Узнiкненне тэрмiна Белая Русь (X—XIII ст.)
Цiкавасць да праблемы паходжання назвы Белая Русь прыкметна ўзрасла з уводам у навуковы ўжытак трактата “Пачатак апiсання земляў” (
Incipiunt descriptiones terrarum), знойдзенага ў 1979 г. амерыканскiм даследчыкам М. Колкерам у складзе так званага Дублiнскага рукапiсу ў бiблiятэцы Trinity College — англiканскага ўнiверсiтэта ў Дублiне. Паводле сучаснага стану ведаў, гэта найбольш ранняя гiстарычная крынiца, дзе сустракаецца наша назва54. “Пачаткам”, мяркуючы па заключных словах фрагмента, ён мусiў стаць задуманаму вялiкаму трактату пра татараў, заваёвы якiх у сярэдзіне XIII ст. паслужылi штуршком для з’яўлення многiх тагачасных геаграфiчных твораў. Менавіта ў гэты час пачалося складванне геаграфіі як асобнай навукі. Падарожжы на Усход, здзейсненыя ў XIII ст. каталіцкімі місіянерамі і купцамі — Гіёмам Рубрукам, Джавані дэль Плана Карпіні, братам Юліянам, Маркам Пола і інш., — значна ўзбагацілі веды заходніх еўрапейцаў пра іншыя часткі Старога Свету. Невядомы аўтар “Апiсання земляў” вельмi добра для свайго часу ведаў геаграфiю Усходняй Еўропы, дзе сам прапаведаваў, нават, паводле ягоных слоў, удзельнiчаў у хрышчэнні і каранацыi Мiндоўга ў 1253 г. Аўтару было яшчэ невядома пра адступніцтва Мiндоўга ў 1261 г., што дазваляе даволі дакладна датаваць час напісання трактата — паміж 1255 і 1260 г.Пакуль не высветлена, каму належыць аўтарства трактатa. Польскi гiсторык К. Гурскi найбольш верагодным аўтарам лiчыць першага бiскупа холмскага дамiнiканца Генрыха–Гайдэнрайха, якi асабiста каранаваў Мiндоўга
55. Праўда, Гурскi сам прызнае, што ў такiм выпадку аўтар хутчэй звярнуў бы ўвагу на гэтую важную акалiчнасць, а не абмежаваўся сцiплай звесткай аб сваiм удзеле ў каранацыi. Але не варта забывацца, што ў XIII ст. Лiтва яшчэ не была так цесна, як у наступныя стагоддзi, звязаная з Польшчай, i зусiм неабавязкова аўтар “Апiсання...” паходзiў адтуль. Ён мог, напрыклад, належаць да атачэння рыжскага арцыбiскупа Альберта II. Той да свайго прызначэння ў Прыбалтыку (1246 г.) быў арцыбiскупам Арма (Armagh) i прымасам Ірландыi (з 1240 г.) i нават пасля пераводу ў Рыгу, па некаторых звестках, пэўны час захоўваў за сабой гэтую славутую кафедру, заснаваную, як традыцыйна лічаць, самiм Св. Патрыкам56. Сам Дублiнскi рукапiс датуецца сярэдзiнай 1270–х, г.зн. быў створаны адразу пасля смерцi Альберта. Магчыма, нейкi iрландзец, якi ў свой час выехаў з iм у Прыбалтыку, вярнуўся тады на радзiму з трактатам.Каштоўнасць “Апiсання земляў” цяжка пераацанiць: у iм амаль адсутнiчаюць традыцыйныя для той эпохi фантастычныя дэталi, а палажэнне i ўзаемная арыентацыя розных абласцей i краiн апiсаныя з усёй магчымай дакладнасцю
57. Таму да яго звестак пра Белую Русь трэба паставiцца з асаблiвай увагай. З iх мы даведваемся, што:“Прусiя (
Pruscia)... даходзiць на захадзе да паганцаў карэлаў (Carilos), якiя мяжуюць з Нарманскiм каралеўствам. Згаданыя карэлы — людзi лясныя i даволi дзiкiя... Адзiн з iх, слухаючы брата Вайслана (Vaislanum), майго таварыша, якi прапаведаваў на Белай Русi (in Alba Ruscia), заклiкаў таго iсцi з iм да згаданых карэлаў, даводзячы, што, без сумнення, давёў бы iх да праўдзiвага Бога праз хрышчэнне i пры жаданнi збудаваў бы там касцёлы”58.Упершыню
