Фантастычныя рысы Белай Русі
Надзвычай цікавая карціна паўстае, калі сабраць разам звесткi пра прыроду, звычаi і побыт жыхароў Белай Русі, апісваныя еўрапейскімi аўтарамi XV—XVII ст. Міжволі згадваецца прыпавесць пра трох сляпых філосафаў, якіх падвялі да слана, прапанаваўшы растлумачыць атрыманыя вобмацкам уражанні, настолькі часам фантастычнымі і няўзгодненымі адно з адным паўстаюць гэтыя апісанні. Натуральна, што асабліва
адрозніваюцца паміж сабой уяўленнi еўрапейцаў пра “цысрыфейскую” і “трансрыфейскую” Белую Русь.У першай іх галоўным чынам, здаецца, цікавілі Перм, Вятка, Югра — залежныя ад Ноўгарада землі са змешаным руска–тубыльскім насельніцтвам, якія ўвайшлі ў склад дзяржавы Івана III неўзабаве пасля захопу іх былой метраполіі
582. Менавіта з іх вывозіліся футры — доўгі час асноўны артыкул рускага экспарту на Захад. Паводле Яна Стабніцкага, з Белай Русі “найбольш каштоўныя футры высылаюцца да розных народаў”583. Значна пазней, тлумачачы сэнс i паходжанне назвы Белая Русь, польскi пiсьменнiк i гiсторык лiтаратуры Шымон Старавольскi ў творы Polonia sive status regni Poloniae descriptio (Кёльн, 1632) даводзiў: “Расiя, сумежная i падуладная Вялiкаму княству Лiтоўскаму, называецца папросту Белай часткова таму, што жыхаpы белы колеp маюць i белае адзенне ў стаpажытныя часы ўжывалi... часткова таму, што доўга пад белым снегам [знаходзiцца зямля]. Але i пpыpода там увогуле белая — ваўкi, мядзведзi i зайцы белыя...”584. Пазней меркаванне Старавольскага паўтарыў А. Келер у “Навейшым апісанні Каралеўства Польскага”585. (Напэўна, меркаванне пра паходжанне Белай Русі ад мноства снягоў, якія пакрываюць гэты край, Тацішчаў запазычыў у Старавольскага ці Келера, а не ў Герберштайна, як ён беспадстаўна сцвярджаў). Аднак на якія крыніцы абапіраўся Старавольскі, звязваючы Белую Русь з белымі мядзведзямі? Вядома, гэтыя жывёлы водзяцца хіба ў прыпалярных раёнах. Але дастаткова прыгадаць анекдатычныя стэрэатыпы савецкай рэчаіснасці, зусім нядаўна існаваўшыя на Захадзе, каб пагадзіцца, што сярэдняму еўрапейцу XV—XVII ст. такое атаясамліванне магло падацца зусім натуральным. У сувязі з гэтым варта ўспомнiць славутага італьянскага інжынера і архітэктара на рускай службе Арыстоцеля Фіёраванці. Ён яшчэ ў 1476 г. пісаў мiланскаму герцагу Галеаца Марыя Сфорца пра сваю паездку на поўнач Русі, у ваколіцы “горада Xalanoccho” (імаверна, ён меў на ўвазе Аланец або Салавецкiя астравы), дзе водзяцца крэчаты, мядзведзі і зайцы, “белыя, як гарнастаі”, і абяцаў даслаць герцагу некаторыя з гэтых дзівосаў586. У сваім лісце Фіёраванці, сучаснік і суайчыннік Кантарыні, Пампонія Лэта і Баярда, яўна не называе Белую Русь. Наўрад ці і белых мядзведзяў ён бачыў на свае вочы, хутчэй, пераказваў звесткі, пачутыя ад жыхароў Рускай Поўначы, для якіх сустрэчы з імі былі звыклымi справамi. Але ці не маем мы тут справу з яшчэ адной канатацыяй нашай назвы? Пампоній Лэт у адной са сваіх лекцый згадваў “вялікі востраў на самай поўначы, побач з мацерыком; там рэдка, амаль ніколі не загараецца дзень; усе жывёлы там белыя, асабліва мядзведзі”587. Магчыма, Старавольскі дыспанаваў і нейкай невядомай пакуль нам крыніцай, у якой белыя мядзведзі і зайцы непасрэдна звязваліся з Белай Руссю.Недзе на Белай Русі ці побач мусіў знаходзіцца і легендарны ідал “Залатая Баба”. Непасрэдна на Белай Русі яго змяшчалі Рыхенталь і Мяхоўскі, а іншыя, як Герберштайн, прыводзілі легенду пра “Залатую Бабу” ў адным геаграфічным кантэксце з Белай Руссю. Магчыма, само ўзнікненне легенды нейкім чынам звязанае з цьмянымі ўяўленнямі сярэднявечных схаластаў пра паўночных албанаў, падрабязна прааналізаванымі ў раздзеле 2. Паводле скандынаўскіх геаграфічных твораў, з албанамі, якія, дарэчы, нібыта мелi “залатыя вочы”, суседзіла “краіна жанчын”.
