Пра паходжанне назвы Белая Русь высунута столькi ўзаемавыключальных версiй, а ў прысвечаных гэтаму пытанню працах нагрувашчана столькi памылак i аблудаў, што можна з поўным правам казаць пра крызiс вывучэння праблемы. Гэты крызiс немагчыма вырашыць без прыцягнення новых дадзеных i без новых падыходаў. Спроба падсумаваць сучасны стан даследаванняў была зроблена Г. Сагановiчам, якi выдаў своеасаблiвую анталогiю прац названай тэматыкi, на жаль, толькi руска– цi беларускамоўных
1. Заслуга Сагановiча бясспрэчная, але i ён не рызыкнуў прапанаваць “скразное” тлумачэнне этымалогii назвы, якое б абагульнiла ўсю “альбарусiку” гiстарычных крынiц XIII—XVII ст. Без гэтага карцiна ўзнiкнення i эвалюцыi назвы i гiсторыя яе адбiтку ў свядомасцi розных народаў i пакаленняў распадаецца на асобныя, не звязаныя мiж сабой фрагменты.Няўдача папярэднiх спроб разгадаць загадку Белай Русi была перадвызначаная, як нам уяўляецца, у асноўным дзвюма прычынамi: па–першае, нiхто не падвяргаў тыя крынiцы, якiя данеслi да нас звесткi пра гэтую назву, сур’ёзнаму i крытычнаму тэксталагiчнаму аналiзу; па–другое, да праблемы, “манапалiзаванай” этнографамi, гiсторыкамi i фiлолагамi, фактычна нiхто не падыходзiў з
пазiцый геаграфiчнай навукi, i асаблiва гiсторыi геаграфii2. Даследчыкi нiбыта забывалiся, што Белая Русь — гэта геаграфiчнае паняцце, расшыфроўваць якое трэба, абапіраючыся, у першую чаргу, на геаграфiчныя карты — тып гiстарычных крынiц, якi заснаваны на iдэi вымярэння i дае магчымасць наблiзiць метадалогiю даследавання да дакладных навук. Нягледзячы на тое, што пачатак 90–х гадоў XIX стагоддзя — час, калi пошукi тлумачэння назвы асаблiва актывiзавалiся (напрыклад, толькі ў 1891 г. з’явіліся артыкулы В. Ламанскага, А. Патабні, артыкул у энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Эфрона)3, — супаў са значнымi поспехамi ў вывучэннi старажытных карт, дадзеныя гiсторыi картаграфii амаль не былi прыцягнутыя да вывучэння праблемы паходжання Белай Русi. Даследчыкаў гiсторыi адлюстравання тэрыторыi Усходняй Еўропы (г.зн. у першую чаргу Расii) на геаграфiчнай карце (такiх, як Ф. Адэлунг, Г. Мiхаў, В. Кордт, Л. Багроў ды iнш.) гэтая праблема не цiкавiла.Напрыклад, расiйскi акадэмiк Д. Анучын, якi вылучаўся добрай эрудыцыяй у сярэднявечнай i ранняй навачаснай картаграфii
4 i якому былi добра вядомыя практычна ўсе старажытныя карты XV—XVI ст., багатыя на “альбарусiку”5, цi наш зямляк Ягор Замыслоўскi6 валодалі дастатковай iнфармацыяй, каб паказаць пачатковую штучнасць назвы Белая Русь у дачыненні да земляў былога ВКЛ ужо 100 гадоў таму. Але, вiдаць, гэтае пытанне для большасці расійскіх даследчыкаў гiсторыi назвы было другарадным, гэткай дробнай рэгiянальнай праблемай. Пра яе пiсалi, але толькi мiмаходзь, не прыкладаючы вялiкiх iнтэлектуальных высiлкаў. Магчыма, свядома ці падсвядома асцерагаючыся паставіць пад сумненне, што край заўжды быў i мусiць надалей заставацца неад’емнай часткай “трыадзінай Русі”?Асноўныя версii этымалогii назвы, якiя назапасiлiся да нашага часу, можна падсумаваць наступным чынам
7:1) У аснове назвы — белы колер адзення цi антрапалагiчны тып насельнiцтва (Ш. Старавольскi, В. Тацiшчаў, А. Кiркор, Я. Карскi, М. Янчук ды iнш.)