Incipiunt descriptiones terrarum (у перакладзе А. Жлуткі) на Беларусi апублiкаваў В. Чамяpыцкi. На яго думку, “геаграфiчны кантэкст гэтага гiстарычнага запiсу дазваляе зрабiць выснову, што тут аўтар пад Белай Руссю разумее суседнюю з прыбалтыйскiм рэгiёнам частку Русi — Заходнюю Русь... Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе сучасная Усходняя або Цэнтральная Беларусь, бо аўтар, прапаведуючы пераважна ў Яцвезi i Лiтве, мог падтрымлiваць цесную сувязь са сваiм сябрам Вайсланам толькi пры ўмове выконвання апошнiм свайго чыну мiсiянера дзесьцi зусiм побач”59.Але з “сучаснай Усходняй або Цэнтральнай Беларуссю” яшчэ цяжэй было падтрымлiваць сувязь карэлам: іх камунiкацыйныя магчымасцi наўрад цi маглi спаборнiчаць з магчымасцямi самай разгалiнаванай i ўплывовай арганiзацыi тагачаснай Еўропы — каталiцкай царквы. Падобна на тое, што Белая Русь, дзе прамаўляў брат Вайслан, знаходзiлася менавiта побач з Карэлiяй. Сучасную Беларусь, ці, прынамсі, Полацкае княства, сучаснікі Вайслана ніколі не называлі Белай Руссю. Папа Клімент III у 1188 г. зацвердзіў біскупства Ікескюль
in Ruthenia; Ганорый III у 1224 г. назваў інфлянцкіх біскупаў і іх супрацоўнікаў fideles per Russiam constituti; усходняя Латгалія ў буле Урбана IV 1264 г. лічыцца часткай Russiae60.Якраз тады Рым надаваў адмысловае значэнне хрышчэнню Карэлii, дакладней — перахрышчэнню, бо намiнальна мноства карэлаў было ахрышчана ў праваслаўе наўгародскiм князем Яраславам Усеваладавiчам у 1227 г. Але пасля паспяховага крыжовага паходу на фiнскае племя ем у 1249—1250 г., у вынiку чаго яно было ахрышчана i далучана да Швецыi, рымская курыя сама спадзявалася замацавацца ў Карэлii
61. Гамбургскi канонiк Фрыдрых Газельдорф у 1255—1269 г. насiў тытул “бiскупа Карэльскага”, але, як i многiя iншыя бiскупы in partibus infidelium, нiколi ў сваёй епархii не бываў: Швецыi, нягледзячы на шматразовыя крыжовыя паходы, доўгi час не ўдавалася вырваць карэлаў з–пад наўгародскага ўплыву62.Descriptiones terrarum
маюць шмат агульнага з iншымі трактатамі сярэдзiны XIII ст., напрыклад, з творамі англiйскiх вучоных Роджэра Бэкана Opus Majus i Барталамея Англiйскага De proprietatibus rerum, у якіх выкладаліся і пачаткі геаграфiчных ведаў. Геаграфiчная наменклатура Прыбалтыйскага рэгiёну ва ўсiх трох творах вельмi падобная. Але Descriptiones terrarum вылучаецца з iх найбольшай дакладнасцю i падрабязнасцю. (Яно згадвае, напрыклад, такiя назвы, як “Яцвягi” i “Нальшчаны”, увогуле амаль незнаёмыя еўрапейцам). Хаця нi Бэкан, нi Барталамей нiчога не кажуць пра Белую Русь, мы лiчым, што ключ да разгадкi таямнiцы паходжання гэтай назвы дае цьмяна апiсаная iмi краiна Албанiя.Барталамей Англiйскi, францысканец, з 1230 г. выкладаў тэалогiю ў Магдэбургу — горадзе, куды навiны з Усходняй Еўропы траплялi раней, чым у iншыя раёны каталiцкай айкумены, бо ён быў адным з галоўных цэнтраў нямецкай экспансii на ўсход
63. Незадоўга да смерцi, каля 1250 г., Барталамей скончыў свой асноўны твор, De proprietatibus rerum (“Пра ўласцівасці рэчаў”). З яго мы даведваемся, што Албанiя — “правiнцыя Малой Азii, названая паводле колеру народаў, бо нараджаюцца яны з белымi валасамi... Гэтая Албанiя мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меацiйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў. У гэтай зямлi жывуць велiзарныя сабакi, такiя лютыя душой i целам, што валяць на зямлю быкоў i забiваюць iльвоў i сланоў... А вочы ў гэтага народа афарбаваныя i зеленаватыя ў зрэнках, таму яны лепш бачаць уначы, як удзень”64.Генiяльны вучоны сярэднявечча англiчанiн Роджэр Бэкан, празваны “доктарам, вартым здзiўлення” (
doctor mirabilis), сваю галоўную працу “Вялiкі твор” (Opus Majus) напiсаў каля 1266—1268 г. У ёй Албаніі65 ўдзелена даволі шмат месца:“За р. Танаiс знаходзiцца Верхняя Албанiя (
Albania Superior), усутыч да iншай вялiкай ракi, якая называецца Этылiя... На ўсходняй мяжы, памiж Русцыяй (Ruscia) i Аланiяй, куды прыходзяць купцы i iншыя, хто iдзе з Венгрыi i Хазарыi, i Польшчы, i Русцыi, ёсць нейкае паселiшча, дзе на суднах перапраўляюцца праз раку Танаiс”66;“Заходняя Албанiя прасцiраецца ад Дуная, за межамi Венгрыi на ўсход, да самай р. Танаiс, мяжуючы на поўднi з Хазарыяй i Валахiяй, i Балгарыяй, i Канстанцінопалем; з захаду мяжуе з Венгрыяй i Польшчай i [заходняй] ускраiнай Русii; з поўначы на ўсiм працягу мяжуе з Русiяй”
