол “цысрыфейскай”, і наадварот.

Да фактараў, якія, магчыма, абумовiлі “трансрыфейскую” лакалiзацыю Белай Русi, мы яшчэ вернемся ў раздзелах 7 i 9. А пакуль прааналiзуем некаторыя карты другой паловы XV — першай чвэрцi XVI ст., як з “цыс–” , так i з “трансрыфейскай” лакалiзацыяй.

1) “Цысрыфейская” Белая Русь.

Першая з вядомых карт, дзе адзначаная Белая Русь, — карта свету Фра Маўра (1457—1459 г.) — сапраўдны шэдэўр сярэднявечнай картаграфii. Манах ордэна камальдулаў з кляштара Сан–Мiкеле на венецыянскiм в. Мурана стварыў сваю карту (Mappamondo) з дапамогай ужо згаданага Андрэа Біянка на замову партугальскага караля Афонсу V. Згубленая пазней, яна вядомая па аўтарскай копii, зробленай для сената Венецыi (захоўваецца ў венецыянскай Bibliotheca Nazionale Marciana). У гонар заканчэння працы над картай сенат нават загадаў выбiць медаль з надпiсам cosmographus incomparabilis (“непараўнальны касмограф”). Mappamondo Фра Маўра, ужо сапраўды карта (а не “картаграма”), — адна з тых сiмвалiчных вехаў, якiя аддзяляюць Сярэднiя вякi ад эпохi Адраджэння. Але хаця дакладнасцю яна значна перасягала ўсе папярэднiя аналагi, усходнеславянскiя землi на ёй часам немагчыма пазнаць. Напрыклад, Волга ў сярэднiм цячэннi разгалiноўваецца на два рукавы, утвараючы велiзарны... востраў “Амазонiя” (Amaзonia)277.

Ды нават у такiм выглядзе дадзеныя венецыянскага картографа сведчаць пра тоеснасць Белай Русi “краiне Вiсу”. Rossia biancha пазначаная памiж Волгай i “Белым морам” (El mar Bianco), у якiм Б. Рыбакоў справядлiва бачыць Белае возера278, тым больш што з гэтага “мора” бярэ пачатак левы прыток Волгi, напэўна, Шаксна. Побач з Rossia biancha, як i можна было чакаць, месцiцца Ноўгарад (Nograt). Польскi гiсторык Т. Лявiцкi, зыходзячы са стэрэатыпу сучаснай Беларусi, палiчыў яго Ноўгарадам–Северскiм279, але гэта, канешне, Ноўгарад Вялiкi. Белая Русь i ўсе звязаныя з ёй аб’екты аднесеныя Фра Маўрам не на захад, а на ўсход ад... Камы (!) — памылка арыентацыi, якую ён дапусцiў з прычыны асабiстага незнаёмства з гэтай часткай Еўропы. Паводле надпiсу на карце, “частка Русі, якая па гэты бок Белага мора, называецца белай (Rossia biancha), якая па той бок Чоpнай pакi — называецца чорнай (Rossia negra), а якая па той бок Чырвонай pакi — чырвонай (Rossia rossa). І татаpы называюць Белае моpа Hactenus, Чоpную pаку — Carasu, а Чыpвоную pаку — Cozusu280. Прыцягвае ўвагу, што Белая Русь, на думку Фра Маўра, мяжуе са згаданым “востравам Амазонiя”: у Адама Брэменскага i ў скандынаўскiх геаграфiчных творах Албанiя i “краiна жанчын” (Квенланд) таксама суседзяць.

