Змест

1. “Тацiшчаўскiя звесткi” i праблема дакладнай атрыбуцыi

Дагэтуль у сталы навуковы абарот уведзена не так ужо шмат цытат са старажытных дакументаў, у якiх згадваецца Белая Русь. А многiя даследчыкi, спрабуючы абгрунтаваць тую ці іншую версію паходжання назвы, адвольна выбiраюць з гэтай “альбарусiкi” або самае зручнае для сваiх тэорый, або проста тое, што вядома асабіста ім. Звычайна цытаты вырываюць з кантэксту адпаведных крынiц i манiпулююць iмi як дэталямi з канструктара Lego, будуючы канцэпцыi паходжання назвы на свой густ. Своеасаблiвымi “чэмпiёнамi” такога цытавання з’яўляюцца вытрымкi з Тацiшчава (нiбыта пад 1135 г. і 1169 г.), Яна з Чарнкова (нiбыта пад 1382 г.), так званага “Лiста Івана III да папы Сiкста IV” (1472 г.), Мяхоўскага (1521 г.), Гваньiнi (1578), Стpыйкоўскага (1582 г.), у апошнi час — з Дублiнскага рукапiса (каля 1255 г.). Стала сумнай традыцыяй не звярацца з першакрынiцамi, а цалкам здавацца на папярэднiкаў. Так, з часу, калi М. Карамзiн увёў у абыходак згаданы “Лiст Івана III” (1817), здаецца, толькi П. Пiрлiнг у канцы ХIХ ст. палiчыў неабходным звярнуцца непасрэдна да “Рымскага дзённiка” Джакома Мафэi з Вальтэpы, паводле якога Карамзiн узнаўляў тэкст гэтага лiста. Але большасць даследчыкаў, цалкам здаючыся на аўтарытэт рускага класiка, дагэтуль працягвае ўпарта лiчыць яго “самай даўняй дакладнай гiстарычнай звесткай пра Белую Русь усходнеславянскага паходжання” (гл. раздзел 4). Такi дагматызм, натуральны для вучоных Сярэднявечча (у нейкiм сэнсе дзякуючы яму i з’явiлася вывучаемая назва), у наш час наўрад цi можа быць апраўданы. Адной з мэт гэтай працы з’яўляецца як мага больш поўная кадыфiкацыя i сiстэматызацыя вядомай i новай iнфармацыi пра Белую Русь XIII—XVII ст. з удакладненнем яе канкрэтнага зместу і храналогіі.

Мы дыспануем самымі разнастайнымі гiстарычнымi крынiцамi, якiя ўтрымлiваюць звесткi пра назву Белая Русь i яе прататыпы. Сярод iх абсалютна пераважаюць дакументы заходнееўрапейскага паходжання (на лацінскай, нямецкай і італьянскай мовах): хронiкi (“Хронiка Канстанцкага сабора”, “Венгерская хронiка” Мюгельна, “Хронiка Польшчы” Яна з Чарнкова, “Нюрнбергская хронiка” i г.д.); энцыклапедычныя i гiсторыка–геаграфiчныя трактаты (Дублiнскi рукапiс, “Трактат пра дзве Сарматыi” Мяхоўскага, “Касмаграфiя” Мюнстэра); геаграфiчныя карты (пачынаючы з Фра Маўра і Генpыха Маpтэла) і глобусы (Іагана Шонеpа, Каспара Вопеля і інш.); фрагменты дыпламатычнай карэспандэнцыi (у першую чаргу, нямецкіх і італьянскіх дзяржаў); помнiкi агiяграфii (“Жыціе Св. Кунегунды”); паэтычныя творы (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха, М. Баярда, Я. Вiслiцкага) i нават працы па астраномii i астралогii (таблiца эфемерыд Бема, Холмскi астралагiчны зборнiк). Невялiкую групу складаюць дакументы ўсходнееўрапейскага паходжання — яе можна падзялiць на дзве падгрупы: 1) паведамленнi пра Ферара–Фларэнтыйскi сабор, якiя ўзыходзяць да “Слова на латыню 1461 г.; 2) летапiсныя зводы XVII—XVIII ст. (Густынскi летапiс, “Хpонiка Лiтоўская i Жамойцкая”, Ермалаеўскi спiс Іпацьеўскага летапiсу), якiя ў частцы паведамленняў пра Белую Русь грунтуюцца на “Хpонiцы Польскай, Лiтоўскай, Жмудскай i ўсяе Русi” Стрыйкоўскага.

