Замацаванне назвы Белая Русь за сучаснай Беларуссю
У XVII ст. у разуменнi тэрмiна Белая Русь яшчэ пануе поўны “плюралiзм”. Многiя працягваюць ужываць яго як сiнонiм Масковii. Hа эксплiкацыi так званага Сiгiзмундава плана Масквы, гpавipаванага Лукам Кiлiанам у 1610 г., пазначана: “Горад Масква, цi Масковiя, сталiца ўсёй Белай Русi (вялiкага княства Маскоўскага)”
490. Сiгiзмундаў план карыстаўся вялікай папулярнасцю і часта ўзнаўляўся ў розных зборнiках i атласах, як, напрыклад, у апошнiм, шостым томе серыi “Гарады зямнога шара” Георга Браўна — Франца Хогенберга491, у “Вялiкiм атласе” Вiлема Блаў492 цi “Кнiзе гарадоў” Іаганэса Янсана (1657). Яшчэ ў канцы XVII ст. на некаторых картах Белая Русь выступае як сінонім Маскоўскай дзяржавы493. На карце Іагана Батыста Хомана з Atlas Novus (Нюрнберг, 1701) мюнхенскага прафесара матэматыкi Генрыха Шорэра, Alba Russia раскiнулася па абодвух берагах Паўночнай Дзвiны, на ўзбярэжжы Белага мора494 — як рэлікт вельмі даўніх уяўленняў пра Белую Русь. Цiкава, што на іншай карце, Польшчы i ВКЛ (1710 г.), створанай тым жа Хоманам, надпiс Russia Alba займае практычна ўсю тэрыторыю менавiта сучаснай Беларусi — ад Бярозы да Вялiжа495. Hа выдадзенай у 1710 г. у Амстэpдаме “Усеагульнай каpце ўсiх пабяpэжжаў свету” назва Russie blanche ou Moscovie адносiцца, вiдавочна, да ўсёй Расiйскай дзяpжавы, але паколькi гэта пеpш за ўсё маpская каpта, дык надпiс pазмешчаны ля ўзбяpэжжа Паўночнага Ледавiтага акiяна, памiж вусцямi Паўночнай Дзвiны i Абi496.Але з цягам часу Белая Русь у значэннi “Расiйская дзяржава” сустракаецца ўсё радзей (хаця згаданыя карты, трэба меркаваць, аказалi ўплыў на фармаванне ўяўленняў В. Тацiшчава). Усё часцей Белую Русь згадваюць побач з Лiтвой, прычым як сувымерныя па арэале i палітыка–адміністрацыйным значэннi тэрмiны. Рэестр гарадоў i мястэчак (
Regestr miast i miasteczek w Koronney, Litewskiey, y Bialoruskiey Rusi), дзе спецыяльнымi камiсарамi мусiлi быць прызначаныя цэрквы для не–унiятаў, з кнiгi гродскай луцкай (1632) абвяшчае: na Bialey zaњ Rusi przy inszych miastach y miasteczkach, ktore siк tak w Litwie, iako y na Bialey Rusi w diocezy metropolity w uniey bed№cago y wladykow Pinskiego y Brzescskiego znaydowaж bed№: Poіock, Mstisіaw, Orsza, Brasіaw, Mohilow, Dzisna, Witepsk. “Беларуская Русь” тут аддзяляецца ад Вялiкага княства Лiтоўскага, да гарадоў якога аднесеныя Вiльня, Трокi, Менск, Лiда, Наваградак, Бярэсце, Слонiм, Пiнск, Гародня, Ваўкавыск, Коўна, Мазыр, Рэчыца, Камянец, Кобрын, Мядзел, Мерач497.Шмат у чым звесткi пра Белую Русь Старавольскага (1632), здаецца, узыходзяць да Кромера. Напрыклад, калi ён пiша: “Русь дзелiцца на Русь Белую, якая ўваходзiць у ВКЛ, а таксама на Русь Чырвоную, якая ўласна завецца Раксаланiя i належыць да Польшчы... Чырвоная Русь... мае з поўначы Белую Русь, якая абмежаваная рэкамi Стыр i Прыпяць”
