Змест

3. Weizzen Reuzzen крыжацкiх “рэйзаў”

Нямецкi Drang nach Osten i Белая Русь XIV—XV ст.

Калi ў XIII ст. Белая Русь фiгуравала толькi ў лацiнскiх схаластычных трактатах (хаця i створаных аўтарамi, роднымi мовамi якiх былi германскiя), дык у XIV— першай палове XV ст. мы сустракаем гэтую назву пераважна ў нямецкамоўных крынiцах, дзе асвятляюцца ўзаемадачыненні крыжакоў i Паўночна–Заходняй Русi. Адны з найбольш раннiх такiх крыніц — творы аўстрыйскага паэта Петэра Зухенвiрта, які жыў пры венгерскім і баварскім дварах, але найбольш часу (1356—1395 г.) правёў у Вене. Тэматыка яго геральдычных вершаў традыцыйная для рыцарскага веку: подзвiгi “дасканалых” рыцараў, iх галантнасць, шляхетнасць, зух — якасцi, праявiць якiя прасцей за ўсё было ў войнах з нявернымi, ці, інакш, “сарацынамі”. Да апошнiх адносiлi i паганцаў–лiцвiнаў, i праваслаўных усходнiх славянаў.

Адзiн з такiх геральдычных вершаў прысвечаны рыцару Фрыдрыху фон Кройцпеку (†1360), шматразоваму ўдзельнiку крыжацкiх “рэйзаў” з Лiвонii і Швецыі. У шэрагу іншых яго “прыгод”, пра якія Зухенвірт даведаўся з першых рук, згадваеца і такая:

А потым наехалi на белых русаў,

На крэпасць Айзенбург,

Дзе вялікая бітва

Адбылася...112

Айзенбург (Eysenburk) — нямецкая перадача назвы Ізборска, старажытнага “прыгарада” Пскова і яго галоўнага фарпоста ў змаганні з крыжакамі, таго самага горада, дзе, паводле “Аповесці мінулых часоў”, у 862 г. “сеў” паўміфічны Трувор, брат Рурыка і Сіневуса. З кантэксту верша вынікае, што няўдалая аблога Ізборска мела месца незадоўга да 1348 г.: адразу пасля яе Кройцпек накіраваўся да шведскага караля Магнуса II і разам з ім у 1348 г. браў удзел у выправе на падуладную Ноўгараду Іжору113. Ці не мог Кройцпек даведацца пра назву Белая Русь ад шведаў? Згаданая ў папярэднiм раздзеле “Хронiка Эрыка” была складзеная менавіта пры Магнусе II. Што ж датычыць Ізборска, то да Болатаўскага дагавору (каля 1348 г.) Пскоў разам са сваімі прыгарадамі намінальна лічыўся васалам Вялікага Ноўгарада, ці, што тое ж, часткай Белай Русі. Зухенвірт наўрад ці ведаў пра розніцу паміж Ноўгарадам і Псковам, пра толькі што юрыдычна замацаваную незалежнасць апошняга, а калі б і ведаў, то, пэўна, не прыдаў бы асаблівага значэння.

Цікава, што падчас апісваных аўстрыйскім паэтам падзеяў служылым князем Пскова, ва ўсякім разе намінальна, яшчэ быў Андрэй Альгердавіч, а прадстаўляў яго тут іншы літоўскі князь — Юры Вітаўтавіч. Разрыў пскавічоў з Андрэем адбыўся толькі пасля гібелі Юрыя ў сутычцы з немцамі, якраз каля Ізборска, 15 красавіка 1349 г. Некалькі гадоў раней, у 1341–м, Юры Вітаўтавіч вытрымаў аблогу Ізборска крыжакамі, чым здабыў сімпатыі пскавічоў114. Адсюль вынікае, што, з пункту гледжання крыжакоў, і Андрэй, і Юры маглі ўспрымацца “князямі Белай Русі” — хаця іх імёны і не згадваюцца Зухенвіртам яўна. На гэтую акалічнасць варта звярнуць асаблівую ўвагу: інфармацыя пра паходжанне памянёных “князёў Белай Русі” магла быць успрынятая такім чынам, што часткай гэтай Белай Русі як бы аўтаматычна рабіўся і Полацк115.

Такое змешванне феадальнай тытулатуры і геаграфічнай наменклатуры часта назіраецца нават у сучаснай гістарычнай навуцы. Напрыклад, у энцыклапедычным артыкуле пра маскоўска–літоўскую вайну 1500—1503 г. старадубскі князь Сямён Іванавіч Мажайскі названы “мажайскім князем”, г. зн. князем з Мажайска116. На самай справе яго бацька Іван выехаў з Мажайска ў ВКЛ яшчэ ў 1454 г., і яго нашчадкі не захавалі ніякіх сувязяў з былой вотчынай, апроч спадчыннага прозвішча. Зрэшты, цалкам магчыма, што яны працягвалi лiчыць сябе легiтымнымi “мажайскiмi князямi”. У феадальную эпоху з яе асаблівай увагай да генеалогіі і тытулатуры, атаясамленне асобы феадала з тэрыторыяй, якой ён валодаў цi нават на якую толькi прэтэндаваў, можна сустрэць на кожным кроку. Ніжэй мы ўбачым, як такі ж механізм пашырэння назвы Белая Русь на сумежныя тэрыторыі праявіў сябе ў выпадках са смаленскім князем Фёдарам Юр’евічам і, магчыма, з наўгародскім і галіцкім князем Мсціславам Удалым.

