Белая Русь у дачыненнi да Чорнай i Чырвонай
З трох “каляровых” тэрмінаў для пазначэння розных частак Русi — Белай
, Чорнай i Чырвонай, першай, несумненна, вылучылася Белая. А як жа дзве астатнiя?Паводле І. Чаквіна, “першыя вядомыя ўпамiнаннi Чорнай Русі адносяцца да прускiх i лiвонскiх хронiк XIV—XV ст., у iх яна лакалiзавалася на ўсход ад Прусii, Лiтвы i Лiвонii — у раёнах Пскоўшчыны, Наўгародчыны, Гродзеншчыны, Навагрудчыны, Браслаўшчыны”548. На жаль, Чаквін не ўказвае, у якіх канкрэтна крыжацкіх хроніках сустракаецца гэтая назва. Нам жа невядомыя прускiя i лiвонскiя хронiкі XIV—XV ст., у якіх бы згадвалася Чорная (як, зрэшты, і Белая) Русь. Многiя (Я. Юхо, К. Тарасаў ды iнш.) лiчаць Чорную Русь старажытнай, дадзенай быццам бы крыжакамi, назвай Верхняга Панямоння, узводзячы яе да часоў Мiндоўга цi нават ранейшых549. Паводле А. Рогалева, “название Чёрная Русь в Верхнем Понеманье возникло примерно в XI—XIII вв. после того, как завершилось освоение данного района дреговичами, волынянами, кривичами. Название “Черная Русь” представляет собой своеобразный перевод предшествовавшего западнобалтского (ятвяжского) наименования Kirsnovia — “черная (земля, территория)”550. Невядома, на якiх крынiцах грунтуецца сцвярджэнне Рогалева. Што ж датычыць астатнiх, яны зыходзяць перадусiм з iснавання Белай Русi, сама меней з XIII ст., на тэрыторыi сучаснай усходняй Беларусi як антытэзы Чорнай, нiбыта вядомай з яшчэ больш ранняга часу. Але больш блізкі да ісціны пункт гледжання Я. Станкевiча, які адзначаў: “Чорная Русь нiколi не дапасоўвалася да якой–небудзь тэрыторыi ВКЛ”551.
Нашыя дадзеныя сведчаць, што тэрмiн Чорная Русь быў утвораны на ўзор i ў процiвагу Белай, а не наадварот, i наўрад цi раней XIV ст. Ва ўзнікненні гэтай назвы, хутчэй за ўсё, сказалася схiльнасць сярэднявечнай свядомасцi да пабудовы прымiтыўных класiфiкацый. Калi ўжо iснавала Белая Русь, непазбежна мусiла з’явiцца i Чорная. Такая “каляровая” схема наклалася на падзел Русi паводле iншага прынцыпу: з даўнiх часоў, магчыма, яшчэ ў складзе Кiеўскай дзяржавы, выдзялялi “Верхнюю Русь” — рознаэтнiчную канфедэрацыю славянскiх i фiнскiх плямёнаў з дамешкам варагаў–русi на паўночным захадзе ўсходняй Еўропы — у адрозненне ад “Нiжняй”, цi “Рускай зямлi” над сярэднiм Дняпром з цэнтрам у Кiеве
552. Яшчэ Вялiкапольская хронiка другой паловы XIII ст. паведамляла, што Баляслаў Смелы (1039—1081) “шмат гадоў, смела асаджваючы крэпасцi рускiх, паланiў абедзве часткi Русi”553. У 1458 г. у некалькiх булах Пiя II рускiя землi, якiя ўваходзілі ў Польшчу і ВКЛ і знаходзiлiся пад юрысдыкцыяй Кiеўскай мiтраполii, называлiся “Нiжняй Руссю” (Russia inferior), а падпарадкаваныя Маскоўскай мiтраполii — “Верхняй” (Russia superior)554. У гэтым жа сэнсе ў XV—XVI ст. тэрмiн “Нiжняя Русь” (Russia inferior, Rossia Bassa) ужывалi Кантарынi, Джовiа, Бём, Мюнстэр ды iнш.555. І калi Russia superior была, як правiла, раўназначнай Белай, дык Russia inferior, адпаведна, з цягам часу пачалi лiчыць Чорнай.Англiйскі дыпламат Джайлс Флетчаp, у 1588 г. надзвычайны пасол у Маскве, у трактаце “Пpа Расiйскую дзяpжаву” (Лондан, 1591) заўважыў: “Расiя калiсьцi называлася Саpматыяй... Гэтая зямля падзялялася на дзве галоўныя часткi: Белую i Чоpную. Белая Саpматыя ўключала ў сябе ўсю пpастоpу, што ляжыць на поўнач i з боку Лiвонii, як вобласцi, якiя цяпер называюць Дзвiнскай, Важскай, Усцюжскай, Валагодскай, Каpгопальскай, Hаўгаpодскай i г.д., сталiцай цi галоўным горадам якiх быў Hоўгаpад Вялiкi. Чоpнай Саpматыяй называлася ўся кpаiна, што ляжыць на поўдзень, ля моpа Эўксiнскага, цi Чоpнага, як княствы: Уладзiмipскае, Маскоўскае, Разанскае i iнш.”