8.2)
Белай, г.зн. вольнай Руссю спачатку называлiся землi ўсходняй Беларусi, не залежныя ў XIII ст. нi ад Лiтвы, нi ад татараў (М. Драгаманаў, М. Любаўскi, А. Патабня, М. Доўнаp–Запольскi).(Першая і, асаблiва, другая версiі з 1960–х г. у Савецкай Беларусi лiчылiся як бы афiцыйнымi9).
3) Блiзкая да п. 2, але з акцэнтам на цюркскую этымалогiю эпiтэта “белы”, як у спалучэннi “белы рускi цар”, г.зн. “вялiкi, магутны, незалежны”. Прычым назва Белая Русь звязваецца не з усходнеславянскiмi землямi ВКЛ, а з Маскоўскай дзяржавай (С. Герберштайн, В. Тацiшчаў, М. Карамзiн, А. Салаўёў, І. Грэкаў).
4) В. Астроўскi і Л. Падалка звязвалі этымалогiю Белай Русi з пэўнымi плямёнамi цi плямённымi саюзамi аланаў — рокс–аланаў, цi аланорсаў, быццам бы “белых” — у сэнсе “вольных, незалежных” — аланаў, якiя раней жылi над Дняпром i змяшалiся са славянамi. Зрэшты, яшчэ ў XIV ст. Генрых фон Мюгельн звязваў паходжанне назвы з “белымі куманамі” венгерскіх хронік, у XV ст. Пампоній Лэт — з “белымі скіфамі”, а Дж. Флетчар у XVI ст. — з “белымі сарматамі”.
5) Усходняя частка сённяшняй Беларусi нiбыта названая Белай Руссю пасля i ў процiвагу Чорнай, ахрышчанай пазней, дзе паганскiя звычаi захоўвалiся даўжэй (Я. Юхо, К. Тарасаў, A. Цiтоў), што не пярэчыць i п. 2
10.6) Яшчэ адзiн варыянт трактоўкi эпiтэта “белы” як сiнонiма праваслаўя, блiзкi да п. 3, звязвае яго ўзнiкненне (згодна з тацiшчаўскiмі звесткамі) са “стратай чысцiнi праваслаўя” Кiевам пасля яго захопу Андрэем Багалюбскiм у 1169 г. i перамяшчэннем палiтычнага цэнтра Русi ва Уладзiмiра–Суздальскую зямлю
11.7) Наадварот, паганскiм бачыцца паходжанне назвы тым (В. Ластоўскi i iнш.), хто выводзiць Белую Русь ад меркаванага Белабога, якому нiбыта пакланялiся балцкiя i славянскiя плямёны, што ў старажытнасцi жылi на тэрыторыi Беларусi
12.8) Паводле А. Трубачова, Р. Агеевай, І. Грэкава i iнш., “белы” ў цюркаў можа значыць “заходнi”, прыкладам чаго лiчацца белыя харваты, якiя, магчыма, атрымалi такую назву дзеля таго, што засялялi крайнi захад усходнеславянскага рэгiёну. Адпаведна i Белая Русь — гэта, маўляў, Заходняя Русь — з пункту гледжання цюркаў
13. В. Маньчак сцвярджае, што назвамі Белая, Чорная i Чырвоная Русь татары акрэслівалі адпаведна заходнюю частку Русі ў складзе ВКЛ, паўночную, падуладную Ардзе, і паўднёвую — у складзе Польшчы, і што затым такі падзел быў нібыта запазычаны заходнімі аўтарамі14.9)
Яшчэ шырэй трактуе геаграфiчную семантыку белага колеру Вяч. Іваноў. Паводле яго высноваў, узаемная арыентацыя Белай, Чорнай i Чырвонай Русi адлюстроўвае ўнiверсальную, уласцiвую большасцi моў i культур сiмвалiчную сiстэму абазначэння трыма асноўнымi колерамi краiн свету15.10) Г. Ільiнскi
16 выводзiў назву ад гiпатэтычных “гарадоў бельскiх” у сярэднiм цячэннi Заходняга Буга (як Бельск, Беласток i г.д.).11) П. Крапiвiну “назва “Белая Русь” уяўляецца паўперакладам на славянскую мову якойсьцi вельмi старажытнай назвы, якая азначае “белая вада”
17.12) А. Рогалеў даводзiць, быццам назву Белая Русь даў Полацкаму княству яго заснавальнiк Рагвалод у канцы X ст., маючы на ўвазе “Русь магутную i вялiкую, Русь мiрную, чыстую i праведную”