498, — дык, верагодна, паўтарае Кромера: “Русь, якую некатоpыя называюць Чыpвонай, на поўначы мяжуе з Белай Руссю i Валынню”499. Апроч таго, Старавольскі паведамляе: “Кiеўскае ваяводства раскiнулася на поўнач да межаў Лiтвы i Белай Русi”500.Мы ўжо адзначалi, што ваад яўрэйскiх абшчын ВКЛ у Бярэсцi ў 1623 г. нiчога не казаў пра Белую Русь. І
Старавольскi, ураджэнец Валынi цi Берасцейшчыны, вiдавочна, не лiчыў Белай Руссю захад цяперашняй Беларусi, якi ўваходзiў у Берасцейскае, Вiленскае i Троцкае ваяводствы, для яго быўшыя ўжо Літвой. Але яго Russia Alba не абмяжоўваецца Полацкiм ваяводствам, а ўключае таксама Мсцiслаўскае, Вiцебскае, Смаленскае, Наваградскае i Менскае501, — г.зн. займае значна больш шырокi абшар, чым той, да якога, як правiла, дастасоўвалi гэтую назву нават у XIX ст. Прычым такiя ўяўленнi былi ўжо досыць распаўсюджанымi нават сярод дробнай тутэйшай iнтэлiгенцыi. Праваслаўны святар са Слуцка Андрэй у палемiчным творы супраць унii (1616), характарызуючы кампетэнцыю ўнiяцкiх iерархаў, iранiчна заўважыў: “Недалеко бискупи, недалеко Киев, недалеко Минск, Белая Русь, о околичных местечках, селах немовлю”502, г.зн. i Менск, i Слуцк для яго былi ўжо Белай Руссю. Значна часцей, зрэшты, у яе склад уключалi толькi Полацкае, Мсцiслаўскае i Вiцебскае ваяводствы, пакiдаючы Меншчыну i Наваградчыну ў Лiтве. А паколькi маскоўскi ўрад здаўна лiчыў, што па Бярэзiне праходзiла мяжа “Смаленскiх прыгарадаў”, дык многiя пазнейшыя даследчыкi, пачынаючы з Тацiшчава, прымалi менавiта гэтую раку за спрадвечны “натуральны” заходнi рубеж Белай Русi503. Паводле ж адміністратыўнага падзелу ВКЛ Бярэзiна размяжоўвала Полацкае i Вiцебскае ваяводствы з Менскiм i Вiленскiм.Пасля Дэўлiнскага замiрэння 1618 г. мяжа памiж Рэччу Паспалiтай i Расiяй ужо ўсталявалася (да чарговага перадзелу ў сярэдзiне XVII ст.). У склад ВКЛ уваходзiлi ўсе землi, якiя ў XIX—XX ст. будуць адносiць да беларускiх. І тым не менш Белая Русь паводле Старавольскага — не толькi падуладная (
subjacet), але i сумежная (adjacetque) Вялiкаму княству Лiтоўскаму, як бы ўжо iншая дзяржава. Чаму так? Часткова, як мы казалi ў папярэднiм раздзеле, у гэтым можна бачыць след падзей Лiвонскай вайны. Але найперш гэта сведчыць пра пэўную адасобленасць усходнебеларускiх земляў — не столькi юрыдычную, колькi канфесiйна–культурную, ад астатняга Вялiкага княства. Менавiта гэтая адасобленасць, якая сцiралася вельмi павольна, паспрыяла хуткаму пашырэнню на iх назвы Белая Русь. Нездарма Вялiкае княства ледзь не з пачатку свайго iснавання называлася “Лiтоўскiм i Рускiм”. У “Рускай” яго частцы шмат у чым захоўваўся старасвецкi лад жыцця, а ўплыў заходняй цывiлiзацыi адчуваўся менш. Да канца XVI ст. на ўсходзе ВКЛ амаль не будавалася касцёлаў i сiнагог, мала было гарадоў і мястэчак на Магдэбургскім праве, амаль не праводзiлася валочная памера. Як слушна мяркуе В. Насевiч, Руссю ў вузкiм сэнсе ў ВКЛ называўся адзiн з гiсторыка–геаграфiчных рэгiёнаў