14. Дзе яшчэ шукаць Белую Русь
Хаця аўтар лічыць галоўныя задачы, для вырашэння якіх пісалася гэтая кніга, у асноўным выкананымі, несумненна, што сапраўднае навуковае даследаванне гісторыі назвы Белая Русь толькі пачынаецца. Вядучым кірункам яго застаецца пошук і публікацыя новых, невядомых пакуль тэкстаў (у першую чаргу XIII—XV ст.), у якіх згадваецца Белая Русь. З–за цяжкадаступнасці аўтару не ўдалося вывучыць многія масівы гістарычных крыніц, дзе такія знаходкі, зыходзячы з логікі эвалюцыі назвы, найбольш імаверныя:
1) Дакументы Рымскай курыі, якія датычаць спроб пашырэння каталіцызму на паўночным захадзе сённяшняй Расіі ў сярэдзіне ХIII ст., у першую чаргу, справы т.зв. “Карэльскай епархіі”, “Суздальскай уніі” і г.д. (гл. раздзел 2). Адзіным вядомым сёння прадстаўніком гэтага масіву з’яўляецца т.зв. Дублінскі рукапіс. Знаходкі іншых маглі б істотна ўдакладніць нашы ўяўленні пра найбольш ранні этап эвалюцыі назвы.
2) Нямецкая паэзія канца ХIII—XIV ст. (раздзел 3). Цалкам магчыма, што Мюгельн і Зухенвірт былі не адзінымі, хто карыстаўся назвай Белая Русь. Варта было б грунтоўна вывучыць творчасць іншых нямецкіх паэтаў гэтага перыяду, у першую чаргу, найбольш значных з іх: Фраўэнлоба, Конрада фон Вюрцбурга, Освальда фон Волькенштайна і г.д. Не выключана, што і ў італьянскую паэзію гэтая назва трапіла даволі рана, задоўга да таго, як яна сустрэлася ў Баярда (канец XV ст.).
3) Архіў мітрапаліта–кардынала Ісідора і іншыя матэрыялы, звязаныя з Фларэнтыйскай уніяй, маглі б дапамагчы рэканструяваць абставіны, пры якіх назва трапіла ва ўсходнеславянскую палемічную літаратуру (раздзел 4).
4) Венгерскія хронікі XIV—XV ст., магчыма, прычыніліся да ўзнікнення і пашырэння канцэпцыі “трансрыфейскай” Белай Русі (раздзел 7). Не выключана, што адна з іх сапраўды паслужыла крыніцай Мяхоўскаму. Недастаткова ўдалося вывучыць творы італьянскіх вучоных канца XV ст., якія жылі і працавалі ў Венгрыі, такіх, як Банфіні ці Ранзана, якія таксама наўрад ці абышлі ўвагай Белую Русь
.5) Шведскія хронікі (у тым ліку рыфмаваныя) і дыпламатычныя дакументы (напрыклад, выдадзеныя ў шматтомнай серыі
Diplomatarium Suecanum) могуць утрымліваць згадкі пра Белую Русь (Hwita Rytzland?), якія б дазволілі праверыць нашу гіпотэзу пра скандынаўскія карані гэтай назвы.Прыведзены спіс, зрэшты, не прэтэндуе на вычарпальнасць, і новыя знаходкі магчымыя ў зусім нечаканых месцах.