18. Хаця ў iншым творы той жа аўтар намякае, што Белай Руссю называлася нібыта яшчэ дзяржава Рурыка: у яе, апроч Ноўгарада i Белага возера, уваходзiлi Полацк, Смаленск, Растоў, Мурам (іх Рурык раздаў сваiм васалам), з якiмi пазней, на думку Рогалева, была ў першую чаргу звязаная наша назва19.Пералiк наўрад цi можна лiчыць вычарпальным. Версii паходжання назвы працягваюць множыцца. Але апроч таго, што няма згоды наконт паходжання, дакладна не вызначаныя i межы тэрыторый, да якiх яна ў розныя гiстарычныя эпохi дастасоўвалася. “Размытасць” абрысаў Белай Русi, яе вандроўкi па карце Усходняй Еўропы, пазбаўленыя, на першы погляд, усялякай логiкi, ускладняюць аднаўленне этымалогii тэрмiна. Паўстае пытанне: Белая Русь у Вялiкiм Ноўгарадзе (прынамсi, з XIII ст.), у Вялiкiм княстве Маскоўскiм (з 1470–х), над Донам (з 1490–х), у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм (з другой паловы XVI ст.) — на гэтым спiс не вычарпаны — гэта ўсё розныя аб’екты, вядомыя з абсалютна розных крынiц, якiя толькi выпадкова супадаюць па форме, як падаецца, напрыклад, Я. Станкевiчу
20, цi адно?Пры адказе магчымыя дзве крайнасцi (умоўна назавем іх “рэалістычнай” і “наміналістычнай”). Тыповы прадстаўнік першай, А. Рогалеў, спрабуючы растлумачыць феномен нестабiльнасцi зместу назвы, пiсаў: “Путешествие” географического названия происходило только... в сочинениях современников и на географических картах, издававшихся в разных странах. Это “литературное путешествие” и обусловило... видимость (и не более того!) реального изменения географической проекции Белой Руси. А между тем, такого изменения не было: Белая Русь оставалась там, где и была испокон веков”
21.Эмацыйнасць прыведзенага выказвання не можа кампенсаваць недахопу аргументацыi. На самай справе, як мы ўбачым, перамяшчэнне Белай Русi па карце i ў краiназнаўчай лiтаратуры тлумачылася не столькi бракам iнфармацыi аб знаходжаннi рэальнага геаграфiчнага аб’екта, колькi пэўнай штучнасцю самой назвы. Падобна многiм лацiнскiм мiфiка–геаграфiчным iмёнам, яна не мела цвёрдай лакалiзацыi, а займала тое месца, якое дыктавала “геаграфiчная кан’юнктура” — тая сістэма ўяўленняў, якая панавала ў геаграфічнай навуцы ў той ці іншы час. Белая Русь, прынамсi, да канца XVI — пачатку XVII ст. была вобласцю не столькi рэальнай прасторы, колькi, так бы мовіць, “прасторы ўяўленняў”. Якой і быў сярэднявечны
Orbis Latinus.Другая крайнасць, “наміналістычная”, паводле якой назва Белая Русь была з самага пачатку ўвогуле пазбаўленай рэальнага зместу, значна бліжэй да ісціны, але таксама не зусім адэкватна тлумачыць гісторыю назвы. Толькі да пэўнай ступені можна пагадзiцца з пунктам гледжання В. Насевiча, што “каляровыя” назвы розных частак Русi яшчэ ў XIV—XV ст. “мелi чыста ўмоўны сэнс”
22. Мы ўсё ж маем намер паказаць, што падарожжа Белай Русі па карце мела канкрэтны, рэальны адпраўны пункт.З усёй магчымай дакладнасцю мы паспрабавалі прасачыць гiсторыю ўсiх метамарфозаў назвы, рэканструяваць генеалогію крынiц, дзе ўтрымлiвалiся звесткi аб ёй, растлумачыць, калi i чаму яна змяняла свой змест. Неабходна было высветліць, якое месца яна займала ў сістэме геаграфічных ведаў розных навуковых школ, людзей розных эпох i нацыянальнасцяў. Дзеля гэтага асаблівая ўвага будзе аддадзеная не толькі гістарычным падзеям, што адбываліся на Белай Русі ці побач, але і канкрэтным асобам (і іх дачыненням), якiя ўжывалi гэтую назву цi згадвалiся ў сувязi з ёй. Як будзе бачна ніжэй, многія звесткі пра Белую Русь натуральным чынам зводзяцца ў групы, кожная з якіх звязаная з тым ці іншым навуковым ці культурным асяродкам — такім, напрыклад, як нямецкія паэты сярэдзіны XIV ст., рымская Акадэмія Пампонія Лэта сярэдзіны XV ст. ці Кракаўскі ўніверсітэт першай чвэрці XVI ст.