дзяржавы, прыкладна “на ўсход ад лiнii Браслаў — Лагойск — Петрыкаў”504. Мяжа памiж уласна Лiтвой i Руссю, хаця i не адзначаная нейкiмi адмысловымi прыкметамi, усведамлялася як нешта рэальна iснуючае яшчэ ў XIX ст., у XVII жа i пагатоў. Стpыйкоўскi, апiсваючы набег татараў у 1506 г., адзначаў, што у раёне Наваградка яны “зайшлi за Нёман у Лiтоўскую зямлю”505. Паводле дзённiка аўстрыйскага пасольства ў Маскву (1593), “у Радашковiчах... канчаецца Лiтоўскае княства i пачынаецца Расiя”506. У Магiлёўскай хронiцы пад 1695 г. адзначалася, што “памежжа лiтоўскае” праходзiла побач з Менскам i Слуцкам507. У гэтым сэнсе мелi рацыю М. Любаўскi, М. Доўнаp–Запольскi i iнш., сцвярджаючы, што паняцце Белая Русь ахоплiвала тыя землi ВКЛ, якiя з больш позняга часу i ў меншай ступенi былi звязаныя з Лiтвой, чым так званыя чарнарускiя (праўда, апошнi тэрмiн — штучны пазнейшы наватвор), непасрэдна падпарадкаваныя Лiтве яшчэ ў часы Мiндоўга. Удакладнiм, аднак, што хаця падзел ВКЛ на ўласна Лiтву i Русь сапраўды ўзыходзiць да XIII ст., Белай гэтая Русь стала лiчыцца толькi ў XVII ст. Тады ўсё радзей у Еўропе ўжывалi тэрмiн Масковiя, замяняючы яго Расiяй; iншая частка колiшняй Русi, Украiна, увайшла ў склад Польшчы. У такiх варунках двухчленная формула “Лiтва i Русь” паступова вiдазмяняецца на “Лiтву i Белую Русь”. Белая Русь робiцца дапаўненнем да тэрмiна Лiтва, яго своеасаблiвым працягам на ўсходнебеларускiя землi. А паколькi такому чляненню не спадарожнiчала нi адмiнiстрацыйная, нi этнiчная, нi натуральная фiзiка–геаграфiчная мяжа, паняццi Лiтва i Белая Русь на шырокай паласе цэнтральнай Беларусi паступова робяцца раўназначнымi. У будучым, па меры ўзрастання ўласна лiтоўскай нацыянальнай свядомасцi i замацавання назвы Лiтва толькi за балцкiмi землямi Вялiкага княства, гэта прывядзе да выцяснення першага тэрмiна другiм — не столькі спантаннага, колькі абумоўленага расійскай прапагандай.Сярод фактараў, якія прычыніліся да пашырэння вядомасці назвы Белая Русь сярод усходнеславянскага насельніцтва Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст., трэба назваць пераклад на польскую мову (значна больш даступную, чым малазразумелая абсалютнай большасці лаціна) такіх твораў, як “Хронiка Еўрапейскай Сарматыi” Гваньiнi і “Гісторыя палякаў” Кромера. Цікава, што абодва пераклады, апублікаваныя ў 1611 г., належалі ўкраінскім шляхціцам, выхадцам з праваслаўнага насельніцтва Галіччыны — Марціну Пашкоўскаму і Марціну Блажэўскаму адпаведна. Таму не трэба здзіўляцца, што назву Белая Русь на Украіне добра ведалі і, пачынаючы прыкладна з канца 1610–х г., часта праецыравалі на сябе. У 1620–х г. на Заходняй Украіне быў створаны т.зв. Густынскi летапiс, які, між іншым, паведамляў, як старажытныя славяне “в Сармации седше различно презывахуся: Поляне, Древляне, Севери, Кривичи и проч., или якоже и ныне, Москва, Белая Русь, Волынь, Подоля, Украйна, Подгоря и проч.”