556.Вельмi падобны на ягоны падзел Русi Георга Хорна, гiсторыка i палiтолага, рэктара Лейдэнскага унiверсiтэта. У працы “Свет дзяржаў” (1668), якую часам называюць першым падручнiкам палiталогii, ён пiсаў: “[Русь] падзялялася на Белую i Чорную. Двума галоўнымi яе княствамi былi Кiеўскае (
Kiovia) i Уладзiмiрскае (Vladimiria). Той, хто валодаў iмi, лiчыўся як бы манархам русiнаў. Кiеў быў сталiцай Чорнай Русi, Уладзiмiр — Белай”557.Трактат Хорна за некалькi дзесяцiгоддзяў вытрымаў не менш як тузiн перавыданняў
558. Несумненна, ён быў вядомы i Тацiшчаву, якi падчас працяглага жыцця ў Еўропе (1713—1717) сабраў вялiкую бiблiятэку з самых аўтарытэтных тагачасных выданняў. Імаверна, супаставiўшы не зусiм дакладныя дадзеныя Хорна і іншых еўрапейскіх аўтараў i паведамленнi шматлiкiх еўрапейскiх крынiц пра Белую Русь — Вялiкi Ноўгарад з традыцыйнымi сувязямi памiж Псковам i Ноўгарадам i растова–суздальскiмi князямi, Тацiшчаў i паспрабаваў рэканструяваць пачатковы змест паняцця Белая Русь559. Пры гэтым ён палiчыў “непатрыятычным” спасылацца на заходнеўрапейскiх аўтараў, а каб надаць сваёй рэканструкцыi больш аўтарытэту, спаслаўся на “Раскольнiцкi, Польскi i Растоўскi манускрыпты”. Бадай, яго не вельмi бянтэжыла думка, што гэта можа быць квалiфiкавана як падлог.Нягледзячы на тое, што Флетчар уключаў Уладзiмiра–Суздальскую Русь у склад Чорнай Сарматыi, а для Хорна, Рэйтэнфельса i Тацiшчава якраз
Vladimiria i ёсць сiнонiм Белай Русi, iх погляды, як i многiх iншых аўтараў, аб’ядноўвае ўяўленне аб Белай, цi Верхняй Русi, якая прылягае да Балтыйскага і Белага мораў, i больш паўднёвай Чорнай, цi Нiжняй у басейне Чорнага ды Каспiйскага мораў. Больш дакладных прыкмет лакалiзацыi Чорнай Русi, апроч знаходжання яе на поўдзень ад Белай, не было. Таму розныя аўтары разыходзiлiся ў даным пытаннi яшчэ больш, чым наконт Белай. Правядзенне ўмоўнай мяжы памiж гэтымi дзвюма часткамi, цi “правiнцыямi” Русi залежала, хутчэй, ад густу аўтара, а не ад якiх–кольвечы аб’ектыўных крытэрыяў.На карце Фра Маўра (1459)
Rossia Negra паказаная на правабярэжжы Акi, дзе гiстарычнай вобласцi з такой назвай, канешне, нiколi не было560. Аднак прынцып больш паўднёвага, у дачыненні да Белай Русi, размяшчэння захоўваецца. На глобусе Меркатара (Лувэн, 1541) Белай Русi няма561 (хаця яна прысутнiчала на яго Orbis Imagine 1538 г.), але ёсць Чорная (Russia Nigra), паказаная на ўсход ад Пскова, як i на карце Магнуса (1539). У абодвух выпадках Чорная Русь ляжыць на поўдзень ад Белай (цi ад таго месца, дзе яна маецца на ўвазе). Старавольскi лiчыў, што Чорная Русь — гэта “правiнцыя Чарнiгаўская”562. Гваньiнi згадваў “чорных русінаў (Ruteni nigri), сталiца якiх Львоў”563. Некаторыя карты Сансона д’Абэвiля–бацькi (напрыклад, 1665 г., Парыж) паказваюць Чорную Русь (Russie Noire) памiж Львовам i Халмом564, хаця значна часцей Сансон д’Абэвiль называў гэтую тэрыторыю Russia Rubra565. Яшчэ доўга ўслед за Дж. Флетчарам Чорнай Руссю, называлi Маскоўскую дзяржаву, напрыклад, той жа Гваньiнi ў выданнi 1611 г., Андрэас Келер у 1659 г.566 i г.д.Зразумела