67;“З поўначы гэтай правiнцыi [“Заходняй Албанii”. — А. Б.] знаходзiцца Вялiкая Русiя (
Russia Magna), якая... ад Польшчы, з аднаго свайго боку, прасцiраецца да Танаiса, але большай часткай сваёй мяжуе на захадзе з Ляўковiяй (Leucovia), краiнай такой жа вялiкай, як Алеманiя...”68;“Эстонiю
(Estonia), Лiвонiю (Livonia), Семi–Галiю (Semi–Gallia), Куронiю (Curonia) — абдымае згаданая Ляўковiя, а вакол яе з абодвух бакоў Усходняга [г.зн. Балтыйскага] мора змяшчаецца Вялiкая Русiя (Russia Magna)”69.В. Матузава, перакладчык фрагментаў
Opus Majus на рускую мову, адназначна трактуе тэрміны Leucovia, Leucovii Бэкана як скажоныя “Лiтва”, “лiтоўцы”70. Аднак заўважым: паводле Бэкана, гэтая Ляўковiя, не саступаючы па памерах Германii, “абдымае” ўсю сучасную Балтыю, чаго не скажаш пра Лiтву на пачатковым этапе складвання Вялiкага княства. Магчыма, апроч Лiтвы, Бэкан уключыў у Ляўковiю i рускiя землi, сумежныя з Прыбалтыкай, — часткi Ноўгарада i асаблiва Пскова. Дарэчы, пскоўскiм князем з 1266 г. быў Даўмонт, якi эмiграваў з Лiтвы “с дружиною своею и с всем родом своим”, i невядомы iнфарматар Бэкана мог памылкова прыняць гэты факт за прыкмету палiтычнага адзiнства Лiтвы i Пскова. Асаблiва ж звяртае на сябе ўвагу напiсанне Leucovia. Яно значна адрознiваецца ад падобных адзiн да аднаго варыянтаў Lectonia (Барталамей) i Lectauie (Descriptiones terrarum). Цi не мог Бэкан, добра знаёмы з грэчаскай мовай, утварыць гэтую назву ад грэч. leucos — белы? У такiм разе Leucovia — калька з лацiнскага Albania. Хаця ён i пiсаў, што “ляўковы” (Leucovii) вызнавалi паганства, але ведаў, што “русцэны”, якiх згадваў побач, былi хрысцiянамi ўсходняга, “грэчаскага” абраду: “Пруцэны, курлянды, лiвоны, эстоны, сямiгалы, ляўковы — паганцы. Русцэны — хрысцiяне, яны трымаюцца ўсходняга чыну, але служба iдзе не на грэчаскай мове, а на славянскай, распаўсюджанай у многiх землях”71. Мог ён ведаць i пра ўплыў усходнiх славянаў на iх менш развiтых у той час суседзяў — карэлаў, эстонцаў, латгалаў, лiтоўцаў, чаму i вырашыў перадаць назву Albania (якую ўжо ўжыў у двух розных сэнсах пры апiсаннi іншых частак Усходняй Еўропы) па–грэчаску, а заадно i “ўдакладнiць” транскрыпцыю назвы “Лiтва” (альбо лацiнiзаванай назвы Пскова — Plescovia). Як убачым далей, у канцы XV ст. Пампоній Лэт згадае “леўкаскіфаў” (leucosciti), а ўраджэнец Беларусi Саламон Рысiнскi ў канцы XVI ст. назаве сябе на грэчаскi лад leucorussus, а сваю радзiму — Leucorussia.Якую ж Албанiю мелі на ўвазе Бэкан і Барталамей? Вядомая элiнiстычным i рымскiм географам Каўказская Албанiя — старажытная краiна на паўночным усходзе ад Вялiкай Арменii, у нiжнiм цячэннi Аракса i Куры. Яна iснавала ў I—X ст., ахоплiваючы значную частку тэрыторыi сённяшнiх Азербайджана i Дагестана
72. На яе месцы пазней узнiкла феадальная дзяржава Шырван. Назва Албанiя існавала толькi ў еўрапейскай схаластычнай традыцыi. Саманазва народа, якi рымляне называлi “албаны”, невядомая, а этымалогiю iх лацiнскага псеўданiма цяпер амаль немагчыма аднавiць73.Але чаму арэал назвы Албанiя ў сярэднявечных географаў пашырыўся так далёка на поўнач? Бо, нягледзячы на фантастычнасць прыведзеных вышэй звестак, у iх можна выдзелiць зерне канкрэтнай iнфармацыi, якая адназначна паказвае на Еўрапейскую Поўнач. Чуткi аб лютых сабаках узнiклi, вiдаць, пад уражаннем ад шырокага выкарыстання народамi Поўначы сабак — ездавых i паляўнiчых; паведамленне, быццам жыхары Албанii лепш бачаць уначы, чым удзень — скажоны водгук звестак пра палярную ноч.