508. Украiнскiя казакi, пiсаў каля 1623 г. каралю князь Кшыштаф Збаражскi, маюць “фавор яўны i пакрыёмы ледзьве не ўсёй Кiеўскай Украiны i Белай Русi”509. Такое разуменне Белай Русi было яшчэ больш характэрным для афiцыйнай Масквы. У роспытах палонных i эмiгрантаў з Рэчы Паспалiтай, якiя ў 1623—1624 г. вёў Патрыяршы дварцовы прыказ, да Белай Русi прылiчаныя Валынь (Астрожскi павет), Кiеўшчына (Фастаў), Галіччына (Злочаў). Значна радзей у маскоўскіх дакументах гэтага часу трапляюцца выразы накшталт “белорусец черкашенин Тимофей Трофимов сын... с Белой Руси с Глуска”510, якія звязваюць Белую Русь з сучаснай Беларуссю.“Суплiкацыя” (скарга) праваслаўнай шляхты Рэчы Паспалiтай, прадстаўленая сенату на Варшаўскім сойме 1623 г. i адразу ж выдадзеная асобнай брашурай, пералiчваючы тыя месцы, дзе назiраўся асаблiва жорсткi ўцiск праваслаўных унiятамi, зазначыла: “На Белай Русi гэта — Полацк, Вiцебск, Мсцiслаў, Орша, Магiлёў, Дзiсна i г.д.”
511. Далей чытаем: “На Белай Русi, у Оршы i Магiлёве, ужо пяць год, як той жа Полацкi ўладыка [бiскуп Кунцэвiч. — А. Б.] цэрквы апячатанымi трымае”512. Адзiн з першых афiцыйных дакументаў ВКЛ, якi згадвае Белую Русь у яе новым значэнні, — гэта грамата Жыгiмонта III Вазы 1627 г., з паведамленнем: “в том часе и иншые некоторые в Белой Руси места наши... [апроч Оршы i Магiлёва. — А. Б.] небощыка отца Иосафа Кунцевича, архиепископа полоцкого, зневажать почали”513. Як бачым, за тымi раёнамi, дзе было асаблiва ўпартым супрацiўленне унii, як у Оршы ды Магiлёве, назва замацоўвалася найбольш хутка. Калi i можна казаць пра рэлiгiйны аспект назвы, дык не ў часы хрысцiянiзацыi Лiтвы, а менавiта цяпер, калi ўжыванне яе праваслаўнымi было ў пэўным сэнсе прыкметай рэлiгiйнай экзальтацыi, нават ксенафобii. Часта, гаворачы “белы”, мелi на ўвазе “чысты ад лацiнства”. Само тлумачэнне паходжання назвы ад “белага адзення”, здаецца, перагукаецца з адпаведным месцам у Апакалiпсiсе (Адкр. 7, 9—14). Адначасова i каталiкi ды ўнiяты ўжывалi тэрмiн Белая Русь усё часцей. Невыпадкова ў Ватыканскiм вопiсу дакументаў польскай нунцыятуры многiя тамы з серыi Polonia Russa з дакументамi XVII—XVIII ст. азагалоўленыя Dominii Moscovitici, e Bianca Russa514. Такі загаловак сведчыць аб тым, што Bianca Russa абыходзіла Ватыкан перадусім як асяродак супраціўлення уніі, у любы момант гатовы перакінуцца на бок Масквы.Дакладна не ўстаноўлена, калі вызначэнне “Беларуская” ўвайшло ў склад наймення царкоўных адміністрацыйных адзінак. Лічыцца, што вiленскi каталiцкi бiскуп Яўстахiй Валовiч хутка па сваёй намiнацыi ў 1616 г. дамогся стварэння т.зв. Беларускай архiдыяканii ў Абольцах (цяпер Талачынскi р–н), бо такiм вялiкiм бiскупствам было цяжка кiраваць