, што Белую Русь атаясамлiвалi з Верхняй тыя аўтары (а яны складалi большасць), для каго Белая ляжала на поўначы, — Ян Бём, Себасцьян Мюнстэр, псеўда–Фаскарына. Адпаведна, для тых, хто бачыў яе месца над Донам, яна была, наадварот, тоесная Нiжняй. Таму, напрыклад, на пераробцы Мартэлам Айхштэцкай каpты мы знаходзiм Russia inferior sive Alba (г.зн. Русь Hiжнюю цi Белую) на паўночным беpазе Чоpнага моpа567.Першая з вядомых нам крынiц, у якой выступаюць чорныя русіны, — нямецкамоўная хроніка Венгрыі Генрыха Мюгельна. Але эпітэты белы і чорны ў кантэксце венгерскіх хронік, як было адзначана ў раздзеле 7, пачаткова датычыліся белых і чорных
куманаў або белых і чорных венграў. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі меркаванне пра ўплыў масцей коней на назву розных этнічных груп (якое, напрыклад, прыцягвалася для тлумачэння паходжання назваў белыя і чорныя венгры). У раздзеле 4 мы разглядалі, як Пампоній Лэт вывеў назву “леўкаскіфаў” ад згадваных Герадотам белых коней. Нямецкія храністы, напрыклад, Пётр з Дусбурга, адзначалі сакральнае значэнне, надаванае старажытнымi прусамi масцям коней, і наяўнасць у прусаў цэлых груп, якія карысталіся толькі белымі або толькі чорнымі конямі568. Гэта наводзіць на думку, што нямецкія крыжакі маглі выдзяляць, адпаведна, белых і чорных прусаў. У такім разе яны маглі спраецыраваць гэты падзел і на Русь, утварыўшы Чорную як антытэзу Белай (нават калі не звязвалі гэтыя назвы з масцямі коней). Але, як мы казалі вышэй, у крыжацкіх хроніках пакуль не выяўлена згадак пра Белую ці Чорную Русь.Тэрмін Чырвоная Русь пачаў ужывацца на Захадзе прыкладна тады ж, што і Чорная, i працяглы час канкурыраваў з ім за “права” абазначаць адны i тыя ж тэрыторыi. В. Насевiч мяркуе, што, магчыма, “калiсьцi было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны цi белы — чырвоны), якое затым расшчапiлася на два”
569. Гэта выглядае праўдападобным. Але калi тут жа ён спасылаецца на “блiзкасць вымаўлення старажытных слоў “чорны” i “чермный” (“чырвоны”), можна запярэчыць, што ўсе “каляровыя” назвы ўзніклі і пачаткова цыркулявалi амаль выключна ў неславянскiм асяроддзi, дзе такой сугучнасцi не было.Цяжка сказаць, у якой ступенi этымалогiя Чырвонай Русi звязаная з градами червенскими, як часта сцвярджаецца
570. Нам такая сувязь не падаецца такой ужо вiдавочнай. Хутчэй гэта выпадковае супадзенне. Упершыню назва Чырвоная Русь (rot Russen), здаецца, з’явiлася ў Рыхенталя (1420–е г.)571. Прычым мяркуючы па тым, што да яе быў аднесены Смаленск, менавiта Чырвонай называлi тады тую частку Русi, якая ўваходзiла ў склад ВКЛ, — задоўга да таго, як яе пачалі называць Белай. У Фра Маўра побач з Лiтвой (Lituana) знаходзiлася не Rossia biancha, а менавiта Rossia Rossa. У яе ўваходзілі нiбыта i Кiеў, i высунутая далёка на захад, у параўнанні з рэальнасцю, Разань572. Паводле Яна Ласкага (1514), чырвоныя русіны “знаходзяцца ў складзе Каралеўства Польскага i Вялiкага Княства Лiтоўскага”573. На глобусе 1535 г. землі на поўдзень ад Жамойці названыя Plescovia Rubea, г.зн. “Чырвоная Пскоўшчына”574 (чытай: Чырвоная Русь). На карце Вопеля 1566 г. паўночны край Rote Reussen дасягае Слуцка i Капыля575. Такім чынам, менавіта Чырвоная Русь была першай з “каляровых” назваў, якую на Захадзе свядома ўжывалі для абазначэння ў тым ліку тэрыторыі сучаснай Беларусі.Аднак ужо на Айхштэцкай карце 1491 г.