Галоўныя праблемы пры рэканструкцыi эвалюцыi паняцця Белая Русь — дацiроўка паведамленняў гэтых крынiц пра Белую Русь i ўстанаўленне iх аўтэнтычнасцi. Большасць памылак, дапушчаных даследчыкамi гiсторыi Белай Русi, выклiканая перш за ўсё недахопам крытычнага стаўлення да тэкстаў. Даты, пад якiмi назва згадвалася ў тым цi iншым дакуменце, аўтаматычна прымалiся за сапраўдныя, не зважаючы на гiсторыю стварэння i рэдагавання самога дакумента. Мiж тым, рэдка якія сярэднявечныя дакументы дайшлі да нас аднароднымі з пункту гледжання аўтарства і часу стварэння. Нават павярхоўная крытыка дазваляе распазнаць шмат у якiх паведамленнях пра Белую Русь пазнейшыя iнтэрпаляцыi, а ў некаторых — свядомую фальсіфікацыю.

Найбольш яскравы прыклад такой фальсіфікацыi — так званыя “тацiшчаўскiя звесткi”. У XVIII ст. расiйскi гiсторык Васiль Тацiшчаў, спасылаючыся на нейкiя “Раскольнiцкi, Польскi i Растоўскi манускрыпты”, заявiў, што пачаткова Белая Русь была iншай назвай Уладзiмiра–Суздальскай зямлi:

“Белая Русь також по разделении детей Владимировых названа... престол был первой в Ростове, потом в Суздале, во Владимире и Смоленску, а напоследок уже перенесен в Москву... А по Днепру до устья реки Дручь, на запад Борисов, построен на границе при реке Березе”24.

Вылучыўшы такi тэзiс, Тацiшчаў затым паслядоўна ўжываў тэрмiн Белая Русь ва ўсiх выпадках, калi гутарка iшла пра Уладзiмiр ды Суздаль. Так, пры апiсаннi падзей 1135 г. ён сцвярджаў, што, згубiўшы Пераяслаў, “Юрий возвратился в свою область Белую Русь”25; пад 1157 г. паведамляў, як Андрэя Багалюбскага “посадиша... на отчи столе во всей Белой Руси, в Ростове и Суздале”26.

Каб неяк прымiрыць гэтыя звесткi з сучаснай яму рэчаiснасцю, Тацiшчаў прылiчыў да сваёй Уладзiмiра–Суздальскай Белай Русi i Смаленск: “Московская и Смоленская [имянуется] за едино Белая Русь”27. А каб растлумачыць уяўны пераход назвы ад Уладзiмiра i Суздаля да беларускiх Падзвiння i Прыдняпроўя, аб’явiў, што “Литовские [князья], хотя похитить титул великих князей белорусских, обладав Смоленском, оное токмо за Белую Русь почли... но древнейшие манускрипты... всю сию страну кроме Смоленского, Белая Русь имянуют”28. З беларускiх гiсторыкаў гэтай версii прытрымлiваецца, напрыклад, К. Тарасаў29.

Катэгарычнасць сцвярджэнняў Тацiшчава не можа замаскаваць той факт, што сам ён у сваiх гiпотэзах быў не вельмi ўпэўнены. Гэта бачна ўжо па тым, як ён перабiрае версii паходжання назвы, не ведаючы, на якой спынiцца, нiколькi не клапоцячыся пра ўзгадненне сваiх уласных палажэнняў мiж сабой. То ён пiша, што “татара, персияне, турки и другие восточные народы, не от себя вымысля, государей руских ак падышаха и сархан, т.е. белый государь, и государство Ак Урус — Белая Русь — именуют, и от сего звания, может, белое платье в предпочтении было”30, то: “наипаче Белая и Черная Русь ни от чего, как от цвета волос или одежд произошло”31. А вось ужо: “О причине ж имяни сего разные мнения находятся. Герберштейн и другие от множества снегов написали... Паче же верительно сказание Макариа митрополита, что сие имя от преизясчества земли и довольства... дано”32. Вiдавочна, што дзеля падтрымання сваiх штучных разумовых пабудоў Тацiшчаў не грэбаваў прыпiсваннем некаторым аўтарам выказванняў, якiх яны нiколi не рабiлi. На жаль, як звычайна здараецца з памылковымi тэорыямi, iмправiзацыi Тацiшчава надоўга “захраслi” ў свядомасцi наступных пакаленняў гiсторыкаў.