515. Старавольскi пiсаў пра гэта: “Вiленская правiнцыя... мае бiскупа такой разлеглай юрысдыкцыi, што ва ўсёй Лiтве i Белай Русi, якiя складаюцца са столькiх ваяводстваў, аж да мяжы маскоўскай, толькi яго суфраганы стаяць на чале вызнаўцаў веры хрысцiянскай”516. Не зусiм зразумела, зрэшты, цi Аболецкая архiдыяканiя адразу ж па сваім стварэнні ў 1619 г. пачала называцца Беларускай, як гэта часта сцвярджаецца517, цi гэта адбылося пазней. Прыкладна ў канцы 1620–х г., пасля аднаўлення (1620—1621) у ВКЛ праваслаўнай iерархii, з’яўляецца паняцце “епiскап беларускi” (з рэзiдэнцыяй у Магiлёве) i ў праваслаўных. Прынамсi, у 1631 г. даравальная грамата Ганны i Яна Стэткевічаў Аршанскаму Куцеiнскаму (Успенскаму) жаночаму манастыру, абвяшчаючы яго стаўрапігію (аўтаномію ад епiскапаў), папярэджвае: “Инный теж митрополит никоторый, ани епископ Белорусский, мимо Киевскую митрополию, до монастыря нашого... дела жадного и претексту мети нияким способом не могут”518. Аднак у нас няма даных, якiя б пацвярджалi меркаванне Салаўёва519, што гэтае найменне епiскапства насiла ад самога свайго заснавання ў 1621 г. Кiеўскi мiтрапалiт Пётр Магiла ў грамаце на заснаванне Магiлёўскага Багаяўленскага брацтва (1635) згадваў “кpаи великого князства Литовского и Белорусские до епископии Мстиславское, Оpшанское и Могилевское належачие”520, але само епiскапства, відавочна, не называў “Беларускім”. І ў каталiкоў, i ў праваслаўных яшчэ доўгi час назва была хутчэй неафiцыйнай. Часам спасылаюцца, напрыклад, на прывiлей Яна II Казiмiра 1650 г. Іосiфу Канановiчу на “епiскапства Беларускае”521, але звесткi пра гэты прывілей паходзяць з ананiмных нататак па гiсторыi праваслаўнай царквы, складзеных у магiлёўскiм Спаскiм манастыры не раней 1755 г.522. Паводле І. Грыгаровiча, афiцыйна магiлёўска–вiцебская праваслаўная епархiя пачала называцца “Беларускай” з 1675—76 г., пры Яне III Сабескiм523, што выглядае даволі верагодным.Пашырэнне тэрмiна Белая Русь у афiцыйных колах Маскоўскай дзяржавы i ў праваслаўнага насельнiцтва Рэчы Паспалiтай пачалося практычна адначасова. Апроч апошняга, пэўную ролю ў перадачы гэтага геграфiчнага паняцця ад “палякаў” (мясцовых каталiкоў i пратэстантаў) да рускiх адыгралі прыбалтыйскiя немцы. У iх наш тэрмiн у сучасным значэннi ўпершыню, магчыма, сустракаецца каля 1620 г. Рыжскi ратман Бенедыкт Хiнцэ згадвае Вiцебск, Полацк, Вiльню, Бiржы, Коўна, а потым, абагульняючы гэтыя назвы, кажа пра “Лiтву, Беларусь (
Weissreussland) i Лiфляндыю”524. Немец — агент цара Мiхаiла Раманава, якi фiгураваў у дакументах пад iмем “Юры Радыёнаў” i ў сакавiку — красавiку 1621 г. збiраў iнфармацыю ў Рызе, даносiў, што там ходзяць чуткi аб зборы царскiх войскаў у Пскове i iх хуткай выправе “на Лифлян, на Белую Русь и Литву”525. Яго пазнейшыя рэляцыi з Гданьска i Ляйпцыга засведчылi перакананне тамтэйшых бюргераў, што цар “мало не всю Лифлянскую землю и часть Белой Руси одолел и взял”526. У гэтым, цi не першым выпадку, калi назва Белая Русь трапляецца ў афiцыйным дакуменце маскоўскай канцылярыi, яна, вельмi паказальна, перакладзеная з нямецкай, ужытая немцам (а зусiм не “рускiм чыноўнiкам”, як прынята лiчыць)527 i датычыць звестак, сабраных у нямецкамоўным асяроддзi. Цяжка сказаць, наколькi ясна iнфарматары так званага Радыёнава ўяўлялi сабе рознiцу памiж Wissen Russen цi Weissreussland, вядомымі немцам ужо некалькi стагоддзяў, i Белай Руссю ў тых значэннях, якiя яна набыла ў лiтаратуры апошнiх дзесяцiгоддзяў.