Rubea Russia паказаная ў тpадыцыйным пазней значэннi “Галiцка–Валынская Русь”576. Як і ў выпадку з Белай Руссю, гэты стэрэатып з часам настолькі глыбока пранік у свядомасць гісторыкаў, што яны часта прыпісваюць ужыванне гэтай назвы такім крыніцам, у якіх ён на самай справе не сустракаецца. Так, Чырвоная Русь (Rotrussland) фігуруе ў сучасным нямецкім перакладзе “Славянскай хронікі” Гельмальда з Бозаў (ХII ст.) пры апісанні падзей рубяжа Х—ХI ст., але зварот да лацінскага арыгінала хронікі пераконвае, што гэтая назва там адсутнічае577.“Кананiчны” парадак размяшчэння “каляровых” частак Русi з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — Белая
, Чорная, Чырвоная — упершыню сустракаецца ў Фра Маўра. Хаця асобныя часткi гэтай трыяды пазней перамяшчалiся па карце, такая iх узаемная арыентацыя, як правiла, захоўвалася нязменнай. У агульнапрынятым цяпер выглядзе падзел на Белую, Чорную i Чырвоную Русь выснаваўся не раней за XVII ст. Такі аўтарытэт, як Старавольскі, яшчэ ў сярэдзіне стагоддзя лічыў, што Белая Русь — частка ВКЛ, Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы, а Чорная — Маскоўская дзяржава578, г.зн. ніяк не звязваў Чорную Русь з Панямоннем – хаця такая лакалізацыя ў тыя часы сустракалася ўжо досыць часта. У 1622 г. Козiма дэ Торэс пісаў, што “Русь... дзелiцца на тры часткi: Чырвоную Русь з гарадамi Львовам, Перамышлем, да якой належыць i Валынь; Белую Русь, якая працягнулася ад Рыгi, сталiцы Лiфляндыi, да Маскоўскай мяжы, уключаючы Полацк, Оршу, Вiцебск, Магiлёў; Чорную Русь, якая знаходзiцца памiж Лiтвой i Валынню, да Кiева з гарадамi Пiнскам, Наваградкам i Оўручам”579. У геаграфiчным слоўнiку базыльянiна Іларыёна Карпiнскага (Lexykon geograficzny dla gruntownego pojecia gazet i historii z roznych autorow zebrany, Вiльня, 1766) суадносіны паміж трыма “каляровымі” часткамі Русі маюць практычна сучасны выгляд:Белая — Мсцiслаўскае, Вiцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяводствы;
Чорная — Наваградскае i Менскае;
Чырвоная — усе ўкраiнскiя землi Польшчы
580.Ужо тады такi падзел ужо лiчылі першасным, адвечным, спрабуючы рэтраспектыўна ўзводзiць яго сама меней да XIV ст. Гэта ж назіраецца і ў наш час. В. Дарашкевіч, напрыклад, выказаўся наконт “Прускай вайны” Вісліцкага: “Писать с уверенностью о существовании трёх
частей Руси — Белой, Черной и Червоной — мог человек, достаточно хорошо знавший эту страну”581. Але ў сапраўднасцi чляненне Русі на тры часткі ў Вісліцкага, Бёма ці Мюнстэра якраз штучнае i не было ўласцівае самім русінам, пакуль да іх у XVI—XVII ст. не пранікла еўрапейская адукаванасць.