У iншым вершы Зухенвірта, у гонар яшчэ аднаго аўстрыйскага крыжака, Ганса фон Траўна, iзноў згадваецца Ізборск — “добры горад на Белай Русi”117. Цяпер гутарка ідзе пра падзеі 1356 г., калі “белыя русіны мелі нахабства наехаць на хрысціян”, і ў “рэйзе”, арганізаванай для іх пакарання, фон Траўну выпаў гонар быць сцяганосцам Св. Георгія118.

Прыцягвае ўвагу, што назва Белая Русь была вядомая, прынамсі, яшчэ аднаму нямецкамоўнаму паэту таго перыяду, Генрыху фон Мюгельну. Як і Зухенвiрт, ён правёў пэўны час у Вене пры дварах герцагаў Рудольфа IV і Альбрэхта III. Безумоўна, абодва паэты асабіста ведалі адзін аднаго (хаця тэрмін Белая Русь ужывалі ў розных значэннях). Ніжэй яшчэ будзе гутарка пра Мюгельна (гл. раздзел 7) і пра іншага нямецкага паэта, Томаса Прысшуха, якому таксама была вядомая гэтая назва.

Ці не значыць гэта, што даследчыкам гісторыі нашай назвы варта звярнуць пільную ўвагу на нямецкую паэзію эпохі, пераходнай ад мінезінгераў да майстарзінгераў? Магчыма, і іншым паэтам XIV—XV ст. Белая Русь уяўлялася нейкай сімвалічнай краінай на ўсходзе, поўнай падступных паганцаў, фантастычных пачвараў і іншых небяспек, куды шляхетныя рыцары выпраўляліся дзеля славы, дзеля гераічных учынкаў у гонар прыгожых дам і пашырэння сапраўднай веры? Ці не пранікаў такі вобраз Белай Русі і ў літаратуры суседніх краін, у прыватнасці, Італіі? Так або інакш, стагоддзем пазней мы сустрэнем на Белай Русі высакароднага рыцара Астольфа, героя рыцарскай паэмы Матэа Баярда “Закаханы Раланд” (гл. наступны раздзел).

Аднак немцы ўжывалі назву Белая Русь не толькі ў прыгожым пісьменстве, але і ў афіцыйным справаводстве. Некаторыя звесткі пра яе з нямецкамоўных крынiц пачатку XV ст. датычаць узаемадачыненняў ВКЛ з Ноўгарадам i Псковам у 1410–х г. Пасля заключэння ў 1411 г. Тарунскага мiру Вiтаўт iмкнуўся падначалiць сабе гэтыя рэспублiкi, што непакоiла Ордэн, бо ён не хацеў аб’яднання ўсiх сваiх усходнiх суседзяў у адной дзяржаве. У 1412 г., пагражаючы Ноўгараду вайной, вялiкi князь лiтоўскi дамогся выдалення адтуль Фёдара Юр’евiча, сына апошняга вялiкага князя смаленскага Юрыя Святаславiча (раней, у 1404 г., такcама пазбаўленага ўлады Вiтаўтам). Фёдар, папулярны ў Ноўгарадзе i ў бацькоўскiм Смаленску, спачатку выехаў у Лівонію, затым у Прусію да вялікага магістра Генрыха фон Плаўэна, аднак той, не маючы, паводле ўмоў Тарунскага мiру, права прымаць ворагаў Польшчы і ВКЛ, адаслаў яго да чэшскага караля Вацлава IV Люксембурга. Урэшце, Фёдар знайшоў прытулак у брата Вацлава — iмператара Свяшчэннай Рымскай iмперыi і сеньёра Ордэна Сiгiзмунда I Люксембурга, якi разглядаў князя–ізгоя як магчымую процiвагу Вiтаўту119.

Менавiта ў сувязi з гэтымi знешнепалiтычнымi абставiнамi трэба разглядаць лiст 1412 г., у якім пpускiя крыжакі скардзіліся Вацлаву IV, што “[кароль] Польшчы i герцаг Вiтаўт злучылiся з Псковам i Белай Руссю (den weisen Rewsen)”120. У іншым лiсце да Вацлава IV, ад вялiкага магiстpа Ордэна Генрыха фон Плаўэна (тpавень 1413 г.), паведамлялася: “Герцаг Вiтаўт злучыўся з пскавiчамi i вялiканаўгародцамi i ўсiмi рускiмi мовамi... цяпер давядзецца ваяваць з Белай Руссю (mit den Wissen Russen)”121.