Не сакрэт, што фантастычныя атрыбуты Албанiі (людзі, якія нараджаюцца сівымі, велізарныя сабакі і г.д.) прасочваюцца ў еўрапейскай традыцыі, пачынаючы з 9–й кнігі “Этымалогiй” вучонага–энцыклапедыста VII ст. Ісiдора Севiльскага
74. “Этымалогіі” аказалі ці не найбольшы ўплыў на фармаванне сістэмы геаграфічных уяўленняў сярэднявечча — “хрысціянскай тапаграфіі”. Заснаваная не столькі на досведзе, колькі на літаральна–наіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, гэтая дагматычная карціна свету карэнным чынам адрознівалася ад сучаснай. І сучаснае тлумачэнне любых геаграфічных тэрмінаў Сярэднявечча магчымае толькі ў кантэксце гэтай сістэмы ўяўленняў. Менавіта ў Ісідора, калi не непасрэдна, дык праз твор французскага пiсьменнiка XII ст. Ганорыя Аўгустадунскага “Пра вобраз света” (De imagine mundi) пазычалі звесткі пра Албанію сярэднявечныя схаласты. Прыведзенае вышэй апiсанне Албанii было агульным месцам, пераходзячы ад аднаго аўтара да iншага. Нават у канцы XV ст. яно сустракаецца, напрыклад, у “Сусветнай хронiцы” Гартмана Шэдэля (1493)75. Паказальна, што менавiта такiм чынам, як i ў Ісiдора, Ганорыя i iх паслядоўнiкаў, — ад колеру валасоў i скуры — выводзiлi i назву Белая Русь у першых навачасных спробах яе тлумачэння76.Антычнымі аўтарамі (іх ідэі ўспрынялi i сярэднявечныя схаласты) Каспiйскае мора, на ўзбярэжжы якога знаходзілася рэальная Албанія, лiчылася залiвам Паўночнага акiяна. Менавiта так, на самай поўначы, Каспiй прадстаўлены на найславутай сярэднявечнай карце — Эбсторфскай i на многiх iншых. У той жа карцiне свету Меацiйскае возера цi “балота” (Азоўскае мора) выдавалася далёка на поўнач, дасягаючы 55° п.ш., i адлегласць ад яго да Балтыкi ўяўлялася ў 2
—3 разы меншай, чым у сапраўднасцi, — як у часы Калумба акружнасць зямнога шара. Славуты географ Страбон (64/63 да н.э. — 23/24 н.э.) сумняваўся, цi могуць выжыць людзi ў халоднай пустыні, якая нiбыта ляжыць на поўнач ад раксаланаў, што жылi над Меацiдай. Авiдзiй быў перакананы, што менавiта там ляжыць “апошняя зямля” (ultima terra). Паводле Плiнiя Старэйшага (23 цi 24 — 79), Азоўскае мора знаходзiлася зусiм побач з Паўночным акiянам, магчыма, нават было яго затокай77.Лепш зразумець уяўленнi сярэднявечных аўтараў пра лакалiзацыю Албанii дазваляе твор паўночнагерманскага хранiста Адама Бpэменскага “Дзеi бiскупаў Гамбуpгскай цаpквы” (
Gesta Hammaburgensis ecclesiae pontificum, каля 1075).Паводле Адама, “там [на Русi] ёсць тыя, якiя называюцца Аланы цi Албаны
(Alani vel Albani), якiя на iх уласнай мове называюцца Вiцы (Wizzi), надзвычай жорсткiя разбойнiкi i зладзеi, якiя нараджаюцца сiвымi, згаданыя Солiнам”78. У іншым месцы ён піша: “Таму, хто вяртаецца з поўначы да вусця Балтыйскага залiва, спачатку на шляху сустракаюцца Нарманы (Nortmanni), затым Сконэ (Sconia), частка дацкай зямлi, над якой на працяглай палосе жывуць готы да самай Бiркi (ad Bircam). Пасля гэтага на шырокай прасторы пануюць свеi да самай Краiны Жанчын (terra feminarum). Над гэтымi апошнiмi, як сцвярджаюць, жывуць Вiцы (Wizzi), Мера (Mirri), Емь (Lami), Чудзь (Scuti) i Туркi (Turci)79 да самай Русi (usque ad Ruzziam), на чым i заканчваецца гэты марскi залiў. Паўднёвым берагам гэтага мора валодаюць славяне (Sclavi), а паўночны належыць шведам (Suedi)”80.Цяпер большасць каментатараў Адама Брэменскага пагаджаецца, што ягоныя аlbani
–wizzi — гэта вепсы (весь рускiх летапiсаў), чыя назва ў носьбiтаў германскiх моў асацыявалася са словам “белы” (ням. wiz/weiss i лац. albus — “белы”)81. Рэшткi гэтага народа фiнскай моўнай групы, па пiгментацыi адной з найбольш светлых этнiчных груп у былым СССР, i дагэтуль жывуць на поўдзень ад Анежскага возера82. Роднасныя карэлам, вепсы былi iх непасрэднымi суседзямi з паўднёвага ўсходу. Пачатковая тэрыторыя, заселеная імi, была даволi значнай, i яе немагчыма было абмiнуць падарожнiкам па водных шляхах з Балтыйскага басейна на Волгу. Таму вядомасць параўнальна нешматлiкай народнасцi, не стаяўшай да таго ж на высокай ступенi развiцця, была на дзiва шырокай i не абмяжоўвалася Балтыйскiм рэгiёнам. Дацкi гiсторык Саксон Граматык у 1220–х г. згадваў народ visinnus. Пачынаючы з Ібн Фадлана (921—922 г.), мусульманскiя пiсьменнiкi да самага XIV ст. паведамлялi аб “краiне Вiсу” (“Ісу”, “Весу”), якая на рубяжы I i II тысячагоддзяў адыгрывала значную ролю ў транзiтным гандлі памiж Еўрапейскай Поўначчу i краiнамi мусульманскага Усходу83. У далейшым вепсы хутка асiмiлявалiся — карэламi, комi і асаблiва рускiмi.Адам, безумоўна, ведаў “Этымалогii” Ісiдора i не мог аспрэчваць iх аўтарытэт. Ён, напэўна, вырашыў пашырыць i ўдакладнiць iх, спраецыраваўшы на рэальна iснуючы народ Еўрапейскай Поўначы. У гэтым святле паведамленне