Урад Расii, як i праваслаўныя Польшчы i Лiтвы, тэрмiн Белая Русь інтэрпрэтаваў iнакш, чым афiцыйныя колы Рэчы Паспалiтай цi заходнiя еўрапейцы, надаючы яму перш за ўсё этнаканфесійны сэнс. Так пачалі называць праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай, рэлігійныя і палітычныя сімпатыі значнай часткі якога былі на баку Масквы, і тыя тэрыторыі, на якіх гэтыя сімпатыі адчуваліся найбольш моцна. З канца XV ст. Масква настойвала на сваiм нібыта натуральным праве “бараніць” гэтае насельніцтва ад уціску каталіцкай царквы і ўрада Рэчы Паспалітай, але хутчэй увогуле ад “тлятворнага” ўплыву заходняй цывілізацыі ва ўсіх яго аспектах. Шырокае выкарыстанне маскоўскімі афіцыйнымі коламі гэтага тэрміна пачынаецца менавіта з дакументаў, якія асвятляюць кантакты з прамаскоўскімі актывістамі ў Рэчы Паспалiтай. Так, у вопiсу архiва Пасольскага прыказа 1626 г. выдзелены раздзел “Грамоты литовских монастырей Белые Руси”
528. Да такiх аднесеныя: лiст ад епiскапа Перамышльскага i Самбарскага Мiхаiла Капысценскага 1603 г.; грамата да патрыярха Фiларэта ад уладыкi Сцяпаньскага манастыра; чалабiтныя “ис Киева Острецкого монастыру игумена” Пятронiя Жукавецкага, якi жыў у Троiца–Сергiевай Лаўры ў 1624—1626 г., “писаны... белоруским письмом”, да князя Івана Чаркаскага i дзяка Івана Грамацiна. Жукавецкi прывёз з сабой “3 тетрати, а в них писан перевод с польского писма по–руски, спор о вере белорусцом с латынники”529. Характэрна, што ўсе згаданыя манастыры знаходзiлiся на Украiне. Сярод iншых дакументаў, апiсаных у 1626 г., заслугоўваюць увагi: грамата ад шведскага караля Густава II Адольфа аб пропуску яго пасла Аляксандра “Рубцова” да казакаў, “на Белую Русь и в Запорожье”530; напiсаныя “по–белоруски” лiсты памежных старостаў ВКЛ Юрыя Сакалiнскага i Аляксандра Гасеўскага 1602 г. да ваяводаў Таропца i Вялiкiх Лук531; ананiмнае “писмо белоруское, пiсано в Воршаве во 125 г.” (г.зн. у 1617 г.)532. Такая шырокая геаграфiя сведчыць: Белая Русь, як яна бачылася з Масквы, была паняццем не столькi геаграфiчным, колькi культурна–канфесiйным. Цікава, што ў папярэднiм (1614) вопiсу архiва Пасольскага прыказа, дзе часта пералічваюцца тыя самыя дакументы, харонiм Белая Русь яшчэ не сустракаецца533. Вiдавочна, ён паспеў атрымаць шырокае распаўсюджанне менавiта ў 1620–х г. у сувязi з чарговай хваляй праваслаўна–унiяцкай палемiкi ў Рэчы Паспалiтай, за якой пiльна сачылi ў Крамлi.Напярэдаднi вайны 1654—1667 г. тэрмiны Белая Русь, “белорусцы”, “белоруское письмо” сустракаюцца ў маскоўскiх дакументах вельмi часта. Але змест iх не такi аднастайны, як можна было б чакаць. Так, тэрмiн “белорусцы” ўжываецца звычайна ў блiзкiм да сучаснага сэнсе, бо ўкраiнцаў часцей называлi “чаркасамi”. Напрыклад, паводле лiста бранскага ваяводы Н. Мяшчэрскага 1649 г., “…во Брянеск... литовские люди белорусцы и черкасы... привозят их шлехетцкие животы, всякая платья и служивую всякую рухлядь”