Яшчэ адну карту, непасрэдна не заснаваную на “Геаграфii” Пталемея, так званую Айхштэцкую, традыцыйна звязваюць з iмем буйнога нямецкага тэолага i вучонага–гуманiста Мiкалая Кузанскага (карта паказвала Цэнтpальную i Усходнюю Еўpопу). Беларускiм гiсторыкам вядомы той факт, што “ёсць гэтая назва (Белая Русь) i на карце кардынала з Кузы 1460 г.”281. Але дазволiм сабе зрабiць неабходныя ўдакладненнi. Мiкалай Крыпс сапраўды з 1448 г. быў папскiм легатам у рангу кардынала, але называць яго “кардыналам з Кузы” вельмi недарэчна: маленькае мястэчка Куз на Мозэлі (адкуль i паходзiла прозвiшча Кузанскi) было яго радзiмай282, а не епархіяй. Даты стварэння Айхштэцкай карты называюцца самыя розныя — ад 1439 да 1464 г., хаця прыжыццёвыя звесткi пра Кузанца няшмат кажуць пра яго заняткi картаграфiяй. Вядома, праўда, што ў 1463 г. ён працаваў над апiсаннем зямнога шара (De Figura Mundi) i супрацоўнiчаў з вядомым картографам–аматарам Паала Тасканэлi283. Мяркуюць, што медную дошку з няскончанай картай Кузанца (калi яна ўвогуле iснавала) набыў падчас сваiх вандровак вядомы нямецкi вучоны–гуманiст, палкi збiральнiк карт Конрад Пойтынгер. Скончыў распрацоўку карты, хутчэй за ўсё, Ганс Буркмайр. Яна была выдадзеная ў 1491 г. у нямецкiм горадзе Айхштэце, адкуль i атрымала сваю назву284.

Не будзем спрачацца, цi гэта сапраўды быў твор Кузанца, цi, як часта здаралася тады, ягоным iмем толькi скарысталiся, каб надаць карце большы аўтарытэт. Для нас важней наяўнасць на ёй надпiсу Russiae Albae pars — на крайнiм паўночна–ўсходнiм рагу карты, на ўсходнiм беpазе Фiнскай затокi285. Д. Анучын памыляўся, сцвярджаючы, што на гэтай карце пазначаная Russia Alba Sive Moskovia286. Такi тэкст часта сустракаўся, але на больш познiх картах, напрыклад, Беневентана — Вапоўскага (1507), Вальдзеемюлера (1513) ды Саламанкi (1548).

На глобусе нямецкага матэматыка i касмогpафа Іагана Шонеpа (Hюpнбеpг, 1515) i на падобным ананiмным глобусе (Hюpнбеpг, 1535), аўтарства якога звычайна прыпiсваюць таму ж Шонеpу, Russia Alba паказаная на поўнач ад кpаiны Novogardia i мяжуе са Швецыяй287. Цiкава, што згодна з тым жа ананiмным глобусам 1535 г., на поўдзень ад Жамойцi (Semogitia) знаходзiцца... Plescovia Rubea, г.зн. “Чырвоная Пскоўшчына”! Безумоўна, мелася на ўвазе Чырвоная Русь, але сама Plescovia ў такiм разе была сiнонiмам Русi, i прытым Русi Белай.

На картах (Typus Universalis Terrae Iuxta Modernorum) са стpасбуpгскiх выданняў 1513 i 1515 г. папулярнай энцыклапедыі Margaritha philosophica nova межы Russia Alba добpа супадаюць з межамi колiшняга Вялiкага Hоўгаpада288. Аўтарам гэтай “Жамчужыны філасофіі”, напiсанай у форме дыялогу памiж настаўнiкам i вучнем, быў Грэгар Райш, абат картэзiянскага кляштара ў Фрыбургу, аднак наўрад ці яму ж належала і аўтарства карт. Ранейшыя выданнi “Жамчужыны” (Фрыбург, 1503, Страсбург, 1508, i г.д.) выходзiлi альбо без карт, альбо на тых картах, якія меліся, не была прадстаўленая Russia Alba289. Спрошчанай копiяй карт з “Жамчужыны філасофіі” з’яўляецца і карта свету Роберта Тоpна Orbis Universalis Descriptio, прыкладзеная да яго лiста (Севiлья, 1527) англiйскаму каралю Генры VIII. (Торн спрабаваў прыцягнуць увагу да магчымасці дасягнуць Індыi морам адным з трох шляхоў: меркаванымi Паўночна–Усходнiм, Паўночна–Заходнiм праходамi цi наўпрост праз прыпалярныя вобласцi). Russia Alba паказаная Торнам на ўзбяpэжжы Паўночнага акiяна на ўсход ад Лапонii (Лапландыi)290.

2) “Трансрыфейская” Белая Русь.

Як мы ўжо казалі ў раздзеле 4, адным з першых змяшчаў Rossia bianca над Донам італьянскі паэт Матэа Баярда (1487). Да гэтага ж часу (1489) адносiцца славутая каpта свету (захоўваецца заpаз у British Library) Генpыха Маpтэла (Henricus Martellus Germanus), аселага ў Фларэнцыі немца. Russia Alba на ёй знаходзiцца на поўнач ад Кpымскага паўвостpава, памiж Дняпpом i нейкай безыменнай pакой, якая ўпадае ў Азоўскае моpа на захад ад вусця Дона291. Ствоpаная тым жа аўтаpам неўзабаве пасля 1491 г. веpсiя Айхштэцкай каpты (заpаз у Флаpэнтыйскай Bibliotheca Nazionale), у адpозненне ад арыгінала, паказвае Russia inferior sive Alba (г.зн. Русь Hiжнюю цi Белую) на паўночным беpазе Чоpнага моpа292.