Descriptiones terrarum, што брат Вайслан сустрэўся на Белай Русi з карэламi, таксама не выглядае выпадковым. Тэрмін Alba Ruscia, як нам падаецца, у кантэксце гэтага трактата можа азначаць “частка Русi, якая калiсьцi была Албанiяй”, г.зн. краiнай “албанаў” — “вiсаў” — вепсаў. Вайслан, iмаверна, быў адным з каталiцкiх мiсiянераў, якія актыўна дзейнічалі на Паўночна–Заходняй Русi ў сярэдзiне ХIII ст. Незадоўга да гiбелi князя Яраслава Усеваладавiча ў Ардзе (1246 г.) iм амаль удалося схiлiць яго да прыняцця каталiцтва84. Тытул Альберта II у спадзяваннi на хуткi пераход Русi ў каталiцтва быў у 1247 г. пашыраны i стаў чытацца як “арцыбiскуп Русi, Лiвонii i Эстонii”85. Спрабуючы замацаваць эфемерны “поспех”, у 1248 г. папа Інакенцій IV пераконваў Аляксандра Неўскага, спасылаючыся на прыклад яго бацькi Яраслава, змянiць веравызнанне i дазволiць будаўнiцтва кафедральнага сабора ў Пскове. Некаторыя гiсторыкi, памылкова прыпiсваючы Аляксандру схiльнасць да такiх крокаў, у сувязi з гэтым гавораць нават пра так званую “Суздальскую унiю”86. Наўрад ці можна пагадзіцца з думкай пра існаванне такой уніі, але ў Рыме сярэдзіны ХIII ст. магчымасць яе заключэння мусіла ацэньвацца досыць аптымістычна. Адсюль і павышаная цікавасць да далёкай Русі, цікавасць, якой, магчыма, мы і абавязаныя ўзнікненнем (ці, у кожным разе, замацаваннем) харонiма Белая Русь.Можна лiчыць, што гэты харонiм быў патэнцыйна закладзены ўжо ў самога Адама Бpэменскага, калi ён сваiх албанаў памяшчаў
in Ruzzia, г.зн. “на Русi”. Надзвычай светлы колер валасоў i вачэй албанаў, якi так уразiў iнфарматараў Адама, таксама прычынiўся да ўзнiкнення тэрмiнаў Албанiя — Белая Русь. У гэтым святле найбольш распаўсюджаная ў мiнулым i самая, здавалася б, прымiтыўная “антрапалагiчная” версiя паходжання Белай Русi з’яўляецца, як нi парадаксальна, самай гiстарычна абгрунтаванай. Светлая пiгментацыя не была, аднак, адзінай прычынай надання вепсам лацiнскай назвы albani, а iх краiне — Albania. Галоўную ролю тут адыгралі паралелі з “Этымалогіямі” Ісідора і падабенства назвы wizzi з нямецкiм wiz / weiss. Гэта не адзiны выпадак такога кшталту “каляровай” этымалогii ў Сярэднявеччы. У гэты ж прыкладна час французы памылкова называлi грэкаў gris, г.зн. “шэрымi” (правiльна: grecs)87.Адам, якi збiраў сваe звесткi ад розных iнфарматараў, быў, магчыма, не першым, хто даў назве
wizzi такое тлумачэнне. Яго аўтарамi маглi быць вiкiнгi, якiя добра ведалi гэты рэгiён. Як адзначыў В. Пiменаў, спpобу Адама звязаць назву Albani — Wizzi з лацiнскiм albus можна супаставiць i з назвай “Белае возеpа”, якое было своеасаблiвай метраполiяй вепсаў88. У 862 г., паводле “Аповесці мінулых часоў”, на Белым возеры нiбыта пачаў княжыць вараг Сiневус, паўмiфiчны брат рэальнага Рурыка цi iнакш Рорыка (Hroerekr) Ютландскага89. Паводле “Аповесці мінулых часоў”, вепсы былі адным з народаў, які “паклікаў” варагаў: “реша руси чюдь, словени, и кривичи и весь: “Земля наша велика и обилна, а наряда в ней нет. Да поидете княжит и володети нами”90. Незалежна ад сапраўднасцi летапiснага паведамлення пра Сiневуса, вiкiнгi, несумненна, iмкнулiся ўсталяваць свой кантроль над воднымi шляхамi ўздоўж трасы цяперашняга Волга–Балтыйскага канала, каб мець доступ у Волжска–Камскую Булгарыю i краiны Арабскага Халiфату. Устаноўлена актыўнае пранiкненне варагаў у яшчэ больш аддаленую Растова–Суздальскую зямлю (Rostofa i Surdalar цi Sudrdalariki ў скандынаўскiх крынiцах). Багатыя на пушнiну землi на ўсход ад асвоеных варагамi тэрыторый, ад Урала да Белага мора, занятыя варожымi скандынавам фiнскiмi плямёнамi, продкамi комi i саамаў, аб’ядноўвалiся ў iх пад назвай Біярмiя (пермь рускiх летапiсаў, ад парма — “тайга” на мове комi). Не выключаецца магчымасць, на якую ўпершыню паказаў А. Навасельцаў, што менавiта Белае возера i Растоў былi галоўнымi цэнтрамi Арсы–Артанii — адной з “трох абласцей pусаў”, пра якую шмат пiсалi арабамоўныя географы X—XIII ст.91.Так што назва “Белае возеpа” магла спачатку ўзнiкнуць у скандынаўскай мове як амонiм да “возера вепсаў”, а ўжо потым быць перакладзенай на старажытнарускую. Калi ж нейкi ярл цi конунг сапраўды выступiў кансалiдатарам протадзяржавы вепсаў у “краiне Вiсу”, дык, магчыма, i спалучэнне Белая Русь цалкам склалася ў вiкiнгаў як абазначэнне гэтай протадзяржавы. Фiнамоўныя народы (iмаверна, i вепсы) называлi варагаў, перш за ўсё шведаў,