Так, iдэя аб паходжаннi назвы ад “мноства снягоў” нiдзе ў асцярожнага ў высновах Герберштайна не выказаная. Наколькi нам вядома, яна прагучала амаль стагоддзем пазней у Ш. Старавольскага (гл. раздзел 11). Г. Ільiнскi выкрываў наiўнасць самой такой этымалогii, але цалкам здаўся на Тацiшчава, паўторна прыпiсаўшы яе Герберштайну33. Пра спробу Герберштайна (не ўдакладняючы яе сутнасцi) высветлiць паходжанне назвы ахвотна пiшуць i iншыя даследчыкi (напрыклад, Р. Максiмовiч)34. Але, як паказана ў раздзеле 5, Герберштайн даў сваю версiю паходжання тэрмiну “белыя рускiя”, што не зусiм тое ж, i не ў першым лацiнскiм выданнi 1549 г., як сцвярджаў Максiмовiч, а ў нямецкiм 1557 г. Прычым выводзіў ён гэтую назву не ад “мноства снягоў”, а ад спалучэння “белы рускі цар” (гл. раздзел 5). Выдуманымi, як паказаў С. Пешцiч35, з’яўляюцца i спасылкi Тацiшчава на мiтрапалiта Макарыя, таксама падхопленыя некаторымi беларускiмi даследчыкамi36. Хаця ў “Мiнеi–Чэццi”, створаныя на загад Макарыя ў сярэдзiне XVI ст., увайшло i “Слова на латыню” — самы даўнi ўсходнеславянскi лiтаратурны помнiк, якi змяшчае звесткi пра Белую Русь, — намі не выяўлена нiякiх каментароў самога мiтрапалiта наконт паходжання назвы.

Першым, хто звярнуў увагу на беспадстаўнасць загадкавых паведамленняў Тацiшчава, быў Мiкалай Карамзiн. У “Гiсторыi дзяржавы Расiйскай” (1816) ён справядліва адзначыў: “Суздаль и Ростов никогда не назывались Белою Русью”37. І яшчэ: “Вопреки Татищеву, я нигде не находил имени Белой России до времен Иоанна III”38.

Цяпер цвярозы погляд на “тацiшчаўскiя звесткі” пра Белую Русь паступова бярэ верх. Але абвяргаючы iх, некаторыя беларускiя гiсторыкi лiчаць, што яны “ўзятыя... з больш познiх летапiсных кампiляцый, хутчэй за ўсе, XVII ст.”39. Можна пагадзiцца з тым, што ва ўсiх вядомых рускiх летапiсах XI—XIV ст., звесткi аб тоеснасцi Белай Русi Растова–Суздальскай зямлi адсутнiчаюць i хутчэй былi сфальсiфiкаваныя самiм Тацiшчавым, схiльным да адвольнага абыходжання з крынiцамi. Аднак i летапiсныя зводы XVII ст., у якiх фігуруе назва Белая Русь, не звязваюць яе з Уладзiмiрам ды Суздалем. Ідэю гэтай тоеснасцi Тацiшчаў мог пазычыць у заходнееўрапейскiх аўтараў, напрыклад, у Георга Хорна (1668 г.), для якога Vladimiria i Russia Alba былi сiнонiмамi (падрабязней мы спынiмся на гэтым у раздзеле 12). У нейкай ступенi “тацiшчаўскiя звесткi” пра Белую Русь могуць быць растлумачаныя, напрыклад, старадаўняй традыцыяй, паводле якой служылыя князi Пскова i Ноўгарада — як мы ўбачым, пачатковай Белай Русі — часцей за ўсё абiралiся з растова–суздальскiх князёў. Такое становiшча захавалася нават пасля далучэння гэтых баярскiх рэспублiк да Маскоўскай дзяржавы40.