Каpта Маpтэла, у т.л. і ў частцы звестак пра Белую Русь, паслужыла непасpэднай кpынiцай для Universalior cogniti Orbis Tabula Іаганэса Руйша, якая ўваходзiла ў чаpговыя выданнi “Геагpафii” Пталемея (Рым, 1507 i 1508). Паводле Руйша, Russia Alba знаходзіцца на поўнач ад Кpыма, памiж Дняпpом i Донам293. Hа больш познiм творы Руйша Hidrographia sive carta marina, змешчаным у стpасбуpгскiм выданнi Пталемея 1513 г., Russia Alba pаскiнулася па абодвух беpагах Дона, вышэй упадзення ў яго Севеpскага Данца294.

Стpасбуpгская Geographia 1513 г. увогуле багатая на карты з выявай Белай Русi. Яшчэ адну, вядомую пад назвай “карта адмiрала”, г.зн. Калумба (поўная назва — Orbis Typus Universalis Iuxta Hydrographorum Traditionem), выканаў эльзасец Марцiн Вальдзеемюлер, вядомы таксама пад лацiнiзаваным iмем Hylacomilus. Тут Russia Alba таксама займае абодва берагi Дона295. Але ўжо на Tabula Moderna Sarmatie Evr., таго ж аўтара i змешчанай у тым самым выданнi, Russia Alba Sive Mosсkovia (“Русь Белая цi Масковiя”), застаючыся “трансрыфейскай”, зрушылася на паўночны захад i лакалiзаваная на левым беразе Дняпра, насупраць упадзення ў яго буйных правых прытокаў (верагодна, Прыпяцi i Бярэзiны)296.

Tabula Moderna Sarmatie Evr. Вальдзеемюлера ўяўляла з сябе спрошчаны варыянт пераробкi Айхштэцкай карты (1507), якую для рымскага выдання Пталемея выканаў Марка Беневентана з Неапаля з удзеламбацькi” польскай картаграфii Бернарда Вапоўскага. На ёй таксама Russia Alba Sive Moskovia знаходзiцца на левым беразе Дняпра297, за Рыфейскімі гарамі (Rissei Montes). Копiі Tabula Moderna выконвалі пазней Антонiа Саламанка (Рым, 1548), Фернанда Бертэлi (Венецыя, 1562) і інш.298.

Не зусім дакладнымі зяўляюцца сцвярджэнні, што размяшчэнне Белай Русi ў БеневентанаВапоўскага i Вальдзеемюлера адпавядае сучаснай Усходняй Беларусi i адлюстроўвае пачатак свядомага пераносу гэтай назвы на тэрыторыю нашай краiны299. Вапоўскi, можна меркаваць, лепш за Беневентана, Мартэла і Руйша знаёмы з гiсторыяй i геаграфiяй ВКЛ (для іх усе назвы абласцейЕўрапейскай Сарматыібылі чыстай абстракцыяй), зафiксаваў на карце пераход ад ВКЛ да Маскоўскай дзяржавы падчас вайны 1500—1503 г. большай часткi ЧарнiгаваСеверскiх земляў, якiя далёка ўдавалiся клiнам у лiтоўскiя ўладаннi. На гэтай тэрыторыі з 1454 г. існавалі два буйныя феадальныя ўладаннi ў складзе ВКЛСтарадубскае княства князёў Мажайскіх і НоўгарадСеверскае княства князёў Шамячычаў. У 1500 г. іх уладальнікі перайшлі на бок Івана III, захаваўшы на пэўны час унутраную аўтаномію — Старадубскае княства да 1518 г., а Ноўгарад–Северскае — да 1523 г.300. У першай чвэрці XVI ст. існаванне гэтых буферных утварэнняў, разам з Разанню засланяўшых уласна маскоўскую тэрыторыю ад татарскіх набегаў, дзеля тактычных меркаванняў дапускалася Масквой, і Мажайскія з Шамячычамі пачуваліся на сваіх землях амаль незалежнымі гаспадарамі. Гэты рэгіён, відаць, і прадстаўлены як Белая Русь на картах Беневентана — Вапоўскага i Вальдзеемюлера. Іх уяўленні, як будзе паказана ў раздзеле 9, аказалі ўплыў на карты нямецкага касмографа Себасцьяна Мюнстэра і творы італьянцаў Т’епала i псеўда–Фаскарына.