ruotsi. Адсюль i тэрмiн русь, які ў вузкiм сэнсе азначаў дружыны ваяроў, пачаткова ў асноўным скандынаўскiх, што дзейнiчалi ў якасцi каталiзатара працэсу ўтварэння дзяржавы на землях, заселеных усходнеславянскiмi i фiнскiмi плямёнамi92. Як мяркуюць многiя даследчыкi, старажытнае паселiшча нарманаў, так званы “варажскi гарадок”, было пабудавана ў даўнiя часы супраць біярмаў на паўночным беразе Белага возера, на Кiснеме93. Форма, у якой назва Белая Русь была вядомая ў XIV ст., Weizzen–Reuzzen, вельмi нагадвае Wizzi Адама Бpэменскага i можа паказваць на пачатковы сэнс: “вепская русь”, або “белаазёрскiя варагi”. У такiм выпадку Белая Русь можа быць вельмi архаiчнай назвай, узыходзячы яшчэ да тых часоў, калi не выснаваўся сучасны сэнс уласна Русі! На многіх навачасных картах XV—XVI ст. (іх мы будзем разглядаць нiжэй) Белая Русь лакалiзаваная побач з Белым возерам. Складзеная паміж 1320—1335 г. шведская рыфмаваная “Хронiка Эрыка” пры апiсаннi пахода шведаў на Няву ў 1300 г. “Белым” называе Ладажскае возера (Hwita trдsk) і паведамляе: “Белае возера, як мора... Руская зямля ляжыць на паўднёвы ўсход ад яго, а Карэльская — на поўнач, так што возера іх і падзяляе”94.Дагэтуль у навуковы ўжытак не ўведзеныя нiякiя сярэднявечныя скандынаўскiя пiсьмовыя помнiкi, якiя непасрэдна ўтрымлiваюць назву Белая Русь
(Hwita Rytzland?), аднак вялiкую ролю ў перадачы гістарычных і геаграфiчных ведаў у скандынаваў адыгрывала вусная традыцыя. Заўважым, што многiя раннія скандынаўскiя геаграфiчныя творы падаюць Ісiдоравы звесткi пра Албанiю ў кантэксце, блiзкiм да згадак Адамам Брэменскім “албанаў” — “вiсаў”95. Напрыклад, апавяданне пра народы–волаты, складзенае не пазней за пачатак XIV ст., паведамляе: “У Вялiкай Швецыi ёсць албаны, белыя, як снег, i колерам валасоў, i скурай, пакуль яны не састарэюць; у iх залатыя вочы, i яны бачаць лепей уначы, чым удзень”96. “Вялiкай Швецыяй” (Suitiod hin micla) скандынавы лiчылi крайнi ўсход Еўропы — усе вобласцi, што прымыкалі да iх з усходу, у тым лiку i Русь (“Гардарыкi”)97. Як i Адам, побач са сваёй Албанiяй яны змяшчалi “краiну жанчын” — Квенланд (Quenland). І калi адны скандынаўскiя крынiцы, найбольш блiзкiя да “Этымалогiй” Ісiдора, размяшчалi Квенланд на поўнач ад Індыi i Бактрыi98, дык паводле iншых, магчыма, складзеных пад уплывам Адама Брэменскага, яна знаходзiлася побач са Скандынавiяй, на поўнач ад Біярмii99. Услед за вучонымi антычнасцi скандынавы лiчылi Албанiю адным з самых халодных месцаў у свеце, хаця iх уяўленнi пра холад, пэўна, адрознiвалiся ад Страбонавых i Плiнiевых.Вельмi цiкавая сама этымалогiя слова “Квенланд”. Уласна кажучы, квены — гэта iншая назва фiнаў, якая, магчыма, паходзiць ад фiнскага
kainu — “балота”100. Такое ж значэнне мае i сучасная саманазва фiнаў — suomi. Але скандынаўскiя вучоныя–схаласты пры тлумачэннi этнонiма “квены” зыходзiлi са старажытнагерманскага слова, якое азначае “жанчына” цi нават “каралева” (адсюль, напрыклад, англ. queen), а затым распаўсюдзiлi на квенаў–фiнаў усе атрыбуты старажытных амазонак. Трэба меркаваць, па такой жа схеме адбывалася i ператварэнне вепсаў у “албанаў”. Як мы ўбачым ніжэй, на некаторых картах нават XV—XVI ст. Белую Русь часта змяшчалі побач з “краінай амазонак”, што наўрад ці можна лічыць простым супадзеннем.Калi такое гiпатэтычнае ўтварэнне, як протадзяржава вепсаў на чале з Сiневусам (цi iншымі варагамі) i не з’яўляецца адно плодам нашай фантазii, перыяд яе iснавання не быў працяглым. Бо яна была паглынутая дзяржавай з цэнтрам у Старой Ладазе, а потым у Ноўгарадзе, створанай усходнiмі славянамі пры актыўным удзеле той жа русi. Дарэчы, калыска дзяржаўнасцi Старажытнай Русi, раён Старой Ладагi (