534. Аднак тэрытарыяльна Белая Русь у рускiх дакументах таго часу адпавядала амаль выключна Украiне, а не сённяшняй Беларусi. Царскi пасол да запарожскiх казакаў Грыгорый Ункоўскi ў 1649 г., перадаючы маскоўскаму ўраду змест сваiх перамоў з Багданам Хмяльнiцкiм, некалькi разоў згадаў “Запороское войско и Белую Русь”535. У тым жа годзе ў перакладзе (з грэчаскай на рускую) лiста македонскага мiтрапалiта Галакцiёна цару Хмяльнiцкi названы “пресветлым великим гетманом Белой Руси, господином Зиновьем”536. Не абавязкова гэтыя характарыстыкi, асаблiва калi параўнаем iх з тым жа вопiсам архiва 1626 г., паходзiлi з Македонii ды Украiны. Іх аўтарамi, хутчэй, былi дзякi Пасольскага прыказа. Сам факт такога вызначэння Украiны не ёсць нечаканым, бо традыцыя аднясення часткі яе тэрыторыі да Белай Русi ў еўрапейскай лiтаратуры налiчвала да гэтага часу добрыя паўтараста год. Але чаму ж у Маскве забывалiся на лiтоўскую Белую Русь? Хіба проста таму, што тут не было такога арганiзаванага казацкага руху, схiльнага да дзяржаўнага адасаблення ад Рэчы Паспалітай, як на Украiне.Тэрмiнам жа “белоруское письмо” абазначалi ўсю сукупнасць графiчных i лексiчных асаблiвасцяў, якiя адрознiвалi т.зв. “заходнерускую” пiсьмовую мову ад уласна рускай
537. У 1646 г. рускiя паслы ў Варшаву настойвалi, каб карэспандэнцыя памiж дзвюма дзяржавамi вялася, як i ў даўнiну, “белоруским письмом”538. Адзiн з першых апалагетаў панславiзма харват Юрай Крыжанiч, сасланы ў Табольск, пiсаў у 1661 г., што “сам Рускиь jезик на троjе jест разделеьен”539. Ён адрозніваў уласна рускую (размоўную), царкоўна–славянскую рускага iзвода i “беларускую” мову — г.зн. беларуска–ўкраiнскую літаратурную, якую крытыкаваў за недастатковую “чысцiню”540, лічыў штучнай і ўвогуле “шкоднай” для ўсталявання “славянскай еднасці”.Трактоўка тэрміна Белая Русь афiцыйнымі маскоўскiмі коламі змянiлася лiтаральна за некалькi гадоў вайны. Калi ў жнiўнi 1655 г. войскi Аляксея Мiхайлавiча “Великого Княжства Литовского стольный город Вильну, и иные многие городы и места поимали и заступили, также и Белую Русь”, цар адразу ж (03.09.1655) выдаў указ аб унясеннi Белай Русi ў свой тытул: “Мы великий государь наше Царское Величество учинились, предков наших Великих Государей Князей Российских на Великом Княжстве Литовском и над Белою Россиею и на Волыни и Подолии Великим Государем”
541. Ад гэтага часу назва Белая Русь ужо не ўжываецца Крамлём у дачыненні да Украіны, але замацоўваецца за ўсходняй часткай ВКЛ. І хаця вынiкi вайны не былi для Масквы такiмi памыснымi, як гэта дэклараваў цар, яна канчаткова перахапiла iнiцыятыву ў выкарыстаннi назвы, ужываючы яе надалей для абгрунтавання сваiх “гiстарычных праў” на Беларусь. Гэта ж тычыцца i значна пазнейшых часоў. У канцы XIX — пачатку XX ст., здаецца, не столькi рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне, колькi апалагеты заходнерусiзма прычынiлiся да пашырэння назвы Белая Русь на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусi.Ужо ў XVII ст. назва выкарыстоўвалася царскай прапагандай для дэзарыентацыі афіцыйных колаў замежных краін, якім настойліва даводзілася пра “адвечную” належнасць сучаснай Беларусi Маскоўскай дзяржаве. І гэта прыносіла патрэбныя Крамлю вынікі. Пасол iмператара Леапольда I Аўгусцін Маерберг у “Падарожжы ў Масковію” (1663) адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць вобласці “паміж Пpыпяццю, Дняпpом і Дзвіною, з гаpадамі Hавагpадкам, Менскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам. Усё гэта калісьці належала рускім, але праз ваенныя выпадковасці яны саступілі шчасцю і храбрасці палякаў і літоўцаў”