Усе прыведзеныя даныя бясспрэчна паказваюць на лакалiзацыю Белай Русi ў рускiх рэспублiках, чыя тэрыторыя прылягала да Лiвонii, — Ноўгарадзе i Пскове. У супастаўленнi з “Апісаннем земляў” i пазнейшымi звесткамi пра Белую Русь iнфармацыю гэтых нямецкiх крынiц варта прыняць пад увагу. Яна не з’яўляецца памылковай цi скажонай, як можа падацца тым, хто ўспрымае сённяшнi змест назвы як адвечны.

Праўда, існуе яшчэ “Хронiка Польшчы” падканцлера Яна з Чарнкова, і яна традыцыйна лiчыцца першай крынiцай, дзе Белая Русь згаданая ў прывязцы да тэрыторыi сучаснай Беларусi122. Паводле гэтай хронікі, “у 1382 г. Ягайла, сын Альгерда, вялiкi князь лiтвiнаў, якога годам раней ягоны дзядзька Кейстут паланiў разам з маткаю, закаваў у ланцугi i пасадзiў у вязнiцу ў нейкай крэпасцi Белай Русi, што завецца Полацк, на свята Пяцiдзесятнiцы ўцёк з гэтае вязнiцы i пры падтрымцы знацi Лiтвы захапiў крэпасць Вiльню”123.

Як заўважалі яшчэ В. Пануцэвіч і Я. Станкевiч124, арыгiнал “Xронiкi...” Яна з Чарнкова не захаваўся, яна вядомая толькi ў пазнейшых спiсах. Гэтыя спісы, як лічылі згаданыя гісторыкі, датуюцца канцом XVI ст., калi назва ўжо трывала замацавалася за Полаччынай. У такім выпадку можна было б лiчыць, што словы Albae Russiae дадаў перапiсчык хронiкi, зыходзячы з рэалiй часоў Лiвонскай вайны. Але польскі гісторык Шляхтоўскі, які апублікаваў “Хроніку...” у 1872 г. на падставе 9 розных спісаў, адзначаў, што большасць іх адносіцца да сярэдзіны XV ст.125. Для надзейнай даціроўкі — не столькі самой “Хронікі...”, колькі яе паведамлення пра Белую Русь, — гэтыя спісы варта было б праверыць, — хаця сам Шляхтоўскі, падаўшы ў публікацыі і розначытанні паміж рознымі спісамі, не зафіксаваў у іх розначытанняў фразы castro Albae Russiae, Poloczk dicto. Таму хаця В. Пануцэвіч і Я. Станкевiч маюць рацыю, сумняваючыся ў верагоднасці любога паведамлення XIV ст., якое звязвае назву Белая Русь з сучаснай Беларуссю, мы дапускаем, што даціроўка паведамлення “Хронікі...” 1382–м годам можа быць правільнай. Але нават у гэтым выпадку аднясенне Полацка да Белай Русі — хутчэй выпадковасць, чым усталяваная традыцыя. Тым больш, што ў гэтым паведамленні ёсць і іншыя істотныя недакладнасці: пра ўтрыманне Ягайлы вязнем у Полацку пасля выкрыцця Кейстутам яго змовы з крыжакамі нічога не паведамляюць ніякія іншыя крыніцы.

Дапасаванне назвы Белая Русь да Полацка польскім аўтарам XIV ст., калi яно мела месца ў сапраўднасцi, паказвае на дзве магчымасці: 1) Ян з Чарнкова, недасведчаны ў дакладным значэннi гэтага, пераважна нямецкага, тэрмiна, ужыў яго ў сувязі з падзеямі ў Літве памылкова; 2) нямецкія крыжакі самі часам выпадкова называлі Белай Руссю тую частку сённяшняй Беларусі, якая прылягала да Інфлянтаў, успрымаючы яе як нешта адзінае з суседнімі Псковам і Ноўгарадам. Да таго ж многія служылыя князі Ноўгарада і Пскова паходзілі адтуль.