Aldeigjuborg) i Аланца (Alaborg) — паўднёвы i ўсходнi берагi Ладажскага возера — быў, прынамсi, у данарманскi перыяд, самым густанаселеным з усяе вобласцi рассялення вепсаў101. Адзначым, што “аланаў” — адзiн з варыянтаў назвы вiцаў–албанаў у Адама Брэменскага — часта звязваюць менавiта з Аланцом102. Наўрад цi Адам адэкватна ўяўляў сабе такi аддалены ад Балтыкi раён, як Белае возера. Яму, хутчэй, маглi быць вядомыя “албаны” на Ладазе. Паводле “Сагi пра Хальвдана, сына Эйстэйна”, Эйстэйн, якi нiбыта кiраваў Ладагай, аддаў у лен свайму прыёмнаму сыну Ульфкелю “ярлства” Alaborg, чые межы даходзiлi да Біярмii. У пачатковую Белую Русь, калi наша рэканструкцыя слушная, уваходзiла таксама “ярлства” Белага возера (магчыма, уключаючы i Растоў), iнакш кажучы, усе тыя землi на паўднёвы захад ад Біярмii, дзе русь пачувалася гаспадаром. Існуе таксама версiя, на наш погляд, лагiчная, што пад назвай Alaborg хаваецца менавiта Белае возера. Ва ўсякім разе, i Alaborg, i alani Адама Брэменскага паказваюць на прыкладна адзiн i той жа рэгiён Рускай Поўначы, узыходзячы да фiнскага alanko — “нiзiна”103.У XIII ст. большая частка колiшнiх вепскiх земляў знаходзiлася ў складзе Наўгародскай рэспублiкi, за выняткам, аднак, самога Белаазёрскага краю, якi ўвайшоў у палiтычную арбiту Растова–Суздальскай зямлi, а ў 1238 г. вылучыўся ў самастойнае княства. Таму, мусiць, натуральна, што Белая Русь у еўрапейскiх крынiцах XIII—XVI ст. найбольш часта ўжывалася ў сувязi з Вялiкiм Ноўгарадам: як абазначэнне або пэўнай яго часткi (прыкладна ў межах Водскай пяцiны), або (паводле прынцыпу
pars pro toto — “частка ў якасцi цэлага”) усёй Наўгародскай рэспублiкi, нават разам з некаторымi прылеглымi землямi, у першую чаргу з Псковам — яе “малодшым братам”. Некаторыя крынiцы яшчэ доўгi час ужывалi назву ў дачыненнi да яе меркаванага пачатковага арэала. Так, на карце Еўропы (1579) венецыянскага выдаўца, картографа i гандляра картамi Джаванi Франчэска Камочыа Rossia Bianca знаходзiцца на поўдзень ад Анежскага возера, на ўсход ад р. Волхаў (Volchen)104.У выпадку слушнасці меркаванняў некаторых даследчыкаў аб размяшчэннi загадкавай Артанii–Арсы памiж Растовам i Белым возерам лакалiзацыя Тацiшчавым Белай Русi ў Растова–Суздальскай зямлi можа набыць новы, зусiм нечаканы сэнс. Калi б яго паведамленнi пра Белую Русь сапраўды абапiралiся на нейкую невядомую нам гiстарычную крынiцу, называўшую так Растоў
105, гэта магло б сведчыць на карысць “вепскай” гiпотэзы. Тады Тацiшчава можна было б папракнуць толькi за тое, што ён пашырыў гэтую назву на ўсё Уладзiмiра–Суздальскае княства XII—XIII ст., якое мела зусiм iншыя абрысы, этнiчны склад i дзяржаўны лад, чым гiпатэтычная пачатковая Белая Русь IX—X ст. Тая, калi i ахоплiвала Растоў, а пагатоў Суздаль, дык толькi па перыферыi.Несумненны ўплыў Адама Брэменскага, фактычнага заснавальнiка нямецкай геаграфiчнай навукi (у прыватнасцi, ён адным з першых ужыў сам тэрмiн “геаграфiя”), і Ісідора Севільскага на многiя пакаленнi сярэднявечных схаластаў. Нам уяўляецца, што ў значнай ступенi менавiта ім мы абавязаныя iснаваннем назвы Белая Русь. Цяжка сказаць, цi Албанiя, як яе разумелі схаласты, упершыню трансфармавалася ў Белую Русь менавiта ў
Descriptiones terrarum, цi гэта адбылося крыху раней i ананiмны аўтар трактата толькi наследаваў усталяванай традыцыi. Было б лагічным дапусціць, што тэрмiн Белая Русь у закончанай форме ўзнiк не раней, чым у Лiвонii замацавалiся нямецкiя крыжакi (пач. XIII ст.), якiя з гэтага часу ўвайшлi ў цесны кантакт з усходнiмi славянамi.Але так цi iнакш Белая Русь не выцеснiла Албанiю цалкам. Паўночная, побач са Скандынавiяй, лакалiзацыя апошняй прасочваецца яшчэ на працягу доўгага часу. На каpце П’етpа Вiсконтэ — Маpына Сануда Старэйшага (1320 г.), што служыла дадаткам да кнiгi Сануда
Liber secretorum fidelium crucis (“Кнiга пра таямніцы, верныя крыжу”), Albania — вялiкая кpаiна далёка на поўначы, на велiзаpным масiве сушы, пpымыкаючым да Скандынавii i аддзеленым горным хрыбтом (што цягнецца нiбыта ад Скандынавii да Японii) ад ссунутых аўтарамi карты на самую поўнач Азii Кiтая i Гipканii106. Створаная каля 1450 г. карта свету, гравiраваная на жалезе i вядомая, паводле iмя свайго пазнейшага гаспадара, пад назвай “планiсфера Борджа”, называе сумежную са Скандынавiяй вобласць Albania Magna107.Выдае на тое, што калi ў элiнiстычна–рымскай геаграфii