У Старадубскае княства ўваходзіў і паўднёвы ўсход сучаснае Беларусі з Гомелем, вернуты ў склад ВКЛ у 1537 г. Але гэты эпiзод наўрад цi можна лiчыць важным для будучага замацавання назвы Белая Русь за тэрыторыяй сучаснай Беларусi.

Такім чынам, Russia Alba на карце Беневентана — Вапоўскага і Tabula Moderna Sarmatie Evr. Вальдзеемюлера з’яўляецца варыяцыяй менавiта “трансрыфейскай” Белай Русi. Па меpы таго, як высвятлялася, што на Доне i ў Паўночнай Таўpыi, занятых татаpамi, не iснуе вобласцi з назвай Russia Alba (як гэта было паказана ў Мартэла i Руйша), заходнiя геогpафы ссоўвалi “трансрыфейскую” Белую Русь далей на поўнач. Так яна паступова зблiжалася з “цысрыфейскай”, якую на Захадзе часцей за ўсё атаясамлівалі з усёй Маскоўскай дзяржавай. А мяжу апошняй з ВКЛ некаторыя касмографы памылкова праводзілі па Дняпры, хаця на гэтую раку прыпадалі толькі два невялікія адцінкі літоўска–маскоўскай мяжы — ля беларускага Дуброўна і на Чарнігаўшчыне. Таму ўсё левабярэжжа Дняпра як бы аўтаматычна рабілася Белай Руссю — але толькі для тых, хто дрэнна ўяўляў сабе палітычную геаграфію рэгіёну.

Чарговая праца Вальдзеемюлера, Carta Marina Navigatoria Portugallen Navigationes... (1516), створаная пад уражаннем апошнiх партугальскiх геаграфічных адкрыццяў, у паказе Белай Русi значна адрознiваецца ад яго папярэднiх. З поўдня, паўднёвага ўсходу i ўсходу яна абмежаваная Рыфейскiмi гарамi, а самы яе поўдзень закранае левабярэжжа Дняпра, дзе аўтар змяшчаў Russia Alba на сваiх картах 1513 г. Так ён спрабаваў прымiрыць свае ранейшыя погляды з пануючым разуменнем Белай Русi як сiнонiма Маскоўскай дзяржавы, якой гэтая назва дасталася ў спадчыну ад Ноўгарада301. Карту часта перадрукоўвалі, як, напрыклад, француз Ларан Фрыз у 1525 г.302. Пасля доўгага перапынку ў еўрапейскай картаграфiчнай традыцыi на карце Вальдзеемюлера iзноў, як у Фра Маўра, з’яўляецца Белае возера (Lacus Albus). Яно мае неверагодна павялічаныя памеры, займаючы плошчу прыкладна ўдвая большую за Крым303. Несумненна, Вальдзеемюлер звязваў Lacus Albus з Russia Alba, бо возера займае ў аднайменнай краiне цэнтральнае становiшча. Як бы сектарамi гэтай краiны, якiя разыходзяцца ад цэнтра на Белым возеры ў бок Паўночнага акiяна, паказаныя вобласцi Pilapeland (Лапландыя), Ugritschen (Югра), Peremitschen (Перм), Yland (?).

На пачатку XVI ст. ужыванне карт настолькi пашырылася, што яны зрабiлiся асноўнай крынiцай i сродкам фiксацыi геаграфiчных ведаў. Таму ўплыў картаграфiчных дадзеных нават на людзей, далёкiх ад геаграфii, — дыпламатаў, клiрыкаў, лiтаратараў — значна ўзрос, як і геаграфiчная эрудыцыя адукаванага еўрапейца. Адпаведна пашырылася i вядомасць Белай Русi, пра якую даведалiся ўжо i на ўсходзе Еўропы.



Книга Игоря Литвина ЗАТЕРЯННЫЙ МИР, 
ИЛИ МАЛОИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ БЕЛОРУССКОЙ ИСТОРИИ Беларускі гістарычны форум
Rating All.BY