Зусім інакш выглядала ў паведамленнях еўрапейцаў “трансрыфейская” Белая Русь. Так, Пампоній Лэт у лекцыях па Варону адзначаў, што “леўкаскіфы... не стрыгуць воўну на грудзях ягнят і маладых авечак, а рвуць яе і вырабляюць такім чынам даволі дарагія галаўныя ўборы”
588.З галаўнымі ўборамі і адзеннем звязана адно з самых традыцыйных тлумачэнняў паходжання назвы Белая Русь. Так, Герберштайн выводзіў тэрмін “Белы рускі цар” менавіта ад традыцыйнага галаўнога ўбора
589; Т’епала пiсаў, што шапкі ў маскавітаў “спрэс белыя і астраверхія”590. На пачатку XVII ст. шведскі агент у Расіі Пер Персан сцвярджаў, што “адна мясціна ў гэтай краіне называецца Белай Руссю таму, што там мужчыны ўлетку носяць на галовах белыя шапкі, а жанчыны фарбуюць і падводзяць сабе твар бяліламі…”591. Падобным чынам тлумачыў назву і курляндзец Якуб Рэйтэнфельс.Хаця такія тлумачэнні сёння выглядаюць наіўнымі і абсалютна ненавуковымі, яны, магчыма, з’яўляюцца рэліктамі нейкіх вельмі архаічных уяўленняў пра Белую Русь. Таму прыцягвае ўвагу старажытная наўгародская легенда пра белы клабук — сімвал улады наўгародскіх архіепіскапаў, а ў пэўнай ступені — і магутнасці і незалежнасці Ноўгарада як дзяржавы. Звычай нашэння белага клабука быў пазней адаптаваны маскоўскімі мітрапалітамі, але апакрыфічная “Аповесць пра белы клабук” не была прынятая афіцыйнай царквой, хаця карысталася вялікай папулярнасцю ў старавераў і прыхільнікаў наўгародскай “даўніны”. Цікава, што адным з магчымых стваральнікаў “Аповесці...” лічыцца член навуковага гуртка мітрапаліта Генадзя і суразмоўнік Паала Джовіа ў 1525 г. наўгародзец Дзмітрый Герасімаў
592. Аднак, ці значыць гэта, што ён не толькі ведаў пра назву Белая Русь, але і ўкладваў у яе ідэю пра былую веліч сваёй радзімы? Бадай, пра гэта можна пакуль казаць толькі гіпатэтычна.Агульным месцам у еўрапейскай навуцы на працягу доўгага часу было меркаванне пра багацце і разнастайнасць флоры ў нізоўях Дона і Дняпра — г.зн. там, дзе традыцыйна змяшчалі “трансрыфейскую” Белую Русь
593. Паводле Т’епала, адным з традыцыйных артыкулаў экспарту з Белай Русi быў “араматычны трыснёг” (Calamo Aromatico)594. Пра яго распаўсюджанасць на Белай Русi пiсаў таксама Мюнстэр i iншыя аўтары. Меўся на ўвазе аер (лац. навуковая назва Acorus Calamus), якi ў XV—XVI ст. яшчэ не рос у Заходняй Еўропе; яго карэнне (часам зацукраванае) завозiлiся туды з ВКЛ, Масковii, Асманскай iмперыi595. Яшчэ адна расліна, так званы Reu Ponticum, распаўсюджанасць якой на Белай Русі адзначалася касмографамі, — звычайны рэвень.Усе гэтыя нечаканыя рысы Белай Русі ніяк не стасуюцца з рэаліямі сучаснай Беларусі, але гэта і не павінна выклікаць здзіўлення. Несумненна, аднак, што яны ўзбагачаюць нашыя ўяўленні пра эвалюцыю семантыкі назвы, якая аказваецца значна болей “шматслойнай”, чым можна было б чакаць.