Пры такой рэканструкцыi трэба добра ўяўляць сабе стан геаграфiчнай навукi Сярэднявечча, калi нават у параўнаннi з антычнасцю назiраўся яўны рэгрэс, а асноўнай крынiцай ведаў служыла не даследаванне, а традыцыя. Дазволiм сабе правесцi аналогiю з векавымi пошукамi “астравоў Бразiль”, звесткi аб якiх сярэднявечныя географы i картографы пачарпнулi з iрландскай мiфалогii. Блiзкiя па значэннi кельцкiя словы
breas i ail азначалi нешта накшталт “выдатны”, “дасканалы”, i легенды пра шчаслiвыя астравы, схаваныя недзе ў Атлантыцы, жылi ў Ірландыi не адно стагоддзе да таго, як у 1339 г. iх назва ўпершыню з’явiлася на карце свету каталонца Анжэлiна Дульсэрта. Пасля гэтага некаторы час iх спрабавалi суаднесцi з Канарскiмi астравамi, але потым пачалi шукаць (i змяшчаць на карце) яшчэ далей на захад у Атлантыцы. У XV ст. у Еўропе пашырылiся чуткi аб iснаваннi раслiннага фарбавальнiка “бразiль”, i хаця гэтая назва так i не замацавалася нi за адной з вядомых раслiн, iмя неiснуючых астравоў пачало трывала асацыявацца з назвай прыдуманай раслiны. Астравы працягвалi ўпарта шукаць, i неўзабаве пасля адкрыцця ў 1500 г. усходняй ускраiны Паўднёвай Амерыкi, багатай на розныя фарбавальныя раслiны, яна атрымала назву Бразiлiя. Аднак i тады “астравы Бразiль” не знiклi з карты Атлантычнага акiяна. Як дасцiпна заўважыў Р. Рамсэй, яны “памiралi цяжка”: адступалi ў менш вывучаныя раёны акiяна, змяншалiся ў памерах. Толькi ў 1873 г., калi стала вiдавочна, што знайсцi iх не ўдасца, Брытанскае Адмiралцейства аддало загад прыбраць гэтую псеўдагеаграфiчную назву з усiх сваiх карт23.Яшчэ адзiн прыклад такога кшталту — “далёкая Туле” (
Ultima Thule), паводле антычных географаў, самы паўночны з населеных астравоў, якi нiбыта знаходзiўся ля Палярнага круга, за 6 дзён падарожжа ад Брытанii. Цяжка сказаць, што мелася на ўвазе — Ісландыя, паўночна–заходняя Нарвегiя ў раёне Транхеймскага фiёрда, Шпiцберген (да ўсiх гэтых аб’ектаў у розны час спрабавалi дапасаваць назву Туле) цi нешта iншае. Адным з рэлiктаў “далёкай Туле” з’яўляецца в. Фула з групы Шэтландскiх астравоў. Але ўжо ў навейшы час назву Туле, дзеля павагi да старажытных географаў, далi аддаленым раёнам Грэнландыi i Канады на ўзбярэжжы мора Бафiна.Не мае сэнсу шукаць у назвах Туле
i Бразiль мясцовыя фальклорныя каранi. Менавiта моц сярэднявечнай еўрапейскай пiсьмовай традыцыi, логіка яе развіцця, яе iнерцыя адыгралi вядучую ролю i ў гiсторыi Белай Русi як геаграфiчнага паняцця. Ягоная гісторыя вельмi нагадвае гiсторыю iншых “адкрыццяў, якiх нiколi не было” (паводле трапнага выразу Рамсэя). З той рознiцай, што наша назва, нягледзячы на пачатковую штучнасць, усё ж не знiкла з карты, а наадварот, з канца XVI ст. замацавалася за пэўнай геаграфiчнай вобласцю i надалей увесь час пашыралася на ўсё большую тэрыторыю. Усё ж такi славянскую краiну памiж Расiяй i Польшчай, не асімiляваную цалкам нi адной, нi другой, трэба было неяк называць, а назвы Крывiя цi Вялiкалiтва, пры ўсiх iх вартасцях, былi прапанаваныя занадта позна i не мелi такой перадгiсторыi, каб канкураваць з Белай Руссю. Так яна i засталася на карце. Пакуль што? Назаўжды?