Тым не менш, усе даследчыкi, апроч Я. Станкевiча, абапiраючыся на Яна з Чарнкова, зрабiлi не зусім абгрунтаваныя высновы. Для В. Ламанскага было “очевидно, что biaіa Ruњ... для Поляков времени Казимира Великого (1333—1370) была живым народным выраженьем, издавна общеупотребительным”126. М. В. Доўнаp–Запольскi тлумачыў назву Белая Русь як “вольная” — i ад татараў, i ад Лiтвы i ў сувязi з гэтым пiсаў: “польскiя i нямецкiя пiсьменнiкi ўжо з сяpэдзiны 14 ст. называюць такiм найменнем нашу кpаiну. Вялiкiя князi лiтоўскiя называюць гэтыя землi Белай Руссю, а наpод гэтай кpаiны белаpусамi... З сяpэдзiны 15 ст. i ў Маскве называюць ужо жыхаpоў Смаленска, Полацка i навакольных мясцiн белаpусамi, а мясцовасць — Белаpуссю... Вiтаўт зусiм пpавiльна адpознiваў у складзе новаўтвоpанай сваёй дзяpжавы Русь, якая належала яму i была абкладзена iм падаткамi, несвабодную — Чоpную Русь, i Русь, якая каpысталася палiтычнай свабодай, паводле дагавоpу злучалася з князямi лiтоўскiмi, — Русь вольную, Белую Русь127. Але калi ў другой палове XVII ст. будзе агульнапрынятым меркаванне, што “Белая Росия — Белорусцы, которые живут около Смоленска и Полотцка и в–ыных городех” (Г. Каташыхін)128, — не варта рэтраспектыўна распаўсюджваць на XV ст. і прыпісваць яго Вiтаўту.

Рэалii ж XV ст. адназначна паказваюць на Ноўгарад. Належнасць Ноўгарада да Белай Русi ўсведамлялi многiя беларускiя гiсторыкi, у асаблiвасцi эмiгранцкiя. Ды адначасова яны адносілi да Белай Русi хто сучасную Беларусь, хто Маскоўскую дзяржаву. Паводле П. Уpбана, “разам з Маскоўшчынай Белай Руссю тады [у XVI ст. — А.Б.] называлася Пскоўшчына i Hаўгаpодчына”129. С. Брага (В. Тумаш) меркаваў, што “эўрапейскiя картографы першае паловы XVI ст. край Russia Alba звычайна змяшчалi на прасторы мiж Полацкам i Ноўгарадам... лякалiзацыя назвы “Белая Русь” звязвалася на захадзе Эўропы з крывiцкiмi землямi паўночнае Беларусi”130. Яго паўтарае Г. Сагановiч: “У папяpэднiя стагоддзi, пpынамсi, у XV, гэтае паняцце ахоплiвала [апроч Беларусi] i тэpытоpыю на поўнач ад сучаснай Белаpусi — Пскоўшчыну, магчыма, частку Hаўгаpодчыны”131.

Р. Максiмовiч i следам за iм В. Астроўскi паспрабавалi растлумачыць перанос назвы з гэтай меркаванай Белай Русi (Полацк — Ноўгарад — Пскоў) на Маскоўскую дзяржаву наступным чынам: “Калi Масковiя знаходзiлася пад поўнай уладай татараў, польскiя i нямецкiя аўтары лiчылi Ноўгарад, Пскоў i Полацк вольнай часткай Русi, тэрыторыяй грэчаскага праваслаўя. Пазней, пасля 1462 г., усведамляючы сваё вызваленне ад татарскага ярма, маскавiты, якiх татары лiчылi раней “чорнымi”, г.зн. залежнымi, пачалi таксама называць сябе “белымi”, г.зн. вольнымi”132. Такіх поглядаў трымаўся i Я. Станкевiч133. Але ў сапраўднасцi Ноўгарад, Пскоў i Полацк нiколi не складалi такога адзiнства, як “крывiцкiя землi паўночнае Беларусi” цi “вольная частка Русi, тэрыторыя грэчаскага праваслаўя”. Як мы пакажам у наступным раздзеле, памылковае i меркаванне аб Белай Русi як афiцыйнай назве Маскоўскай дзяржавы часоў Івана III.

Нельга пакінуць без заўвагі і выказванне А. Салаўёва, што “в XV в. название “Великая Русь” значит то же, что и “Белая”134. Да яго далучаецца Я. Юхо: “Тэрмiн “Белая Русь”... у асноўным быў як раўназначны тэрмiну “Вялiкая Русь”135. Яшчэ далей пайшоў А. Рогалеў, беспадстаўна сцвярджаючы, што Вялiкай, цi Белай Руссю называў свой “пачатковы дамен” — землi ад Ноўгарада да Мурама — яшчэ “вешчы” Алег136.