Наўрад цi ў распараджэнні Тацiшчава меліся нейкiя крынiцы, невядомыя сучаснай навуцы. “Раскольнiцкi i Растоўскi манускрыпты”, iмаверна, адпавядаюць якiмсьцi агульнарускiм летапiсам, для якiх цяпер усталявалiся iншыя назвы41. Прычым, што датычыць “Растоўскага”, можна нават аднавiць, з высокай ступенню верагоднасцi, як канкрэтна выглядала яго паведамленне пра Белую Русь. Хутчэй за ўсё, гутарка ў iм ішла пра падзеi 1438 г. на Фларэнтыйскiм саборы i пры гэтым цытаваўся прыпiсваны Іаану Палеалогу панегiрык Васiлю Цёмнаму. За “Польскiм мануcкрыптам” хаваецца, хутчэй за ўсё, “Хpонiка” Мацея Стрыйкоўскага (падрабязна яна будзе разглядацца нiжэй). Гэтая хpонiка — што цяпер устаноўлена дакладна — была адной з галоўных крынiц Тацiшчава42. Менавiта ў ёй часта сустpакаецца вызначэнне маскоўскiх князёў як “уладаpоў Бела–Рускай манаpхii” цi “белаpускiх княжычаў”.

Нават калi не выключаць цалкам магчымасцi таго, што Тацiшчаў абапiраўся на нейкiя невядомыя сучасным гiсторыкам крынiцы, дзе называлася Белай Руссю частка тэрыторыi Растова–Суздальскай зямлi, пра гэтыя гіпатэтычныя крыніцы трэба зрабiць важныя агаворкi: 1) калі маюцца на ўвазе нейкія скандынаўскія ці нямецкія крыніцы, назва Белая Русь у іх магла, як будзе паказана нiжэй, ахоплiваць Белае возера, магчыма, i Растоў X—XI ст. — г.зн. перыферыю будучага Уладзiмiра–Суздальскага княства, але не ўсю яго тэрыторыю, i ўжо нiякiм чынам не Смаленск; 2) калі гутарка ідзе пра крынiцы ўсходнеславянскага паходжання, то амаль выключаецца імавернасць іх стварэння раней XVI—XVII ст.

Гістарычная навука (ці, дакладней, псеўданавука) і ў наш час, на жаль, часта несумленна выкарыстоўваецца ў палітычных, рэлігійных і іншых “вышэйшых” мэтах, і гістарычная ісціна ў такіх выпадках заўжды адыходзіць на другі план. У часы ж Тацішчава фальсіфікацыя дакументаў “у вышэйшых дзяржаўных інтарэсах” і пагатоў лічылася з’явай абсалютна прымальнай. Напрыклад, у 1717 г. расійскі ўрад і вышэйшыя праваслаўныя іерархі для барацьбы са стараверамі сфабрыкавалі т.зв. “Соборное деяние на мниха Мартина Арменина”, аформленае як ухвала царкоўнага сабора, які нібыта адбыўся ў Кіеве ў 1157 г. і на якім праціўнікі догмаў і абрадаў, аналагічных уведзеным рэформамі 1653—1656 г., былі абвешчаныя “ерэтыкамі”. Арганізатары раптоўнай “знаходкі” на Украіне і наступнай публікацыі гэтага дакумента адзначалі, што ён напісаны “древним белоруским характером”43. Нават калі ўлічыць, што ў той час у Расіі тэрмiнам “белоруское письмо” абазначалася ўся сукупнасць графiчных i лексiчных асаблiвасцяў, адрозненняў т.зв. “заходнерускай” пiсьмовай мовы ад уласна рускай, ці ж можна было пераносіць гэты тэрмін у ХII стагоддзе!

Гэтая недарэчнасць, канешне ж, не самая бессаромная ў той грубай падробцы, якой з’яўляецца “Соборное деяние”. Але яна ясна паказвае, што Тацiшчаў быў далёка не адзiным, хто, пiшучы пра Белую Русь, iмкнуўся “падагнаць” мiнулае пад рэалii свайго часу — цi XVI, цi XX ст. Яшчэ адзiн характэрны прыклад: гiсторыкi ахвотна цытуюць Ермалаеўскi спiс Іпацьеўскага летапiсу44. Гэты спіс пры апiсаннi жанiцьбы будучага польскага караля Казiмiра III з дачкой Гедымiна Альдонай у 1325 г., калi Гедымiнам было адпушчана ў Польшчу шмат палонных, паведамляе: “сице лях един по гривне, се есть по десяти грошей литовских в Литве и Руси Белой продаван был, и на лошата и волы Литва межи собой их замениваху”45.