Albania азначала дакладна акрэсленую вобласць, што адпавядала рэальнай краiне, дык у некаторых аўтараў XIII ст. (i пазнейшых) — гэта кантамiнацыя Каўказскай Албанii антычнасцi, Аланii (краiны аланаў — продкаў сучасных асецiнаў, якая сапраўды дасягала Азоўскага мора) i паўночнай “Албанii” вепсаў–вiцаў. Усе гэтыя нiяк не звязаныя мiж сабой вобласцi для некаторых географаў эпохi позняй схаластыкi з iх цьмянымi ўяўленнямi пра Усходнюю Еўропу злiлiся ў адно.Мы ўжо звярталi ўвагу на асаблiвасцi мыслення схаластаў. Іх навуковым, у т.л. i геаграфiчным поглядам былi ўласцiвыя кампiлятыўнасць, эклектычнасць, несамастойнасць. Нават пры аспрэчванні ўласным досведам аўтарытэту папярэднiкаў, даныя апошнiх працягвалi суiснаваць з новымi. Псеўдагеаграфiчныя назвы, створаныя фантазiяй, а iншым разам — i неахайнасцю або несумленнасцю падарожнiкаў цi шкаляроў, звычайна не адкiдалiся за непатрэбнасцю. Іх iмкнулiся дапасаваць да малавядомых тэрыторый, калi для таго быў хоць нейкi прэтэкст, цi выкарыстоўвалi пры “хрышчэннi” толькi што адкрытых земляў. Свядомасць сярэднявечнага чалавека з лёгкасцю фабрыкавала як бясконцыя “святыя” рэлiквii, так i рознага кшталту монстраў, прывідаў, міфічных жывёл і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны. Як заўважыў Ж. Ле Гоф, “людзi сярэднявечча ўваходзiлi ў кантакт з фiзiчнай рэальнасцю праз пасрэднiцтва мiстычных i
псеўданавуковых абстракцый”108. Менавiта такiмi абстракцыямi былi амаль любыя геаграфiчныя назвы вядомага сярэднявечнаму еўрапейцу свету, Orbis Latinus — асаблiва калi гутарка ішла пра далёкiя i малавядомыя краiны.Гэтая з’ява, зрэшты, выходзiць далёка за рамкi сярэднiх вякоў. Ужо ў навейшы час многiя назвы, вядомыя з антычнай традыцыi цi створаныя ў сярэднявеччы, якiм не знайшлося месца на Зямлi, ужылi для абазначэння аб’ектаў на iншых планетах. Так, антычныя географы яшчэ iанiйскага перыяду (VI—IV ст. да н.э.) змяшчалi вытокi ўсiх еўрапейскiх рэк, якiя ўпадаюць у Чорнае мора, у так званых Рыфейскiх гарах. Іх рэальным прататыпам мог быць Каўказ
109; але зыходзячы з таго, што на многіх картах XVI ст. Рыфей служыў водападзелам Дняпра з Дзвiной i Нёманам, яго трэба было б атаясамiць з Беларускай градой (праўда, назваць яе горнай сiстэмай было б вялiкай нацяжкай). Калi iснаванне Рыфейскiх гор, у розных хараграфiях i на старых картах часта згадваных побач з Белай Руссю, не пацвердзiлася, iх назву спачатку спрабавалi дапасаваць да Урала (што захавалася да нашага часу ў назве буйнога падраздзела агульнай стратыграфічнай шкалы — Рыфей); ужо ў XX ст. iм знайшлi “прытулак” на Месяцы. Сапраўдная Каўказская Албанiя канчаткова заняла сваё “законнае” месца на карце толькi ў XVIII ст.110. Тэрмiн Белая Русь, нават калi быў вынайдзены вiкiнгамi для абазначэння канкрэтнай тэрыторыi, у сярэднявечных схаластаў, а потым і ў вучоных–гуманістаў доўгi час быў такой жа псеўдагеаграфiчнай назвай, як Туле цi Рыфей.Калi б вядомы слоўнiк лацiнскiх геаграфiчных назваў сярэднявечча
Orbis Latinus111 складалi не ў XIX, а ў XV—XVI ст., безумоўна, разам з Thule i Riphaei, Albania i Russia туды трапiла б i Russia Alba. Гэтая вучоная назва ў дачыненнi да Ноўгарада гучала не менш узнёсла, чым Caledonia да Шатландыі, Hibernia — да Ірландыi, Lusitania — да Партугаліi, Helvetia — да Швейцарыi i г.д. Як правіла, краіны называлі імёнамі народаў, якія насялялі іх у рымскую эпоху ці ўвогуле ў такой старажытнасці, якую маглі прасачыць схаласты па сваіх крыніцах. Часта такія традыцыйныя вучоныя назвы набывалi вядомасць больш шырокую, чым аўтэнтычныя. Belgica i Britannia ўрэшце зрабiлiся афiцыйнымi для адпаведных краiн, а Bohemia доўгi час выкарыстоўвалася ў гэтай якасцi. Магчыма, часам эпiтэт alba ўвогуле не меў анiякай сэнсавай нагрузкi, а прыкладаўся да назвы Russia проста каб падкрэслiць эрудыцыю аўтара.Ператварэнне Албанii ў Белую Русь, як мы ўбачым далей, адбылося не толькi на поўначы Усходняй Еўропы, так бы мовiць, “на вепскiм субстраце”, але i ў Паўночным Прычарнамор’i і Прыазоўі. У далейшым мы будзем адрознiваць “паўночную” i “паўднёвую” Белыя Русi, хаця сярэднявечныя географы не ведалi такога дзялення. Кожны з iх паасобку звычайна меў на ўвазе сваю Белую Русь. Толькi яе прывязка ў канкрэтных выпадках адрознiвалася. Пэўным крытэрыем для нашай класiфiкацыi з’яўляецца знаходжанне Белай
Русi па той цi iншы бок ад уяўных Рыфейскiх гор. У гэтым сэнсе можна казаць пра “цысрыфейскую” (па “наш” бок уяўнага Рыфея) i “трансрыфейскую” (па “той” бок) Белую Русь, — а амаль ўся бачная разнастайнасць яе лакалiзацый можа быць зведзена да гэтых двух асноўных варыянтаў.