Рэч у тым, што Белая Русь сапраўды пэўны час была тоеснай Вялiкай, але Вялiкай не ў традыцыйным, сённяшнiм сэнсе. У 1413 г. бургундскi падарожнiк i дыпламат Жыльбеp дэ Лануа, наведаўшы Ноўгарад i Пскоў, занатаваў: “Рускiя Вялiкай Русi (Les russes de la grant Russie) не маюць iншых гаспадаpоў, апpоч тых па выбаpы, як таго хоча наpод”137. Вiдавочна, ён меў на ўвазе толькi гэтыя баярскiя рэспублiкi, бо ў iншых землях Русi на той час вечавога ладу ўжо не iснавала. Лiст лiвонскага магiстpа вялiкаму магiстpу Ордэна (1413 г.), у якiм гутарка iдзе пра тыя ж акалiчнасцi, што i ў згаданых вышэй рэляцыях 1412—1413 г. з Пpусii да Вацлава IV, паведамляў, што Вiтаўт згаваpыўся “mit den grossen Reussen138. Такiм чынам, Вялiкая i Белая Русь у той час сапраўды былi сiнонiмамi, але ж i тэрмін Вялiкая Русь меў зусiм не той сэнс, як пазней. Упершыню на тоеснасць Вялiкай i Белай Русі звярнуў увагу сам Салаўёў, аднак мы хацелi б удакладнiць яго сцвярджэнне, нiбыта Вялiкай тады называлi ўсю Паўночна–Усходнюю цi “Маскоўска–Наўгародскую” Русь. Перш за ўсё, Ноўгарад нельга адносiць да Паўночна–Усходняй Русi. Як паказаў У. Кучкін, апошні тэрмін правамерна ўжываць толькі для абазначэння тэрыторыі, якой у пэўны храналагічны перыяд валодала дынастыя рускіх князёў — нашчадкаў Юрыя Даўгарукага. Ноўгарад, хаця фармальна і прызнаваў вярхоўную ўладу князя, які атрымаў ярлык на вялікае Уладзімірскае княжанне, да 1470–х ніколі не складаў арганічнага цэлага з гэтай тэрыторыяй139. Для абазначэння Вялікага Ноўгарада і Пскова больш карэктны, і з геаграфічнага, і з гістарычнага пункту гледжання, тэрмін “Паўночна–Заходняя Русь”. Тым больш недарэчным анахранiзмам у кантэксце XV ст. выглядае ўжыты Салаўёвым выраз “Маскоўска–Наўгародская Русь”. Трэба быць занадта вялiкiм апалагетам рускай iмперскай iдэi, каб даводзiць iснаванне “адзiнай i непадзельнай”, “святой” Русi як найбольшай каштоўнасцi ўсiх усходнiх славянаў у час, калi яшчэ icнавалi незалежныя ад Масквы цi аўтаномныя Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Вятка, Разань, не кажучы пра ВКЛ. Тады мала хто здолеў бы прадказаць будучую гiстарычную кар’еру Масквы, вынiшчэнне ёю з цягам часу ўсіх прыкмет самабытнасцi іншых рускіх земляў, зруйнаванне ўсіх парасткаў iх “заходняй” культурнай арыентацыi. Так што Белая Русь была тоеснай Вялiкай толькi ў той ступенi, у якой Вялiкая была тоесная Вялiкаму Ноўгараду: Вялiкая Русь = Белая Русь = Вялiкi Ноўгарад, як для Лануа La grant Russie была сiнонiмам Noegarde la grand140.

Аб раўназначнасцi гэтых тэрмiнаў сведчаць i дадзеныя картаграфii. Так, карта свету Андрэа Біянка (1436) дае назву Imperion Rosie Magna ў раёне Вялiкага Ноўгарада141. Вядома, што пазней менавiта Біянка дапамагаў у працы над славутай картай Фра Маўру, якi, наколькi вядома, упершыню змясцiў назву Белая Русь на карце (пра што яшчэ будзе гутарка).

Ды вернемся ў пачатак XV ст. Вельмi каштоўная крынiца звестак пра Белую Русь — “Хронiка Канстанцкага сабоpа” баваpца Ульрыха Рыхенталя. Яна ўжо трапляла ў поле зроку беларускiх эмiгранцкiх гiсторыкаў142, але толькi мiмаходзь, таму мы дазволiм сабе спынiцца на ёй падрабязней.

Канстанцкі сабоp 1414—1418 г. быў найбуйнейшым дыпламатычным кангрэсам, на якiм вырашалiся важнейшыя мiжнародныя пытаннi, перш за ўсё звязаныя з прэтэнзiямi iмператара Сiгiзмунда на палiтычную гегемонiю ў Еўропе. Актыўны ўдзел у працы сабора брала ВКЛ, аўтарытэт якога пасля Вялiкай вайны 1409—1411 г. значна ўзрос. Вiтаўт некалькi разоў накiроўваў свае дэлегацыi ў Канстанц. Пра адну з іх (1417 г.) Рыхенталь паведамляе: “Прыехалi паслы ад герцага Лiтвы Вiтальда, ад паноў дэспатаў Рашкi [г.зн. Сербii. — А. Б.], з Вялiкай i Малой Валахii, ад двух каралёў Турцыi (sic!), ад герцага з Белай Русi, цугам на 180 конях, у дом Ханзена Руэ на вулiцы Святога Паўла”143.