Але Ермалаеўскi спiс створаны ў пачатку XVIII ст. на аснове Пагодзiнскага спiса канца XVI ст.46 (у апошнім, дарэчы, фрагмент з паведамленнем пад 6813 г. адсутнiчае). Сучаснай навукай гэты фрагмент звычайна не разглядаецца як частка ўласна Іпацьеўскага летапiсу, i, зразумела, немагчыма лiчыць яго доказам вядомасцi Белай Русi рускаму летапiсцу XIV ст.47. Перапiсчык XVIII ст., хутчэй за ўсё, адштурхоўваўся ад “Хронiкi...” Стрыйкоўскага, якi паведамiў пра 24 тыс. палонных, нiбыта адпушчаных Гедымiнам48. Ермалаеўскi спiс, дарэчы, паслужыў адной з крыніц “Гісторыі Расійскай” Тацішчава49.

Часам сцвяpджаецца, што назва Белая Русь была ўжытая ў 1407 г. у дачыненнi да Полаччыны50. Аднак сам дакумент 1407 г., на якi пры гэтым спасылаюцца, не захаваўся. Ён вядомы толькi паводле запiсу ў iнвентаpы фpанцысканскага кляштаpа Св. Маpыi ў Ашмянах, зpобленым 8 сакавiка 1585 г.: запіс сапpаўды згадвае “маёнтак Боpтнiкi ў Белай Русi, якi захапiў тады [у 1407 г. — А. Б.] пан ваявода Полацкi”51. Але больш лагічна будзе меркаваць, што складальнiкi iнвентаpу дадалi назву Белая Русь ад сябе, бо ў той час яна ўжо тpывала замацавалася за Полаччынай. Яшчэ адна згадка пра Белую Русь, нiбыта датаваная XV ст. (1476 г.) — “эпiстолiя” мiтрапалiта Мiсаiла, на самай справе, хутчэй за ўсё, адносiцца да больш позняга часу (1605 г.). Праўда, у адрозненне ад многiх iншых дакументаў, спрэчнасць дацiроўкi гэтага добра ўсведамляецца даследчыкамi, i па гэтым пытаннi iснуе багатая лiтаратура. Падрабязней мы разгледзiм яго ў раздзеле 4.

Нельга аднесцi да аўтэнтычнай “альбарусiкi” пастанову першага ваада (з’езда) яўрэйскiх абшчын ВКЛ у Бярэсцi ў 1623 г. Яна толькi адзначыла, што рознага кшталту валацугi “запаланiлi Лiтву i Русь”52. А ўжо ў 1936 г. складальнiкi зборнiка “Гiсторыя Беларусi ў дакументах i матэрыялах”, жадаючы, напэўна, “удакладнiць” сэнс гэтага запiсу, паправiлi яго на “Лiтву i Беларусь”. Значыцца, фактычна згадка пра Белую Русь у гэтым фрагменце адносiцца не да 1623, а да 1936 г.! У вынiку атрымалася не ўдакладненне, а падмена паняццяў, блiзкая да фальсiфiкацыi, што ўвяло ў зман i наступных даследчыкаў53.

Зрэшты, любыя інтэрпаляцыі, падробкі ці памылковыя гістарычныя даследаванні ў пэўным сэнсе ўсё ж з’яўляюцца аўтэнтычнымі крыніцамі — крыніцамі для даследавання матываў стварэння падробак, для вывучэння стэрэатыпаў пэўнай эпохі і асяродка, якія прыводзілі да тых відавочных сёння памылак, якія ў свой час амаль немагчыма было не зрабіць. Далей мы пераканаемся, што гэтыя кур’ёзныя памылкі якраз і былі вырашальнымі ў гісторыі ўзнікнення і эвалюцыі назвы Белая Русь. Фактычна можна казаць не пра тое, што гэтая назва спачатку ўзнікла “ў рэальнасці”, а потым розныя аўтары з большай ці меншай ступенню дакладнасці спрабавалі растлумачыць яе “аб’ектыўны” сэнс, — але пра тое, што тлумачэнне, так бы мовіць, папярэднічала самой назве. Аднак што ж было пачатковым штуршком да яе з’яўлення?



Книга Игоря Литвина ЗАТЕРЯННЫЙ МИР, 
ИЛИ МАЛОИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ БЕЛОРУССКОЙ ИСТОРИИ Беларускі гістарычны форум
Rating All.BY