542. Нават у далёкiм Кiтаi даведаліся аб iснаваннi Белай Русi як нiбыта адной з расiйскiх правiнцый. “Шангянь оросъ гурунь” назвалi яе ў 1676 г., падаючы тытулатуру цара Аляксея Мiхайлавiча, у рэляцыi пра рускае пасольства ў Пекiн на чале з Мiкалаем Мiлеску Спафарыем, складзенай кiтайскiмi чыноўнiкамi на манчжурскай мове — афiцыйнай у iмперыi Цын543.Хаця атаясамліванне Белай Русi з паўночным усходам сучаснай Беларусі па пісьмовых крыніцах прасочваецца з XVI ст., да 1650–х г. гэта не знаходзіла свайго адлюстравання на картах. Картографы быццам бы не рашаліся парваць з састарэлымі традыцыямі, пакуль для гэтага не было аўтарытэтнага тэарэтычнага абгрунтавання. Такім абгрунтаваннем стала
Polonia Ш. Старавольскага ў чарговых выданнях (Гданьск, 1652 і Вольфэнбютэль, 1656), пасля выхаду якіх адна за адной пачалі выдавацца карты з новай лакалізацыяй Белай Русi. Адным з піянераў гэтай традыцыі стаў французскі картограф Гiём ле Васер дэ Баплан, які да 1652 г. працаваў у Рэчы Паспалітай. Аднак Л. Казлоў памыляецца, мяркуючы, што менавіта Баплан упершыню вынес Russia Alba ў загаловак карты544. Такі загаловак мела складзеная ў бапланаўскай традыцыі карта ВКЛ Magnus Ducat Lituaniae & Russia Alba Якаба Зандрарта (Нюрнберг, 1687). Белая Русь тут паказаная прыкладна ў межах Полацкага ваяводства545.Пералік усіх карт XVII—XVIII ст., дзе змешчана назва Белая Русь, заняў бы занадта шмат месца, таму абмяжуемся толькі некаторымі з іх. У Фрэдэрыка дэ Вiта, напрыклад, на карце
Reipublicae et Status Generalis Poloniae... (памiж 1689—1709) Russia Alba Lithuanica займае ўсю ўсходнюю i цэнтральную Беларусь. Як у Старавольскага, у яе не ўключаныя толькi заходнiя ваяводствы — Вiленскае, Троцкае, Наваградскае i Берасцейскае546. На Carta Topografica del Regno di Polonia (Венецыя, 1770) Russia Bianca, прыхапiўшы паўночны ўсход цяперашняй Лiтвы, змешчана строга на поўнач ад Lituania (ад лiнii Вiльня — Нарач — Лукомль — Сянно547). У 1708 г. Белая Руссия ў значэннi “паўночна–ўсходняя Беларусь” упершыню была прадстаўленая на рускамоўнай карце — копii карты галандца Хуга Аларда, якую на загад Пятра I выканаў гравёр Пiтэр Пiкар, галандзец на рускай службе.Паступова ўсталёўваецца амаль адназначная адпаведнасць памiж назвай Белая Русь i тэрыторыяй усходняй Беларусi, хаця ўжо ў XVII ст. назву нярэдка адносiлi амаль да ўсiх беларускiх этнаграфiчных тэрыторый. Ды далейшы лёс Белай Русi (назвы) добра вядомы, i разгляд яго выходзiць за рамкi гэтага даследавання. Апошняя змена зместу назвы адбылася зусiм нядаўна, калi ў 1991 г. на палiтычнай карце свету з’явiлася незалежная Рэспубліка Беларусь.