Асаблiва прадстаўнiчая дэлегацыя ВКЛ на чале з кiеўскiм мiтрапалiтам Рыгорам Цамблакам наведала Канстанц у 1418 г. У яе ўваходзiлi праваслаўныя епiскапы з Вялiкага княства i Малдовы, а таксама свецкiя прадстаўнiкi Кiева, Смаленска, Вялiкага Ноўгарада i iншых гарадоў. Мэтай яе было заключэнне на тэрыторыi ВКЛ унii памiж праваслаўнай i каталiцкай цэрквамi, а таксама прызнанне сюзерэнiтэта Вiтаўта над Малдовай i Вялiкiм Ноўгарадам. У лютым 1418 г. Цамблак прысягнуў папу Марцiну V як першасвятару ад iмя Кіеўскай мітраполіі. Спроба унii, аднак, засталася нерэалiзаванай з–за супрацiўлення праваслаўнага духавенства ВКЛ i пазiцыi канстанцiнопальскага патрыярхату.

Апiсваючы ўрачысты ўезд дэлегацыi Цамблака ў Канстанц 19 лютага 1418 г., нямецкi хранiст занатаваў: “Затым у суботу, на 19–ты дзень месяца лютага, прыехаў высакародны пан, пан Георг, арцыбiскуп Кiеўскi, з краiны Белай Русi, са Смаленска (zu wiЯen RьЯen, zu Schmolentzgi)”144. Можа скласца ўражанне, што Рыхенталь ужывае тэрмін Белая Русь амаль у сучасным значэнні. Яшчэ адна вытрымка з “Хронiкі Канстанцкага сабоpа” нібыта пацвярджае гэта:

“Еўропа — гэта зямля, унутры якой мы знаходзiмся, яна прылягае да Белай Русi, да Смаленска, а праз iх — i да сапраўднай Турцыi, апiсанай Лануа145, да герцагства Лiтвы, Польшчы, Славонii, Венгрыi, Маравii, Чэхii, Рымскай iмперыi”146.

Але ніжэй Рыхенталь больш падрабязна распавядае пра Цамблака, i гэтым разам Белая Русь выступае як суседняя з яго “арцыбiскупствам”, а не складовая частка апошняга: “Вялiкi пан Георгiй, архiепiскап Кiеўскi. Ён мяжуе з панам Вiтаўтам, герцагам Лiтвы. І глядзiць на туркаў. Ён мае там трох епiскапаў147, а iншым бокам [яго вобласць] прылягае да Белай Русi”148. Такім чынам, з “Хронiкi…” Рыхенталя незразумела, цi Белая Русь уваходзiць у склад ВКЛ, цi толькi мяжуе з iм.

“Хронiка…” пiсалася Рыхенталем неўзабаве пасля Канстанцкага сабора, i тая яе частка, дзе гаворыцца пра наш прадмет, з’яўляецца цалкам аўтэнтычнай149. Цi значыць гэта, што трэба аднесцi Смаленск да Белай Русi XV ст., як зрабiў расiйскi даследчык Ю. Бегуноў? Выраз zu wiЯen RьЯen, zu Schmolentzgi нiбыта дае такiя падставы. У дадатак можна было б спаслацца i на мiтрапалiта Мiсаiла, які ў 1476 г. быццам бы аднёс да Белай Русi Вязьму. Я. Шыраеў сцвярджае, што “почти на всех старинных картах надпись “Русь Белая” (Russia Alba), позднее сложившаяся граница этнической Белоруссии охватывают Смоленщину...”150, але на самай справе, як мы ўбачым, гэтага няма нi на картах (прынамсi, да сярэдзiны XVII ст.), нi ў тэкставых крынiцах (да XVI ст.). А “эпiстолiя” Мiсаiла, ці, прынамсі, яе прэамбула, хутчэй за ўсё, у сапраўднасцi датуецца 1605 г.

Ключавы для нас персанаж “Хронiкi…” Рыхенталя, якi дазваляе расшыфраваць яе тэрмін WiЯen RьЯen, — “герцаг Смаленска, герцаг чырвонай Русi”151. Яшчэ ў адным месцы ён названы “герцаг Фёдар са Смаленска ў чырвонай Русi”152.

Гэты “герцаг Фёдар” — не хто iншы, як згаданы вышэй Фёдар Юр’евiч. У Заходнюю Еўропу, дзе яго прытулiў iмператар Сiгiзмунд, Фёдар прыбыў з Ноўгарада. У iлюстраваным гербоўнiку ганаровых гасцей сабору ягоны тытул гучыць як “Фёдар, герцаг Белай Русi i гаспадар Смаленска”153. Можна меркаваць, што назву Белая Русь ведала i час ад часу ўжывала канцылярыя Сiгiзмунда (як некалькi гадоў раней канцылярыя яго брата Вацлава). У прыведзеным фрагменце гэтая назва хутчэй процiпастаўляецца Смаленску, чым атаясамлiваецца з iм.

Чарговы раз Рыхенталь згадвае Белую Русь пры тлумачэннi паняцця “Руская зямля”, калі ён, між іншым, вылучае тры “катэгорыi” рускiх: “Да германскiх народаў адносяцца Рымская iмперыя, каралеўства Багемiя, каралеўства Венгрыя, Лiтоўская зямля, Руская зямля — сапраўдныя рускiя, чырвоныя рускiя, белыя рускiя; краiна i горад Вялiкi Ноўгарад, якiя ёсць хрысцiянскiмi”154.

Не зусiм зразумела, што i каго Рыхенталь называў “сапраўднай” цi “праўдзiвай Руссю”, “сапраўднымi рускiмi”. У іншым месцы разам з “герцагам Фёдарам” згадваецца і “герцаг Павел з сапраўднай Русi, падначалены герцагу Вiтаўту”155. Ф. Пекасiньскi лiчыў, што гэтым тэрмiнам баварац абазначаў “рускiх” Вялiкага княства, г.зн. у першую чаргу беларусаў156. Гэта выглядае тым больш лагiчным, што “сапраўдныя рускiя”, iмаверна, супрацьпастаўлялiся “фальшывым” цi “няверным” (valschen Ruzen), вядомым з iншых нямецкiх крынiц, — інакш кажучы, “схiзматыкам”157. Тады “сапраўдныя рускiя” — гэта тыя, якiя вызнавалi сапраўдную, г.зн. каталіцкую, веру, а такiя мелiся хiба толькі ў Лiтве i Польшчы. Але ў гэтым урыўку з Рыхенталя “сапраўдныя” i “белыя” рускiя — зусiм розныя паняццi.

Такiм чынам, Фёдар, хаця i паходзiў з Чырвонай Русi (г.зн., з Смаленска), на саборы як бы прадстаўляў яшчэ i Русь Белую — Ноўгарад. Вось чаму Смаленск, ягонае спадчыннае ўладанне, хранiст некалькi раз аднёс да Белай Русi. Верагодна, сiнонiмам апошняй выступае ў Рыхенталя i “Задняя Русь” (Hinderreissen), да якой аднесеныя Смаленск (Schmelenczgi), Вялiкi Ноўгарад (Grosznouagrot) i Залатая Баба (Aurea vetula)”158. Легендарны ідал “Залатая Баба”, відаць, стабільна звязваўся з Белай Руссю еўрапейцамі XV—XVI ст., аб чым яшчэ пойдзе гутарка ў раздзеле 13.

Але ж гэта не павiнна збiваць нас з тропу, бо геаграфiчныя ўяўленнi пачатку XV ст., у цэлым ужо значна больш рэалiстычныя, чым у папярэднiя стагоддзi, у дачыненнi да Усходняй Еўропы па–ранейшаму грунтавалiся на фантастычных вымыслах. ВКЛ i суседнiя землi ў тагачаснай карцiне свету займалi малаакрэсленае месца недзе побач з мусульманскiмi дзяржавамi Усходу. Яшчэ ў адным месцы “Хронiкi…” Смаленск пералiчаны сярод гарадоў “малой Валахii”, г.зн. Малдовы159. Вядомы французскi храніст Жан Фруасар, апiсваючы падрыхтоўку да крыжовага паходу 1396 г., якi скончыўся трагiчным паражэннем хрысцiянскай каалiцыi пад Нiкапалем, адзначаў: “Баязiд i Калiф паслалi да некалькiх сарацынскiх каралёў — у Персiю, Мiдзiю, Татарыю i нават у Лiтву на мяжы з Прусiяй”. Іншы сучаснiк Рыхенталя, Томас Уолсінгэм, таксама лічыў “караля Літвы” (rex de Lettowе) “сарацынскім уладыкам”, суседам татарскага хана i султанаў “Вавілоніі” ды Турцыі160. Так i ў паведамленнях Рыхенталя стэрэатыпы эпохi сплялiся з элементамi рэальных ведаў, пазычаных iм у суайчыннiкаў, якiя часта бывалi ва Усходняй Прыбалтыцы. Першасным жа ў “Хронiцы…” ёсць аднясенне Смаленска, як i iншых рускiх земляў ВКЛ, менавiта да Чырвонай Русi. (Больш падрабязна мы спынiмся на гэтым у раздзеле 12).

Яшчэ адна нямецкая крыніца, якая паведамляе пра ўдзел у саборы “герцага Белай Русі”, — паэма “Фундамент сабора” аўгсбуржца Томаса Прысшуха, напісаная ў 1418 г. і адразу ж прадстаўленая імператару Сігізмунду. Большую частку паэмы складае пералік рэальных і ўяўных гасцей сабора. Сярод іх згадваюцца:

З Польшчы нейкі магутны герцаг,

З Літвы герцаг Свідрыгайла,

А таксама ў ліку князёў былі

герцаг белай Русі

і яшчэ князь, герцаг Астрога161.

Кампанія, у якой апынуўся “герцаг Белай Русі” па волі Прысшуха, — Свідрыгайла, які толькі што ўцёк з Крамянецкага замка, і адзін з арганізатараў гэтых уцёкаў князь Астрожскі — нібыта дае падставы лічыць, што і Белая Русь мусіла быць часткай ВКЛ. Але пра прысутнасць Свідрыгайлы і яго паплечнікаў на саборы не кажа ніводная іншая крыніца162, і наўрад ці магчыма давяраць тут паэме Прысшуха — ненадзейнасць якой як гістарычнай крыніцы даўно выкрытая гісторыкамі. Можна меркаваць, што малады аўгсбургскі паэт, якому вельмі хацелася прыцягнуць увагу імператара сваёй эрудыцыяй і які сярод гасцей сабора пералічыў і легендарнага “прэсбітэра” Іаана Індыйскага, і прадстаўнікоў неіснуючага Афінскага універсітэта163, уставіў у свой спіс заадно і тагачасных саюзнікаў Сігізмунда ў яго палітычнай гульні супраць Вітаўта: і Свідрыгайлу, звесткі пра ўцёкі якога паспелі ўжо распаўсюдзіцца па Германіі, і “герцага Белай Русі” — несумненна, Фёдара Юр’евiча164. Такія рытарычныя прыёмы лічыліся тады зусiм дапушчальнымі і не ўспрымаліся як свядомая фальсіфікацыя.

Частае згадванне Белай Русі ў сувязі з падзеямі, якія мелі непасрэднае дачыненне да ВКЛ, побач з iмем вялiкага князя Вiтаўта прычынілася да таго, што пазнейшыя гісторыкі аднеслі распаўсюджанне тэрмiна на тэрыторыю сучаснай Беларусі менавіта да рубяжа XIV—XV ст. Але калі і ёсць нешта агульнае паміж Белай Руссю і Вiтаўтам, гэта хіба яго сталыя захады, у тым лiку i на Канстанцкiм саборы, па прызнаннi яго правоў сюзерэна на Пскоў i Вялiкi Ноўгарад. У другой палове 1410–х папы Ян XXIII i Марцiн V выдалi некалькi булаў, прызначаючы Вiтаўта і Ягайлу генеральнымі вiкарыямі названых рускiх земляў (In Magna Nowagroda ac Plescow civitatibus ac in dominus earumque)165. Спробы ўсталяваць кантроль над iмi Вiтаўт прадпрымаў на працягу ўсяго свайго княжання. Яшчэ ў 1389 г. князь Сямён–Лугвен Альгердавiч, запрошаны ў Ноўгарад служылым князем, склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзерэну гэтай рускай зямлi (што трымалася ў тайне ад самiх наўгародцаў). На працягу, прынамсi, двух наступных стагоддзяў перакананне, што Ягайла i Вiтаўт “валодалi” Hоўгаpадам, было хаця i неабгpунтаваным, але дастаткова pаспаўсюджаным у Лiтве i Польшчы. Дарэчы, Лугвен, калі дзяліў пасаду князя–намесніка Вялікага Ноўгарада з Фёдарам Юр’евiчам, быў адначасова і вялiкакняжацкiм намеснiкам у Смаленску — яшчэ адна магчымая падстава для распаўсюджання назвы Белая Русь на Смаленшчыну.

Славуты нямецкi касмограф Себасцьян Мюнстэр у сярэдзiне XVI ст. лiчыў: Ягайла “даў вялiкае герцагства Лiтвы i Жмудзi свайму пляменнiку (sic!) Вiтаўту, храбраму ваяру. Ён авалодаў таксама герцагствам Пскоўскiм (hertzogthumb Plesskouern), i герцагствам Наўгародскiм (Novogrodien), i трэцiм герцагствам Смаленскiм (Smolnen)”166. Для М. Мяхоўскага “Hоўгаpад, якi лацiны называюць Hугаpдзiя, быў уладаннем вялiкага князя Лiтоўскага, якi заваяваў Вiтаўт”167. Наўгародскiя “князi Белай Русi”, як мы ўбачым у раздзеле 10, згадваюцца М. Стрыйкоўскiм сярод гасцей Вiтаўта на Луцкiм з’ездзе 1429 г.168.

Такiм чынам, распаўсюджанае меркаванне, быццам назва Белая Русь пачала дастасоўвацца да тэрыторыi сучаснай Беларусі пры Вiтаўце, не знаходзiць доказаў. На яве няма нiякiх падстаў сцвярджаць, што Вiтаўт увогуле ведаў пра iснаванне гэтай назвы, не тое што дастасоўваў яе да якой–небудзь часткi ВКЛ. Можна казаць толькi, што яго заходнееўрапейскiя сучаснiкi раз–пораз згадвалi гэтую назву — хаця i не ў сучасным сэнсе — побач з яго iмём. Але калi яна пачала ўжывацца самiмi ўсходнiмi славянамi? На гэтае пытанне паспрабуем адказаць у наступным раздзеле.



Книга Игоря Литвина ЗАТЕРЯННЫЙ МИР, 
ИЛИ МАЛОИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ БЕЛОРУССКОЙ ИСТОРИИ Беларускі гістарычны форум
Rating All.BY